АНКАЛО́ГІЯ

(ад грэч. onkos пухліна + ..логія),

галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.А.Навінскі, М.М.Руднеў, ням. Р.Вірхаў, П.Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.М.Пятроў, П.А.Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.Ямагіва і К.Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.А.Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.

На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.М.Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.С.Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.А.Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.З.Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.Р.Жакаў, Г.У.Мураўская), хіміятэрапіі (Э.А.Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.П.Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.А.Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.А.Машэўскі), анкагінекалогіі (К.Я.Вішнеўская), анкауралогіі (А.С.Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.М.Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.В.Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.М.Мураўёў, Л.Б.Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.В.Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).

Літ.:

Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;

Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;

Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.

Ц.А.Панцюшэнка.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ ІАНІЗАВА́ЛЬНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

біяхімічныя, фізіял., генет. і інш. змяненні, што ўзнікаюць у жывых клетках і арганізмах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. Дзеянне на арганізм залежыць ад віду і дозы выпрамянення, умоў апрамянення і размеркавання паглынутай дозы ў арганізме, фактару часу апрамянення, выбіральнага пашкоджання крытычных органаў, а таксама ад функцыян. стану арганізма перад апрамяненнем. Асн. вынікам узаемадзеяння іанізавальных выпрамяненняў са структурнымі элементамі клетак жывых арганізмаў з’яўляецца іанізацыя, якая прыводзіць да індуцыравання розных хім. і біял. рэакцый ва ўсіх тканкавых сістэмах арганізма. Радыебіял. працэсы, што ідуць на ўзроўні клеткі, ідэнтычныя для чалавека, жывёл і раслін. Адрозненне паміж імі выяўляецца на ўзроўні арганізма. Вылучаюць 2 асн. класы радыебіял. эфектаў: саматычныя (да іх належаць рэакцыі элементаў біясістэмы, што ідуць на працягу ўсяго антагенезу) і генет. (змены, якія рэалізуюцца ў наступных пакаленнях). Да саматычных належаць: радыяцыйная стымуляцыя, радыяцыйныя парушэнні, прамянёвая хвароба, паскарэнне тэмпаў старэння, скарачэнне працягласці жыцця, гібель арганізма. Генетычныя (ці мутагенныя) эфекты іанізавальных выпрамяненняў найбольш небяспечныя. Уздзейнічаючы на ДНК саматычных і генератыўных клетак, іанізавальныя выпрамяненні могуць выклікаць мутацыі, злаякасныя перараджэнні клетак. Ступень біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў залежыць і ад радыеадчувальнасці: маладыя арганізмы больш адчувальныя да выпрамяненняў, паўлятальная доза (D50) для большасці млекакормячых не перавышае 4—5, для некаторых раслін дасягае 30—40 і больш за сотню грэй. У арганізмах вылучаюцца крытычныя органы, якія першыя рэагуюць на іанізавальныя выпрамяненні: у чалавека і жывёл гэта касцявы мозг, эпітэлій страўнікава-кішачнага тракту, эндатэлій сасудаў, хрусталік вока, палавыя залозы; у вышэйшых раслін — утваральныя тканкі (мерыстэмы). Асобнае месца пры ўздзеянні на біясістэмы належыць малым дозам іанізавальных выпрамяненняў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ператварыліся ў паўсядзённы фактар асяроддзя на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі, Украіны, Расіі. Рэгулёўнае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне (рэнтгенадыягностыка, радыетэрапія, выкарыстанне ізатопных індыкатараў і інш.), сельскай гаспадарцы (радыяцыйны мутагенез і інш.).

Літ.:

Кудряшов Ю.Б., Беренфильд Б.С. Основы радиационной биофизики. М., 1982;

Кузин А.М. Структурнометаболическая теория в радиобиологии. М., 1986;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Гродзинский Д.М. Радиобиология растений. Киев, 1989;

Гудков И.Н. Основы общей и сельскохозяйственной радиобиологии. Киев, 1991.

А.П.Амвросьеў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́НА

(La Habana),

горад, сталіца Кубы. Размешчана на ПнЗ вострава на беразе Мексіканскага заліва. Адм. ц. правінцыі Гавана. Мае статус самаст. правінцыі — Горад Гавана (Ciudad de la Gabana). 2176 тыс. ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Гал. порт Кубы (больш як 3/5 імпарту і каля ¼ экспарту краіны), рыбалоўны порт. Міжнар. аэрапорт Хасэ Марці. Гал. эканам. (каля 1/2 усёй прамысл. прадукцыі краіны), навук. і культ. цэнтр. Металургічны камбінат, нафтаперапр. з-д, прадпрыемствы маш.-буд., суднарамонтнай, цэм., хім., фармацэўтычнай, тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, мэблевай, шкларобнай, папяровай, харч. (перапрацоўка мяса, малака, мукамольная), тытунёвай, піваварнай, спіртагарэлачнай прам-сці.

