помнікстараж.-рус. архітэктуры ў Кіеве; гал. культавы і грамадскі будынак Кіеўскай Русі, гал. храм кіеўскіх мітрапалітаў. Закладзены ў 1037. Пабудаваны з плінфы. Вялікі (37 × 55 м, выш. 29 м) 13-купальны 5-нефавы храм. З трох бакоў абкружаны 2-яруснымі галерэямі. У галерэі з З убудаваны 2 вежы (11—12 ст.), лесвіцы якіх вядуць на хоры. Першапачаткова меў пірамідальную кампазіцыю. У 1699—1707 перабудаваны ў формах укр. барока. Звонку аздоблены ўзорыстай муроўкай з цэглы і каменю. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны мазаікамі (260 м²), тэматычным і арнаментальным фрэскавым жывапісам 11 ст. (каля 3 тыс.м²; у т. л. групавы партрэт сям’і Яраслава Мудрага). У храме была велікакняжацкая пахавальня (захаваўся саркафаг Яраслава Мудрага). З 1934 музей-запаведнік, які ўключае таксама ансамбль будынкаў 17—18 ст. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Кіеўскі Сафійскі сабор.Інтэр’ер Кіеўскага Сафійскага сабора. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́ШЫНСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1740 у в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. на месцы драўлянага касцёла 1670, у 1864—66 перабудаваны пад Пакроўскую царкву (інж. Нектар’еўскі). Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай і невял. сакрысціяй з Пд (даўж. 35 м, шыр. 16 м). Рэканструкцыя 1863 надала архітэктуры будынка рэтраспектыўна-рус. стылявы характар: над цэнтр. нефам на 2-ступеньчатым квадратным у плане пастаменце ўзведзены 12-гранны барабан з купалам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай; над гал. фасадам надбудавана 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком. Гал. фасад фланкіруюць 2 двух’ярусныя вежы, дэкарыраваныя трохвугольнымі франтонамі і завершаныя купаламі на шматгранных барабанах. У аздабленні фасадаў выкарыстаны дэкар. элементы стараж.-рус. дойлідства: кілепадобныя аркі і ліштвы акон, аркатурныя паясы, гіркі. У інтэр’еры захаваліся першапачатковыя манум. формы барочнага храма. Сцены аздоблены вязкай пілястраў, прафіляванымі цягамі, лепкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КОНТРУДА́Р 1941,
контрудар на Лепельскім напрамку сав. войск 20-й арміі (ген.-лейт. П.А.Курачкін) Зах. фронту ў складзе 5-га і 7-га механіз. карпусоў 6—10 ліп. ў Вял.Айч. вайну з мэтай разгрому групоўкі ворага, які наступаў у напрамку Віцебска. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 ням. матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі матарызаваную дывізію, да 40 гармат, шмат трансп. сродкаў праціўніка. Найб. упартыя баі, у т. л. танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на Пн ад Сянна. Падцягнутыя рэзервы ворага і падтрымка авіяцыі вымусілі сав. карпусы спыніць наступленне і адысці ў раён Оршы. Контрударам ворагу прычынены страты, значна паменшана яго ўдарная сіла і тэмп прасоўвання на У. У памяць аб Л.к. ў г.п. Багушэўск Сенненскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ША,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).
Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІў Мінску,
помнік у гонар перамогі сав. народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.Заборскі, У.Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ ЗАЛАТАГО́РСКІ КАСЦЁЛ, касцёл святога Роха,
помнік архітэктуры неаготыкі ў Мінску. Пабудаваны ў 1861—64 з цэглы на б. каталіцкіх могілках Залатая горка. Аднанефавы аднавежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай, мае сім. аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай пад 4-схільным шатром. Па баках франтона — дэкар. вежачкі. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі 3-ступеньчатымі контрфорсамі, а таксама стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход у выглядзе высокага спічастага партала. Пасля рэстаўрацыі (1983) будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Бел.дзярж. філармоніі. Пры ўваходзе ў залу — керамічная скульптура «Музыка», у нішах б. крыпты — дэкар. скульптуры нар. персанажаў (маст. М.Байрачны, В.Прыешкін), у нішах каля аргана — драўляныя скульптуры (скульпт. Л.Давідзенка). Аконныя праёмы аздоблены арнаментальным вітражом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.К.Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёл — мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т. л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял.Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА НІБЕЛУ́НГАЎ»
(«Das Nibelungenlied»),
помнік нямецкага гераічнага эпасу. Назва ад імя міфічнага народа, уладальнікаў і захавальнікаў незлічоных скарбаў. Запісаны каля 1200, упершыню апубл. І.Я.Бодмерам у 1757. Гіст. аснову твора склалі падзеі эпохі Вял. перасялення народаў — захоп Еўропы гунамі пад кіраўніцтвам Атылы (5 ст.н.э.). 1-я ч. паэмы апавядае пра подзвігі і смерць каралевіча Зігфрыда, 2-я — пра помсту яго жонкі Крымхільды, у выніку чаго загінула ўсё бургундскае царства. У паэме асуджаюцца жорсткасць і вераломства феадалаў, апяваюцца гераізм і высакароднасць Зігфрыда. Яе паэтыка, блізкая да фальклорнай, зазнала ўплыў феадальна-рыцарскай культуры. Да сюжэта «П.п.Н.» звярталіся Ф.Фуке, Р.Іордан, Ф.Гебель, Р.Вагнер, Г.Ібсен і інш.
Публ.: Рус.пер. — Песнь о Нибелунгах. Л., 1972.
Літ.:
Хойслер А. Германский героический эпос и сказание о Нибелунгах. М., 1960;
Жирмунский В.М. Немецкий героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.