Скрабакі, скрабаке́ ‘атопкі ад старых ботаў’ (Шат.), скрабні́, скрэ́батні ‘чаравікі’ (Касп.), скрабаты́ ‘дрэнныя боты’ (Варл.). Рус. тамб. скре́бни ‘дрэнныя боты’, ярасл. ‘вялікі, няўклюдны абутак’, кастр. скре́шни ‘атопкі ад ботаў, ад якіх адрэзаны халявы’. Да скробаць (гл. наступнае слова; параўн. асабліва значэнне ў Насовіча: ‘рабіць непрыемнае шарканне ботамі’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто́лькі ‘так многа’ (Шымк. Собр., Жд. 2), ‘у такім памеры, колькасці, ступені’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Растарг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), сто́лька ‘тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), сто́лько ‘тс’ (ТС). Працяг ст.-бел. толико ‘тс’, гл. толькі; с‑ надае слову значэнне прыблізнасці, гл. Фасмер, 3, 766.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напу́ганы ’празмерна адзеты’, напугацца ’празмерна надзець на сябе, начапляць лішняга’, ’надзьмуцца, натапырыцца’, ’абкружыцца імглістым кругам (пра месяц)’ (ТС). Можа разглядацца разам з напугацца ’нажлукціцца, напіцца’ (Нас., Янк., Сцяц.; стаўбц., Нар. сл.; жлоб., Нар. словатв.; Сцяшк.), ’напіцца чаго-небудзь настолькі, каб нельга было самому ўстаць з месца’ (Шпіл.), ’нажэрціся’ (Янк. 1, Клім., Мат. Гом.), што да пу́гаць ’сёрбаць, хлябтаць’ (гл.), гукапераймальнага паходжання; значэнне ’празмерна надзець на сябе’ праз стадыю ’стаць тоўстым (ад піцця, яды)’. Аднак не выключана, што гэта значэнне развілося на іншай базе, параўн. напу́галаса, бы пугич (ТС), што звязваецца з вобразам птушкі, якая натапырвае пер’е, надзімаецца пры пагрозе; тады хутчэй Да *Pǫ§y ’патаўшчэнне’, параўн. рус. пуговина ’узвышэнне, горб’, пуговица ’гузік’, літ. pugulis ’уздутае ўзвышэнне’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пулк ’стая’ (ЛА, 2), семантычна і тэрытарыяльна сюды ж пулкавацца ’збірацца вакол пчалінай маткі’: пулкуюцца пшчолы ўраі (шальч., Сл. ПЗБ). Апошняе, паводле Грынавяцкене (там жа), з літ. pulkuoti ’тс’; усе да літ. pulkas ’мноства, тлум, стая’, хутчэй за ўсё запазычанага з польск. pułk, што ўзыходзіць да прасл. *ръlък ’народ’ (гл. полк); у аснове значэнне ’збірацца, тоўпіцца, кучкавацца’, параўн. рус. дыял. полкать ’хадзіць без справы, швэндацца, піхацца’, якое Варбат (Этимология–1983, 33–36) узводзіць да *рьІка(і, *plbkati9 вытворнага ад *polti ’хістаць, боўтаць, махаць’. Першаснае значэнне захавалася ў паўднёвых славян, параўн. серб.-харв. puk ’народ’: puk je dobar dok ćuti і šiuša svoje gospodare (Rečnik Bačkih Bunjevaca. Novi Sad, Subotica, 1990, 293). Гл. Брукнер, 448; Банькоўскі, 2, 965.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕДА́НТА (санскр., літар. канец ведаў),

рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл. Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн. філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.

Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.​Радхакрышнан і інш.

Літ.:

Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ. М., 1955;

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;

Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т (ад лац. vestibulum пераддзвер’е),

орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл. Вуха).

Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЗБО́Р, вадазборны басейн, вадазборная плошча,

1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс. км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.

2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.​Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.​Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.​Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШНЯ (Cerasus),

род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн. Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.

Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны C, групы B. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.

Вішня звычайная.

т. 4, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)