Засн. ісп. заваёўнікам Д.Веласкесам каля 1515 на паўд. беразе в-ва Куба, у 1519 перанесена на паўн.-зах. бераг. У 16—17 ст. неаднойчы спустошана англ., франц. і галандскімі піратамі. З канца 16 ст. адм. ц. Кубы. У 1762—63 акупіравана Англіяй, да 1898 належала Іспаніі, у ісп.-амер. вайну 1898 акупіравана ЗША (да 1902). З 1902 сталіца Рэспублікі Куба. У 1959 пасля перамогі рэвалюцыі ў Гаване створаны нац.-рэв. ўрад Кубы.

Старая Гавана захавала маляўнічае аблічча калан. перыяду: крэпасці Эль Мора (1589—1630), Сан-Карлас дэ ла Каванья, Сан-Сальвадор дэ ла Пунта, Ла Рэаль Фуэрса, Пласа дэ Армас з муніцыпалітэтам і Домам пошты, Кафедральны сабор (усе 18 ст.), шматлікія цэрквы і будынкі ў стылі барока. У 19 ст. ўзніклі раёны багатых асабнякоў, у 20 ст. — арыстакратычныя раёны Мар’янао і Мірамар. Сярод арх. помнікаў: Нац. капітолій (1925—29, арх. Р.Атэра), Мін-ва ўнутр. спраў (1951—54, арх. А.Капабланка), Мед. цэнтр (1956—58, арх. А.Кінтана), гасцініцы «Гавана Лібрэ» і «Гавана Рыўера» (1958—59). Пасля рэвалюцыі 1959 пабудаваны Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтваў, Нац. цэнтр навуковых даследаванняў і інш. Сярод манументаў — помнікі Х.Марці (1943), Э.Хемінгуэю (1962) і інш. Старая Гавана ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Ун-т (з 1728). АН (з 1962). Б-кі (буйнейшая Нац. імя Хасэ Марці). Музеі, у т. л. Нац. музей (еўрап. і кубінскае мастацтва), Антрапал. музей Л.Мантане (культура народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі), Музей Рэвалюцыі, Дом-музей Э.Хемінгуэя і інш. Тэатры.

Літ.:

Филиповская Н.М. Гавана. Л., 1980.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАЛО́ГІЯ

(ад гіста... + ..логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.Галілей, 1610, англ. Р.Гук, 1665, галанд. А.Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.А.Кёлікер, 1852, і Ф.Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.М.Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.І.Бабухін, М.Д.Лаўдоўскі, А.С.Догель, П.І.Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.А.Заварзіна і М.Р.Хлопіна), нейрагісталогія (Б.І.Лаўрэнцьеў, М.А.Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.Н.Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.Я.Карытны), органы імуннай сістэмы (А.Ф.Суханаў) і скуры (А.Д.Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.М.Малярэвіч, І.А.Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.Г.Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.І.Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

мікозы, інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.В.Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАГО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 23.9.1937. Пл. 145,7 тыс. км². Нас. 1362,4 тыс. чал. (1995), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Волагда. Найб. гарады: Чарапавец, Сокал, Вял. Усцюг.

Прырода. Валагодская вобласць размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—200 м. У зах. ч. вобласці ярка выяўлены марэнны рэльеф. На ПнЗ знаходзяцца Вепсаўскае (выш. да 304 м) і Андомскае ўзвышшы, Мягорская града, на ПдЗ — Андогская града (выш. да 299 м), у цэнтр. ч. — Валагодскае, Галіцкае, Верхняважскае ўзвышшы і шэраг град, на ПдУ — частка ўзв. Паўночныя Увалы. Карысныя выкапні: торф, флюсавыя вапнякі, даламіты, вогнетрывалыя гліны, кухонная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -14 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. У Валагодскай вобласці больш за 2000 рэк, найб. — Сухона з прытокам Юг, Вага, Малога, Шэксна, Унжа. Азёр каля 4200, сярод іх Анежскае і Белае, Вожэ, Кубенскае, Рыбінскае і Шэкснінскае вадасховішчы. На Пн пашыраны падзолістыя, на Пд — дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць каля 2/3 тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды. На тэр. вобласці частка Дарвінскага запаведніка.

