ПФА́ЙФЕР ((Pfeiffer) Рыхард) (27.3.1858, г. Здуны, Польшча — 15.9.1945),
нямецкі бактэрыёлаг, імунолаг і гігіеніст. Вучань і супрацоўнік Р.Коха. Праф. Ін-та інфекц. хвароб у Берліне (1891), Ін-та гігіены ў Кёнігсбергу (1899) і Брэславе (1909—26). Навук. працы па вывучэнні грыпу, малярыі, брушнога тыфу, халеры, чумы і інш., агульнай гігіене, праблемах імунітэту. Адкрыў шэраг бактэрый, апісаў (разам з інш.) бактэрыёліз халерных вібрыёнаў пад уплывам спецыфічнай імуннай сывараткі, паказаў утварэнне лізінаў пры ўвядзенні ў арганізм забітых культур бактэрый, што прывяло да выкарыстання прышчэпак супраць тыфу і халеры іх забітымі (ці аслабленымі) культурамі.
т. 13, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРА́ ДЗЯЛЯ́НА ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне супраць візант. панавання на тэр. гіст. Македоніі і прылеглых зямель Балканскага п-ва ў 1040—41. Непасрэдная падстава — узмацненне падатковага цяжару. Гал. кіраўнік — Пётр Дзялян, які назваў сябе ўнукам цара Зах.-Балг. царства (заваявана Візантыяй у 1018) Самуіла і быў абвешчаны царом. Захапіўшы гарады Бялград, Ніш і Скопле, Пётр падначаліў сабе атрады паўстанцаў у Албаніі. Візант. імператар Міхаіл VI скарыстаў міжусобную барацьбу сярод паўстанцаў (сын балг. цара Івана Уладзіслава Алусіян асляпіў Пятра і ўцёк да візантыйцаў) і ў 1041 задушыў паўстанне.
т. 13, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Фёдаравіч) (26.3.1903, г. Чэбаксары, Чувашская Рэспубліка, Расія — 5.7.1990),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1954), праф. (1955). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Казанскі вет. ін-т (1926). У 1937—73 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па эпізааталогіі, патагенезе і тэрапіі інфекц. хвароб жывёлы. Даследаваў імунагенез пры адначасовай вакцынацыі жывёл супраць некалькіх інфекцый.
Тв.:
Рожа свиней: (Краткий очерк этиологии, эпизоотологии, патогенеза и терапии в современном освещении). Мн., 1963;
Одновременная вакцинация животных против нескольких инфекций. Мн., 1971 (у сааўт.).
т. 13, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Й,
адно са злачынстваў супраць уласнасці. Уяўляе сабой напад з мэтай непасрэднага авалодання маёмасцю з выкарыстаннем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, або з пагрозай яго ўжывання. Самая небяспечная з гвалтоўных форм крадзяжу. У крымінальным праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечнымі лічацца Р. з пранікненнем у жыллё, а таксама здзейснены паўторна або групай асоб, у т. л. арганізаванай групай, або з мэтай завалодання маёмасцю ў буйных ці асабліва буйных памерах, або з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, караецца пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны з канфіскацыяй маёмасці.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУХ 26 ЛІ́ПЕНЯ»,
рэвалюцыйная арг-цыя на Кубе ў 1953—61. Сфарміраваўся ў ходзе барацьбы супраць дыктатуры прэзідэнта Ф.Батысты-і-Сальдывара, якая пачалася 26.6.1953 (адсюль назва) нападам групы рэвалюцыянераў на чале з Ф.Кастра Рус на вайск. казармы Манкада ў г. Сант’яга-дэ-Куба (гл. Кубінская рэвалюцыя 1959), быў вядучай сілай нац.-дэмакр. антыімперыяліст. фронту, які склаўся вакол Паўстанцкай арміі ў 1957—58. У 1961 самараспусціўся і ўвайшоў у склад Аб’яднаных рэв. арг-цый (з 1963 Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі Кубы, з 1965 — Камуністычная партыя Кубы).
т. 13, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫГАРЫ́ЗМ (франц. rigorisme ад лац. rigor суровасць, строгасць),
няўхільнае прытрымліванне пэўнага прынцыпу ў дзеяннях, паводзінах і думках. Выключае кампрамісы, улік інш. прынцыпаў, прыстасаванне да канкрэтных абставін, часта звязаны з аскетызмам, фанатызмам. Як этычны прынцып сфармуляваны І.Кантам у яго вучэнні пра абавязак, паводле якога маральнымі ўчынкамі прызнаюцца толькі здзейсненыя паводле матываў абавязку; учынкі, здзейсненыя паводле інш. матываў (напр., схільнасцей), не прызнаюцца маральнымі, нават калі не супярэчаць абавязку. Супраць кантаўскага Р. выступаў Ф.Шылер, які лічыў, што гэты прынцып накіраваны на заглушэнне асабістых схільнасцей і пажаданняў і прыводзіць да абмежаванасці чалавека.
т. 13, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СЦІЧ (Іован) (13.2.1831, г. Крагуевац, Сербія — 5.9.1899),
сербскі дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык. Д-р філасофіі (1852). Вучыўся ў Францыі і Германіі. У 1861—67 сербскі пасланнік у Турцыі. У 1868—72 адзін з рэгентаў пры кн. Мілане Абрэнавічу, у 1884—1893 — пры каралі Аляксандру Абрэнавічу (гл. Абрэнавічы). У 1873, 1878—1880, 1887 прэм’ер-міністр, у 1872—1873, 1875, 1876—1878 міністр замежных спраў Сербіі. Выступаў супраць прааўстр. арыентацыі Мілана Абрэнавіча. Быў прадстаўніком Сербіі на Берлінскім кангрэсе 1878, аўтар «Дыпламатычнай гісторыі Сербіі...» (кн. 1—2, 1896—98).
т. 13, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ТА,
мусульманскае феадальна-тэакратычнае дзярж. аб’яднанне (халіфат) у Зах. Судане ў ніжнім цячэнні р. Нігер у 19 — пач. 20 ст. Створана ў выніку паўстання ў пач. 19 ст. народа фульбе пад лозунгам «свяшчэннай вайны» (гл. Джыхад) супраць правіцеляў дзяржаў хаўса. Да сярэдзіны 19 ст. ахоплівала землі сучасных Паўн. Нігерыі, Паўд. Нігера і Паўн. Камеруна. Складалася з эміратаў, многія з якіх толькі намінальна прызнавалі ўладу халіфа са сталіцай у г. Сакота. Пасля ваен. разгрому С. ў 1903 брыт. войскамі яго тэр. ўвайшла ў склад калан. уладанняў Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́Ў Паўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс. чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАВІ́НЫ, склавы, славіны,
адзін са стараж. славянскіх саюзаў плямён. Упамінаюцца гоцкім гісторыкам Іарданам (6 ст.) і ў візант. крыніцах разам з іх слав. суседзямі пад назвай анты. Магчыма, гэтыя два народы паходзяць ад венедаў, вядомых у больш ранніх антычных працах. С. з антамі жылі на Сярэднім і Ніжнім Дунаі 1 на прылеглых тэрыторыях, у 6—7 ст. засялялі Балканскі п-аў, у т. л. тэр. сучасных Балгарыі, Славакіі, Паўн. Грэцыі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй і інш. У саюзе з інш. слав. плямёнамі вялі войны супраць Візантыйскай імперыі і качэўнікаў.
Л.Д.Побаль.
т. 14, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)