КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),

расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад. АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.​М.​Пржавальскага, М.​В.​Пяўцова, У.​І.​Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж. г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.

Тв.:

Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;

Монголия и Кам. 2 изд. М., 1948.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛПАКЧЫ́ (Уладзімір Якаўлевіч) (7.9.1899, Кіеў — 17.5.1961),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1961). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—21. З 1936 нам. нач. штаба БВА. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Бранскім, Паўд.-Зах., Калінінскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 1-м Бел. франтах: нач. штаба арміі, камандуючы арміямі. 63-я армія пад яго камандаваннем удзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 1945 камандуючы арміяй, акругай, у Цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

У.Я.Калпакчы.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),

1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.​Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.​Калеоні, Ф.​Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.

2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫБО́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (н. 20.1.1934, Мінск),

бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1982), праф. (1984). Скончыў Маскоўскае агульнавайск. вучылішча імя Вярх. Савета РСФСР (1954), Архангельскі пед. ін-т (1959), Мінскае вышэйшае інж.-радыётэхн. вучылішча (1967). З 1967 у Мінскім вышэйшым інж. зенітна-ракетным вучылішчы супрацьпаветранай абароны. З 1991 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы ў галіне ваен. псіхалогіі і псіхалогіі вышэйшай школы. Акадэмік Міжнар. акадэміі інфармац. тэхналогій (1995), Міжнар. акадэміі псіхал. навук (1996).

Тв.:

Психологическая подготовка к службе в армии. Мн., 1986 (разам з У.​Р.​Бляхай, А.​Ц.​Растуновым);

Психология высшей школы. 3 изд. Мн., 1993 (разам з М.​І.​Дзьячэнкам);

Краткий психологический словарь. Мн., 1996 (з ім жа).

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),

падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл. Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).

Катакомбы ў Рыме.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІ́ЦКАЯ ЛІ́ГА 1576,

палітычны рух франц. католікаў у час рэлігійных войнаў у 1576—95 Створана ў Пікардыі і ўзначальвалася Гізамі. Пад прыкрыццём заклікаў да абароны дзяржавы і рэлігіі імкнулася да аўтаноміі правінцыяльных улад і пачала барацьбу з гугенотамі. Пры ваен. падтрымцы Іспаніі спрабавала сарваць пагадненне караля Генрыха III з гугенотам Генрыхам Наварскім (пазней кароль Генрых IV) аб прызначэнні апошняга наследнікам трона і прапанавала свайго кандыдата Генрыха Гіза. У 1588 прыхільнікі К.л. захапілі Парыж і прымусілі Генрыха III пакінуць горад. Пасля забойства апошняга (1589) каралём стаў Генрых IV, які ў 1593 перайшоў у каталіцтва. Пасля заключэння ім міру з лідэрамі апазіцыі (1595) К.л. спыніла сваё існаванне.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦ (Арнольд Міхайлавіч) (н. 18.9.1924, Баку),

расійскі дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1970). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў (1945), Ленінградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і дырыжыравання (1951). З 1956 маст. кіраўнік і гал. дырыжор сімф. аркестра Новасібірскай філармоніі. З 1957 выкладае ў Новасібірскай кансерваторыі (з 1980 праф.). У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. муз. класікі, сучасных айч. і замежных аўтараў (Л.​Бетховен, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, М.​Мусаргскі, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, І.​Стравінскі, А.​Анегер, М.​Равель, Б.​Брытэн, Б.​Бартак, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, А.​Хачатуран, Г.​Свірыдаў і інш.). Выступае таксама як оперны дырыжор. Дзярж. прэмія Расіі 1994.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МАН (Kimōn; каля 504—449 да н.э.),

афінскі палкаводзец і паліт. дзеяч перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Стратэг у 478—475 да н.э. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза. У 476—475 заняў крэпасць Эён (Фракія) і в-аў Скірас. Паліт. праціўнік Фемістокла і Перыкла, на чале алігархаў выступаў супраць дэмакратызацыі дзярж. ладу Афін. У 469 перамог персаў у М. Азіі, у 468 выцесніў персаў з п-ва Херсанес Фракійскі. У 466—465 задушыў паўстанне саюзнікаў супраць Афін на а-вах Наксас і Тасас. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Спарту. У 461 выгнаны з Афін, каля 456 вярнуўся, зноў удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць персаў. Загінуў у час марской экспедыцыі на Кіпр.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРПІ́ЧНІКАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 25.6.1929, Ленінград),

расійскі археолаг і гісторык. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1991). Засл. дз. культуры Расіі (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1953). З 1955 у Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры Рас. АН у С.-Пецярбургу. Даследуе ўзбраенне, ваен. справу, фартыфікацыю, пытанні археалогіі, гісторыі і культуры Русі 9—15 ст. У 1950—60-я г. ўдзельнічаў у раскопках помнікаў архітэктуры 12 ст. ў Полацку і Навагрудку. Аўтар кніг «Старажытнаруская зброя» (вып. 1—3, 1966—71), «Рыштунак конніка і верхавога каня на Русі IX—XIII ст.» (1973), «Кулікоўская бітва» (1980), «Старажытны Арэшак» (1980), «Каменныя крэпасці Наўгародскай зямлі» (1984), «Старая Ладага — старажытная сталіца Русі» (1996, з В.​Д.​Сараб’янавым) і інш.

т. 8, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)