ША́ЎЛАЎ (Schawlow) Артур Леанард (5.5.1921, г. Маўнт-Вернан, ЗША — 28.4.1999),
амерыканскі фізік, адзін з вынаходнікаў лазера і заснавальнікаў лазернай спектраскапіі. Чл.Нац.АН ЗША (1970), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970). Скончыў Ун-т Таронта (1942), дзе і працаваў. З 1949 у Калумбійскім ун-це, з 1951 у фірме «Бел тэлефон лаборатарыс», з 1961 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па звышправоднасці, ядз. квадрупольным рэзанансе, аптычнай, мікрахвалевай і лазернай спектраскапіі, квантавай электроніцы. Абгрунтаваў (1958) і запатэнтаваў (1960) прынцып работы лазера (з Ч.Х.Таўнсам). Упершыню эксперыментальна назіраў вузкія двухфатонныя рэзанансы (1974; незалежна ад Н.Бломбергена, гл. Дадатак). Першы выказаў ідэю лазернага ахаладжэння нейтральных атамаў да звышнізкіх тэмператур (1975; з Т.Хэншам). Развіў шэраг метадаў лазернай спектраскапіі звышвысокага распазнавання. Нобелеўская прэмія 1981 (з Бломбергенам і К.М.Сігбанам). Нац.навук. медаль ЗША (1991). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Рус.пер. — Радиоспектроскопия. М., 1959 (разам з Ч.Таўнсам);
Оптические квантовые генераторы (лазеры). М., 1962 (разам з С.Фогелем, Л.Далберджэрам);
Спектроскопия в новом свете // Успехи физ. наук. 1982. Т. 138, вып. 2.