«ДЗІ́ЎНАЯ ВАЙНА́», «сядзячая вайна»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва пач. перыяду (вер. 1939 — май 1940) другой сусветнай вайны 1939—45 на фронце ў Зах. Еўропе. Характарызавалася адсутнасцю актыўных баявых дзеянняў паміж англа-франц. і сканцэнтраванымі супраць іх герм. войскамі. Скончылася ў сувязі з наступленнем ням.-фаш. армій у Зах. Еўропе.

Літ.:

Мэйсон Д. «Странная война»: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СМУТ САМАРО́ДНЫ,

мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯКО́Ў Уладзімір Анатолевіч

(н. 12.6.1950, г. Рыбінск, Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1972). З 1973 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па стварэнні інавацыйных сістэм кіравання і навучання, тэорыі інтэлектуальнага кіравання прамысл. аб’ектамі.

Тв.:

Системное обеспечение микроЭВМ. Мн., 1990 (разам з А.А.Пятроўскім);

Аппаратнопрограммные средства процессоров логического вывода. М., 1991 (разам з Дз.Ю.Буланжэ, А.В.Германам).

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ,

бяссцёкавая вобласць, частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВЕ́ННІ»

(«Звенья»),

аб’яднанне рус. пісьменнікаў у БССР у 1925—28. Утворана з рус. секцыі «Маладняка». Уваходзілі Мінская, Віцебская, Полацкая і Магілёўская групы, пісьменнікі М.Гольдберг, Р.Лахматы (Р.Кобец), С.Пілітовіч, Я.Садоўскі і інш. Арганізоўвала літ. вечары ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, стварала літ. групы і студыі, праводзіла кансультацыі для творчай моладзі, наладжвала сувязі з літ. аб’яднаннямі Масквы, запрашала для выступленняў паэтаў з РСФСР. Выдала альманах «Звенья» (1926). У 1928 яе чл. ўвайшлі ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў як рус. секцыя.

К.Р.Хромчанка.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т КІРАВА́ННЯ Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1993 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, менеджэраў, эканамістаў-менеджэраў, юрыстаў. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: кіравання, менеджэраў, эканам. адносін, правазнаўства, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, польскі ін-т. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; платнае. Мае лінгафонныя кабінеты, камп’ютэрныя класы, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр. Вядзе н.-д. работу. Падтрымлівае сувязі з Вышэйшай гандлёвай школай у Варшаве. Філіялы ун-та ў Брэсце. Магілёве, Оршы, Гродне, Полацку, Мазыры.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬКА́НТА

(італьян. bel canto літар. цудоўныя спевы),

стыль вакальнага выканання, які вылучаецца лёгкасцю і прыгажосцю гучання, пявучасцю, дасканаласцю кантылены, вытанчанасцю і віртуознасцю каларатуры. Узнік у Італіі ў сувязі з развіццём у сярэдзіне 17 ст. нац. опернага мастацтва і вак. школы. Выразныя сродкі фарміраваліся на аснове фанет. асаблівасцяў італьян. мовы і традыцый нар. выканальніцтва. У працэсе развіцця ўзбагачаўся новымі тэхн. прыёмамі і эмацыянальнымі рысамі. Зрабіў вял. ўплыў на большасць еўрап. вак. школ, у т. л. на беларускую.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАВО́З,

аўтамабіль, паўпрычэп ці прычэп, абсталяваны цыстэрнай для вадкага паліва (бензіну, газы, дызельнага паліва). Цыстэрна мае паказальнік узроўню паліва, клапан для сувязі ўнутр. поласці цыстэрны з навакольнай атмасферай пры ўзнікненні празмернага ціску, зліўныя патрубкі з хуткадзейнымі засаўкамі, адстойнікі з водааддзельнікамі, проціпажарныя сродкі, зазямленне.

Ёмістасць цыстэрнаў на аўтамабілі і прычэпе 1,2—8 тыс. л, на паўпрычэпах 7—30 тыс. л. Цыстэрны вял. ёмістасці (больш за 5 тыс. л) абсталяваны ўнутры падоўжнымі і папярочнымі перагародкамі (хвалярэзамі) для памяншэння гідраўлічных удараў.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КІНГІ,

скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважна гандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)