ПЛОСКАПАРАЛЕ́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна некат. нерухомай плоскасці. Вывучэнне П.р. зводзіцца да разгляду руху нязменнай плоскай фігуры ў яе плоскасці, што адпавядае паступальнаму руху фігуры разам з выбраным полюсам і яе вярчальнаму руху вакол гэтага полюса.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКАЕ МО́РА, Судакскае мора,

адна са стараж. назваў Азоўскага м. (часам разам з Чорным) ад г. Судак (Сугдзея, Салдая, стараж.-рус. форма Сураж). Назва Судакскае м. (араб. Бахр-Судак) выкарыстоўвалася мусульманскімі географамі 14—15 ст. У рус. гіст. крыніцах С.м. ўпершыню ўпамінаецца пад 1319.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС (Lewis) Уільям Артур (н. 23.1.1915, Кастры),

англійскі эканаміст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі (1937), дзе і працаваў. З 1948 у Манчэстэрскім, з 1963 у Прынстанскім ун-тах. З 1970 заснавальнік і прэзідэнт Карыбскага банка развіцця. Навук. працы па пытаннях і мадэлях развіцця эканомікі краін трэцяга свету. Аўтар кнігі «Тэорыя эканамічнага росту» (1955). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Т.Шульцам).

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

запрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. запрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. запражы; зак., каго-што.

1. Вупражжу злучыць (запражную жывёліну) з калёсамі, санямі і пад.; упрэгчы. На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка.., каб завезці пляменніка на станцыю. Колас. Загадаў пан запрэгчы тройку коней, сеў з фурманам і памчаўся даганяць мужыка. Якімовіч. / Пра калёсы, сані і пад. Зараз жа загадаў [пан] запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку... Чарот.

2. перан. Разм. Нагрузіць цяжкай работай, прымусіць многа працаваць. Запрэгчы ў работу. □ Маці нашай не заставалася нічога іншага, як запрэгчы ў гаспадарку мяне. Брыль.

•••

Запрэгчы ў аглоблі (у хамут) — узяўшы над сваю ўладу, прымусіць працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. што. Закрыць, зачыніць няпоўнасцю; замкнуць на некаторы час. Прымкнуць хату. □ Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Колас. Прымкні акно. У н[я]быт кануў вечар... Дзяргай.

2. Прысунуцца блізка, шчыльна да чаго‑н. Адну трубку [тэлефонную] барадой прыціскае лоўка; Прымкнуў вухам да другой, — Вось дык трэніроўка! Бялевіч.

3. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. [Паўленка] прымкнуў да атрада з групай байцоў. Шамякін. // перан. Стаць чыім‑н. прыхільнікам, паслядоўнікам, удзельнікам у якой‑н. справе. — Ва ўсёй Расіі рабочыя накопліваюць сілы, рыхтуюцца да рэвалюцыі. І вы разам з усімі рабочымі павінны прымкнуць да барацьбы. Арабей.

•••

Прымкнуць штык — надзеўшы, прымацаваць штык да вінтоўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фу́тра, ‑а, н.

1. Валасяное покрыва на целе жывёл; шэрсць. Заглянуў Мароз у дупло, а там вавёрка ў шэрым футры спіць ды яшчэ хвосцікам, быццам коўдрай, накрылася, — добра ёй! П. Ткачоў.

2. Вырабленая шкура пушнога звера. Нарушэвіч пакорпаўся ў клумку і дастаў адтуль пышнае футра выдры. Машара. // Гэтыя шкуры як прадмет гандлю, вытворчасці. Лес, футра, бярозавы дзёгаць, шкіпінар ішлі ў многія краіны. «Звязда». Каштоўнае футра гэтага звера [бабра] скуплівалі замежныя камерсанты — яны плацілі чыстым золатам. Масарэнка.