Гаспадарка. Лен. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтацягнікі-цыстэрны, рачныя сухагрузныя цеплаходы, буксіры-штурхачы, суднавыя краны; абсталяванне для лясной, дрэваапр. і харч. прам-сці; станкі для апрацоўкі драўніны, рухавікі, падшыпнікі, электраапаратура, дэталі для с.-г. машын, рамонт буд. і дарожных машын і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы, домікі садовыя, мэбля), цэлюлозна-папяровая, хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, аміяку, салетры, лакаў і фарбаў), лёгкая (апрацоўка льновалакна, трыкат. і швейныя вырабы), рыбная і харч. (масласыраробная, кансервавая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Развіты птушкагадоўля і свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень) і кармавыя культуры. Пасевы бульбы і агародніны. Шырока вядомы традыцыйныя маст. промыслы: пляценне карункаў (гл. Валагодскія карункі), чарненне па серабры, маст. ткацтва, разьба і пляценне з бяросты. Па тэр. вобласці праходзяць чыг. Масква—Архангельск і Санкт-Пецярбург—Перм, аўтадарога Санкт-Пецярбург—Чарапавец—Волагда—Яраслаўль. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Паўн.-Дзвінскай сістэме, па Сухоне, Волагдзе, Паўн. Дзвіне. Захаваліся ансамблі Гледзенска-Троіцкага (засн. ў 12 ст.), Міхаіла-Архангельскага (засн. ў 1212) і Спаса-Праабражэнскага (засн. ў 1422) манастыроў. Курорт — г. Тоцьма.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ

(да 1961 Сталінградская вобласць),

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс. км². Нас. 2673,2 тыс. чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г. Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.

Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд. ч. Прыволжскага ўзв. (выш. да 358 м), паўн. ч. Ергені, паўд.-ўсх. ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.

Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ

(Athēnai),

горад, сталіца, паліт., эканам. і культ. цэнтр Грэцыі. Адм. ц. нома Атыка. Размешчаны на п-ве Атыка, непадалёку ад Эгейскага м., на раўніне, якую арашаюць Кіфісос і яе прыток Ілісос. Раўніну перасякае ланцуг вапняковых узгоркаў, асн. вяршыні якіх — Акропаль (каля 125 м) і Лікавіт (каля 275 м) — пануюць над горадам; з трох бакоў раўніна абмежавана гарамі, з чацвёртага — заліў Саранікос. Разам з прыгарадамі і г. Пірэй (аванпорт Афін на Эгейскім м.) утварае агламерацыю Вял. Афіны. 748 тыс. ж., у агламерацыі (пл. 433 км²) больш за 3,5 млн. ж. (1991). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт Элінікон. У Вял. Афінах сканцэнтравана каля 2/3 прамысл. вытв-сці краіны. Асн. галіны: металургія, машынабудаванне (у тым ліку суднабудаванне, аўтамабільнае), нафтаперапр., хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць, турызм. Праз Аыіны праходзіць каля 70% імпарту і 40% экспарту Грэцыі. Метрапалітэн. Ун-т. Акадэмія навук. Нац. б-ка. Музеі.

Афіны — стараж. горад Грэцыі; горад-дзяржава (гл. Афіны Старажытныя). Паводле паданняў, першыя паселішчы на месцы сучасных Афін з’явіліся ў 16—13 ст. да нашай эры. З 146 (паводле інш. звестак 86) да нашай эры Афіны знаходзіліся пад уладай Рыма. З 4 ст. ўваходзілі ў склад Візант. імперыі. З 1204 сталіца Афінскага герцагства. У 1458 захоплены туркамі. З 1834 сталіца Грэцыі.

Спалучэнне выдатных помнікаў антычнасці (гал. ч. на Афінскім акропалі) з помнікамі візант. дойлідства і буйнымі раёнамі новабудоўляў надае Афінам непаўторную своеасаблівасць. Стыхійная планіроўка ант. Горада склалася да 7 ст. да нашай эры. Гіст. ядро Афін — скала Акропаля. Сярод інш. помнікаў стараж.-грэч. і рым. дойлідства: плошча Агары з храмам Гефеста, Дыпілон — гал. гарадскія вароты стараж. Афін, Дыпілонскі некропаль са скульпт. надмагіллямі 5—4 ст. да н.э, храм Зеўса Алімпійскага, тэатр Дыяніса, б-ка і арка Адрыяна, стадыён, т.зв. «Вежа вятроў», помнік Лісікрата. Да візант. эпохі належаць цэрквы 11—12 ст. Малая Мітраполія, св. Апосталаў на Агары, Капнікарэя і інш. Найб. значныя грамадскія будынкі 19 ст. ўзведзены ў стылі неакласіцызму: парламент, Нац. б-ка, ун-т, Акадэмія навук, Нац. музей і інш. Сучасныя Афіны будуюцца паводле рэгулярнага плана ва ўсіх напрамках ад цэнтр. вуліц. Сярод збудавання 20 ст.: тэатр «Алімпія», Хілтан-атэль і інш. Музеі: Нац. археалагічны, Акропаля, Агары, Візантыйскі, Нац. галерэя жывапісу, керамікі.

Літ.:

Сидорова Н.А. Афины. 2 изд. М., 1984.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я

(араб. Аль-Іскандарыя),

горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн. ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца 4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш. Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.

Засн. ў 332—331 да н.э. Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст. н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст. н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.

Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч. арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).

Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц. скульпт. А.Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац. б-ка.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́Д,

Беаград (Beorgad), сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн. ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сць с.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.

У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.

На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар. б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).

У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)