МІДА́С (Midas),

цар Фрыгіі (736—696 да н.э.]. Удзельнічаў у кааліцыі супраць цара Асірыі Саргана II, але ў 707 да н.э. прызнаў яго ўладу. З яго імем звязаны шматлікія стараж.-грэч. міфы. Паводле аднаго з іх, Дыяніс надаў М. здольнасць ператвараць у золата ўсё, да чаго ён дакранаўся, паводле другога — самаўпэўнены невук М. прысудзіў перамогу Пану ў яго муз. спаборніцтве з Апалонам. У пакаранне за гэта Апалон надзяліў М. аслінымі вушамі, якія той дарэмна хаваў пад шапкай. Ад гэтага міфа пайшлі выразы «мідасаў суд» — суд невука і «вушы Мідаса» — невуцтва, якое не схаваеш.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАКЛІ́Н (ад мікра... + грэч. klinō нахіляюся),

пародаўтваральны мінерал групы палявых шпатаў, алюмасілікат калію K [Al, Si3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, утварае таксама зярністыя агрэгаты. Крышталі і зерні складана здвоены. Колер белы, ружовы, буравата-жоўты, чырвоны, блакітна-зялёны (амазаніт). Бляск шкляны, перламутравы. Празрыстыя і паўпразрыстыя бясколерныя М. з блакітнай ірызацыяй (эфект месяцавага каменю). Вядомы авантурынавыя М. (сонечны камень). Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,55—2,6 г/см³. Трапляецца ў інтрузіўных пародах і пегматытах, гнейсах, аркозавых пясчаніках і інш. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай (тонкі фарфор, эл. кераміка) прам-сці; амазаніт, месяцавы і сонечны камень — у ювелірнай справе.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЬТЫПО́ЛЬ (ад мульты... + грэч. polos полюс),

пэўная канфігурацыя кропкавых крыніц поля (зарадаў). Напр., кропкавы зарад — М. нулявога парадку; 2 процілеглыя па знаку і роўныя па модулі зараду — дыполь, ці М. 1-га парадку; 4 аднолькавыя па модулі зараду, размешчаныя ў вяршынях паралелаграма так, што кожная старана злучае процілеглыя па знаку зарады — квадруполь, ці М. 2-га парадку. Асн. характарыстыка М. — мультыпольны момант, які дазваляе адназначна звязаць палі М. з палямі складаных сістэм крыніц на вял. адлегласцях, што вядзе да уніфікацыі рашэння шырокага класа задач. Паняцце М. дастасавальнае для апісання палёў, створаных эл., магн. і інш. зарадамі.

т. 11, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),

мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.

У.​Я.​Бардон.

Галька нефрыту.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),

назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст. да н.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 да н.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОМАГЕНЕ́З (ад грэч. nomos закон + ...генез),

гіпотэза, у адпаведнасці з якой эвалюцыя арганізмаў ажыццяўляецца на аснове ўнутр. заканамернасцяў. Прапанаваў Л.С.Берг (1922). Н. адмаўляе дарвінаўскае тлумачэнне аб’ектыўнасці і адноснасці арган. мэтазгоднасці і ўстанаўлівае прынцып першапачатковай мэтазгоднасці жывога, якая абумоўлена стэрэахім. ўласцівасцямі бялкоў пратаплазмы. Асн. закон эвалюцыі паводле Берга — сіла, унутрана ўласцівая жывому, якая дзейнічае незалежна ад навакольнага асяроддзя і накіравана да ўскладнення морфафізіял. арганізацыі. У Н. сістэматызаваны раней вылучаныя палажэнні супраць дарвінаўскага вучэння і па сутнасці — гэта яшчэ адна спроба па-новаму асэнсаваць прычыны і заканамернасці эвалюцыі. Канцэпцыя Н. прыцягнула ўвагу да нявырашаных праблем біялогіі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НІКС (грэч. onyx першапачаткова ногаць),

мінерал, плоскапаралельная слаістая разнавіднасць агату. У залежнасці ад колеру слаёў адрозніваюць арабскі О. (чорны з белым), сардонікс (буры з белым), карнеол-онікс (чырвоны з белым). Выкарыстоўваўся для вырабу камей. О. мармуровы — горная парода нацёчнага паходжання, складаецца са шчыльнага паўпразрыстага агрэгату зерняў і валокнаў кальцыту або араганіту. Характэрна чаргаванне слаёў з рознай ступенню празрыстасці або афарбаваных у зеленаватыя, ружаватыя, залаціста-карычневыя тоны. Утвараецца з вуглякіслых вод у карставых пячорах, месцах выхадаў тэрмальных крыніц, тэктанічных трэшчынах, а таксама ў выглядзе прапласткаў у вапняках, траверцінах, пясчаніках і туфах. Вырабны і дэкаратыўна-абліцовачны камень.

Онікс мармуровы.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТАРЫ́ФМА [ад грэч. pan (pantos) усё + рыфма],

рыфма, заснаваная на суцэльнай сугучнасці не толькі канцавых, але і ўнутраных гукавых элементаў верша. Пашырана ў нар.-паэт. творчасці. У бел. паэзіі сустракаецца ў вершах Я.​Купалы, В.​Віткі, Р.​Барадуліна і інш.

За годам год, за родам род, Што хвалі хмар, што плесні вод Па зменах змен, на ўсход, на сход, За родам род, за годам год. (Я.​Купала. «За годам год») Верш, цалкам напісаны П., называецца пантарымам. Напр., «Рыфма пра каханне» Я.​Сіпакова:

Знай, дужы вецер, абы не злая дзея, —
Знайду — жывеце, рабыня, у зладзея.

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДАНТО́З [ад пара... + грэч. odus (odontos) зуб],

амфадантоз, піярэя альвеалярная, хранічная хвароба парадонту — тканак, якія акружаюць зуб (дзясна, альвеалярная косць, зубная звязка); дыстрафічны працэс з рассысаннем касцявой тканкі ямак альвеалярных адросткаў і запаленнем сківіц. Узнікае ад парушэння нерв. рэгуляцыі працэсаў абмену рэчываў у тканках парадонту часта пры гіпавітамінозах, недахопе мінер. солей, мікраэлементаў, недастатковым доглядзе ротавай поласці, адкладанні зубнога каменю, падагры, цукр. дыябеце. Прыкметы: прыпухласць, пачырваненне дзяснаў і адслаенне іх ад зубоў, крывацёк, хістанне і выпадзенне зубоў. У запушчанай стадыі — гінгівіт, утвараюцца кішэнепадобныя ўпадзіны з гноем. Лячэнне комплекснае: выдаленне зубнога каменю, агульнаўмацавальныя і процізапаленчыя сродкі, фізіятэрапія.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)