3. Зімовая вопратка з вырабленых шкур пушнога звера. Казік памог.. [Мікалаю Мікалаевічу] ўздзець вялікае футра, падаў шапку. Грахоўскі. Вось па вуліцы ідзе дама ў кароткім футры з шэрага каракулю. Новікаў. / у перан. ужыв. Разам з хмарамі, якія віселі.. футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА Леаніла Апанасаўна (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з Г.​А.​Каханоўскім і К.​А.​Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.​С.​Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.​Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.​К.​Бандарчыкам);

Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.​С.​Аксамітавым).

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ЎЛАЎ (Schawlow) Артур Леанард (5.5.1921, г. Маўнт-Вернан, ЗША — 28.4.1999),

амерыканскі фізік, адзін з вынаходнікаў лазера і заснавальнікаў лазернай спектраскапіі. Чл. Нац. АН ЗША (1970), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970). Скончыў Ун-т Таронта (1942), дзе і працаваў. З 1949 у Калумбійскім ун-це, з 1951 у фірме «Бел тэлефон лаборатарыс», з 1961 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па звышправоднасці, ядз. квадрупольным рэзанансе, аптычнай, мікрахвалевай і лазернай спектраскапіі, квантавай электроніцы. Абгрунтаваў (1958) і запатэнтаваў (1960) прынцып работы лазера (з Ч.Х.Таўнсам). Упершыню эксперыментальна назіраў вузкія двухфатонныя рэзанансы (1974; незалежна ад Н.Бломбергена, гл. Дадатак). Першы выказаў ідэю лазернага ахаладжэння нейтральных атамаў да звышнізкіх тэмператур (1975; з Т.​Хэншам). Развіў шэраг метадаў лазернай спектраскапіі звышвысокага распазнавання. Нобелеўская прэмія 1981 (з Бломбергенам і К.М.Сігбанам). Нац. навук. медаль ЗША (1991). Яго імем названа малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Радиоспектроскопия. М., 1959 (разам з Ч.​Таўнсам);

Оптические квантовые генераторы (лазеры). М., 1962 (разам з С.​Фогелем, Л.​Далберджэрам);

Спектроскопия в новом свете // Успехи физ. наук. 1982. Т. 138, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

А.Л.Шаўлаў.

т. 17, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЖЫ́НСКІ Канстанцін Паўлавіч (1.7.1926, г. Вял. Ноўгарад, Расія — 8.2.1997),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1956), праф. (1969). Скончыў Ленінградскі юрыд. ін-т (1952). З 1956 у Іркуцкім і Арэнбургскім філіялах Усесаюзнага юрыд. завочнага ін-та. З 1962 у Бел. эканам. унце. З 1969 у Ленінградскім фін.-эканам. ін-це (заг. кафедры), з 1972 у Калінінскім ун-це (з 1975 заг. кафедры). З 1984 у Мінскім ін-це культуры, з 1992 у Бел. агр. тэхн. ун-це. У 1995—96 заг. кафедры Бел. камерц. ун-та кіравання. Навук. працы па праблемах прац. права, прававых асновах навук. арганізацыі працы, падбору і павышэння кваліфікацыі кадраў. Навук. рэдактар і сааўтар навуч. дапаможніка «Працоўнае права» (ч. 1, 1976).

Тв.:

Правовые основы научной организации труда. М., 1967 (у сааўт.);

Предупреждение правонарушений среди несовершеннолетних. Мн., 1969;

Правовые вопросы подбора и расстановки кадров. М., 1971 (разам з Ф.​Д.​Ромай);

Законодательство о труде. Мн., 1972 (разам з А.​С.​Пашковым і В.​І.​Семянковым);

Советское трудовое право. М., 1982 (у сааўт.);

Словарь-справочник по обществопедению и основам советского государства и права. М., 1985.

т. 18, кн. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНШАВІКІ́,

прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст. паліт. партыя (таксама наз. РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.​Мартаў, П.​Б.​Аксельрод, А.​С.​Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦК вял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

Меньшевики в 1917 г. Т. 1—3. Мн., 1995—96.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)