расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.
2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.
3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.
4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыць, рыю, рыеш, рые; незак., што.
1. Капаць, раскопваць што‑н. рыхлае, сыпкае (лычом, рылам). Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Колас. // Капаючы, даставаць што‑н. з зямлі; вырываць. Рана ўстане [дзядзька], а дзік, вялікі, як капіца сена, ужо рые бульбу. Карпюк.
2. Вымаючы, выкідаючы зямлю, рабіць паглыбленне, яму (пра жывёл). [Віктар:] — Калі .. [барсукі] рыюць сабе норы, значыцца, яны маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Маўр.
•••
Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім‑, чым‑н., пагарду да каго‑, чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́ха, ‑а, н.
1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.
2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самле́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў прытомнасць. Дзверцы кабіны былі расчынены, дробненька ўздрыгваў капот, а на сядзенні ляжаў самлелы вадзіцель. Нядзведскі.
2. Здранцвелы, сшэрхлы. У наплыўшых кроўю вачах агонь пагас, і самлелы язык не мог больш вымавіць ні слова. Пестрак. / у вобразным ужыв. І чаплялася сена на голле самлелых бяроз. Вялюгін.
3. Знясілены працаю, спёкай і пад. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Колас. Сеў [хлопец] за кнігу, — не бачыць літар: вее полымем ад яе. І рукою самлелай выцер губы высахшыя свае. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укра́са, ‑ы, ж.
1. Прадмет, прызначаны для ўпрыгожвання каго‑, чаго‑н. Кожны раз хата-пяцісценка .. сустракае мяне абновамі і ўкрасамі. Б. Стральцоў. На ўзвышку .. стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы пад садам сваю чатырохкантовую вежу, аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Колас.
2. перан.; чаго. Той, хто (або тое, што) з’яўляецца гордасцю чаго‑н., упрыгожвае што‑н. А дуб — лясоў украса, На ім калышуцца вякі. Бажко. Не мог фельчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачан ужо болей не вернецца. Ён быў упэўнены, што пані вернецца назад. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Дайсці да гатоўнасці ў выніку парання. Буракі добра ўпарыліся. □ Выме [баба] чыгунок цёплай вады з печы, укіне пучок травы, пакрые чыгунок зверху скавародкай, каб лепш упарылася тое зелле. Паўлаў.
2. Спацець ад напружанай дзейнасці, цяжкай працы; вельмі стаміцца. Пакуль выкінулі гной з кароўніка ды пакідалі вазы, — упарыліся. Ермаловіч. — А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася, — гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб. Колас. [Ігнат Пятровіч:] — Не крой душы, Вася.. Дапамажы перанесці ў машыну рэчы. Упарыўся адзін... Шашкоў. // Узмыліцца. Упарыліся коні ад шпаркага бегу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́ннасць, ‑і, ж.
1. Кніжн. Дзейнасць. Тым жа часам камсамольская ячэйка і яе сакратар набывалі ў Затонні ўсё большае значэнне, у меру таго, як разгортвалі яны сваю чыннасць. Колас. Першым актам чыннасці вясковых камсамольцаў было зруйнаванне «святога калодзежа». Навуменка.
2. Уласцівасць чыннага (у 2 знач.). Колькі чыннасці, пагляньце, Колькі важнасці ў хадзе! Туфлі рыпаюць пад глянцам: «Прэч з дарогі! Туз ідзе!». Гілевіч. А ў залах тых чынна. Манішкі і фракі. Не верце ў чыннасць! Вось доларам бразнуць — І зноўку на мір наш пачнуцца атакі. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.
2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.
3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.
•••
Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мозг, ‑а і ‑у; мн. мазгі, ‑оў; м.
1. ‑а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека ў выглядзе рэчыва, якое запаўняе сабой чэрап і канал пазваночніка. Галаўны мозг. Спінны мозг. // Орган мышлення ў чалавека. Свідравала мозг .. страшная думка, і ў той жа час у галаве.. складаўся план дзеяння. Колас.
2. ‑у; перан. Разм. Розум, разумовыя здольнасці.
3. ‑а; перан. Асноўнае ядро, кіруючы цэнтр чаго‑н. Такім чынам быў створаны гарадскі партыйны камітэт, цэнтр, мозг падполля. Новікаў.
4. ‑у. Тканка, якая напаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл. Касцявы мозг.
5. толькі мн. (мазгі́, ‑оў). Ежа, прыгатаваная з мазгоў некаторых свойскіх жывёл.
•••
Варушыць (круціць) мазгамі гл. варушыць.
Да мозгу касцей — а) усёй істотай, цалкам, поўнасцю. — Я да мозгу касцей бязбожнік. «ЛіМ»; б) вельмі моцна, да апошняй сваёй частачкі. Холад пранікаў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы. Шамякін.
Капаць на мазгі гл. капаць.
Мазгі (не) вараць — пра кемлівага (някемлівага) чалавека.
Мазгі не на месцы — пра дурнога або псіхічнахворага чалавека.
Сушыць мазгі гл. сушыць.
Уставіць (устаўляць) мазгі гл. ўставіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наро́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑а. Насельніцтва якой‑н. краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной, Як хвалі патокаў, Як шумныя воды, Дзе сонца гуляе вясной. Колас. Іду з маім народам я, Вядзе мяне дарога проста. Краіна родная мая, — Вялікія тваім мы ростам. Бялевіч.
2. ‑а. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў. □ Нямецкі народ, да цябе маё слова — Вайне сваё «не» ты скажы. Бачыла.
3. ‑а; толькі адз. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ. □ Ідзе народ сярпа, касы, станка і молата. Таўлай. // У гістарычным матэрыялізме — сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства.
4. ‑у; толькі адз. Людзі. Сабралася шмат народу. □ Народ з пакункамі валіў з вакзала. Чорны. Народу ў клубе ўсё прыбывала. Шахавец. // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі — народ спрытны. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. Бацькі — нецярплівы народ! Грамовіч.
•••
Савецкі народ — новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнай будаўніцтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)