ГУАНЬДЗІ́, Гуань Юй, Гуань Юньчан,

у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

Гуаньдзі ў адзенні гасудара разглядае скаргу. Старажытны народны лубок.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІ́ (сапр. Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч

(4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),

татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.

т. 4, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУКІ́ (ад венг. hajdúk пехацінцы),

1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.

2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв. венг. пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.

3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.

Літ.:

Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),

адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́НДЗІЧ (Алека) (сапр. Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводле інш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),

адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.​М.​Будзённым) пераважна на тэр. Украіны. Загінуў у баі каля г. Роўна.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),

артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЧАНКА (Людміла Маркаўна) (н. 12.11.1935, г. Харкаў, Украіна),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, лірызм, музыкальнасць. Выконвала камедыйныя, вострахарактарныя ролі ў кіно: «Карнавальная ноч», «Дзяўчына з гітарай», «Саламяны капялюшык» і «Нябесныя ластаўкі» (тэлевізійныя), «Мама». Яе драм. талент праявіўся ў фільмах: «Старыя сцены» (Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Дваццаць дзён без вайны», «Сібірыяда», «Пяць вечароў», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх» і інш. Выступае як эстр. спявачка. Аўтар кніг «Маё дарослае дзяцінства» (1982), «Апладысменты» (1987) і інш.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫЯ́Н (Іван Якаўлевіч) (27.4.1913, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.1.1970),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. КПЗБ з 1933. У 1935 сакратар падп. Чамяроўскага раённага, Слонімскага і Навагрудскага акр. к-таў КСМЗБ, чл. ЦК КСМЗБ. Дэлегат II (1935) з’езда КПЗБ. У ліст. 1935 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ў 1939 дэп. Нар. сходу. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў партыз. руху на Слонімшчыне, камісар партыз. атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пасля вайны на сав. і гасп. рабоце ў Слоніме.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ЧАТЫРО́Х ДЗЯРЖА́Ў аб сумеснай абароне правоў на астраўныя ўладанні і астраўныя тэрыторыі ў раёне Ціхага акіяна.

Падпісаны 13.12.1921 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі. Прадугледжваў гарантыі ціхаакіянскіх астраўных уладанняў бакоў (у т. л. на выпадак ваен. пагрозы), скасаванне англа-японскага саюза і інш. У ходзе ратыфікацыі дагавора ў ЗША прынята папраўка аб забароне ўраду краіны без згоды кангрэса прымаць абавязацельствы па абароне ўладанняў інш. нацый на Ціхім ак., якія знаходзяцца «ў стане мандата». Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)