апазна́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; зак., каго-што.

Пазнаць каго‑, што‑н. па якіх‑н. адзнаках, прыкметах. Пні доўгія, але высокія, і лёгка іх апазнаць, што яны з-пад сякеры. Пташнікаў. // Устанавіць тоеснасць асобы або рэчы пры судовым следстве. Кажуць, што.. труп [Вінцука] апазналі на Наваградскай шашы. Сабаленка. [Юзэф:] — Калі ж я апазнаў.. [Лявона Капу], ён папярэдзіў, што, калі я толькі заікнуся дзе, што за сляпы жыве ў Тураве, знойдзе мяне і на тым свеце. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змагчы́, змагу, зможаш, зможа; пр. змог, змагла, ‑ло; зак., звычайна з інф.

Здолець зрабіць што‑н. — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. Шамякін. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. // Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. Далёкая мілая мама, Я знаю — каб толькі змагла, Не зёлкамі ты, а рукамі Бяду б ад мяне адвяла. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́га, ‑і, ДМ змозе, ж.

1. Здольнасць рабіць што‑н.; сіла, магчымасць. Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі, наколькі хопіць дзён жыцця майго, — мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь, ад перамогі і да перамогі. Дубоўка. Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі, І ўжо ўзняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ў далеч. А. Астапенка.

2. Моцная стомленасць, поўнае бяссілле. Балелі рукі, млелі ногі, Старыя падалі ад змогі. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяржа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Трымацца. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Трэба быць асцярожным і больш дзяржацца сярэдзіны. Колас.

•••

Толькі дзяржыся! — выклічнік, які паказвае на высокую ступень праяўлення якой‑н. якасці. — А які з мяне музыка быў у тых гадах, дык толькі дзяржыся! Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дубо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дуба (у 1 знач.). Дубовы лес. Дубовы ліст. Дубовы корань. // Зроблены з дубу. Дубовы стол. Дубовыя дзверы. Дубовая паля.

2. перан. Разм. Грубы, нязграбны, няскладны. Дубовы стыль. Дубовая мова. □ Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Нячулы, чэрствы, абыякавы да іншых. — У вашага сына, мабыць, такое дубовае сэрца, што нічым яго не прасвідруеш. Бядуля.

•••

Дубовая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назнаро́к, прысл.

Разм. Спецыяльна, з якой‑н. мэтай; знарок. [Дзіма:] — Значыць, назнарок накіравалі мяне на луг, каб я вам не перашкаджаў? — Голас яго задрыжаў і асекся. Гамолка. // Несур’ёзна, для выгляду. [Рыгор:] — Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся... Ці мо назнарок? Гартны. // Насуперак, назло каму‑н. Сашка гатовы быў да ўсяго. Ад каго, ад каго, а ўжо ад Надзі ён не чакаў літасці. А яна быццам назнарок: — Схуднеў ты. Аж вочы пасалавелі. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўклю́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той (тая), хто мае нязграбную паставу, пазбаўлены зграбнасці, спрыту ў рухах. — Толькі зразумеў — не дагнаць мне.. [партызан]: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. Шамякін.

2. Неахайны чалавек, мурза. Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая,.. такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбухто́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Разм. Падгаварыць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Падбухторыць да бунту. □ [Валя] ведала, што сам .. [Лёня] не здольны на такія ўчынкі — хіба падбухторыць хто ... Васілевіч. [Паходня:] — Пярэчу, і калгаснікаў падбухтору, каб не адпускалі [Зосю]. Такога намесніка страціць? Хадкевіч. // Настроіць супроць каго‑н. [Верамейчык:] А ты хочаш за калгасны кошт для ўсіх добрым быць? Каб людзі пра твае грахі маўчалі? І таму падбухторыў супроць мяне ўсю камсамольскую арганізацыю? Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.

1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.

2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.

3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)