прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш. раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́, Дэ Бары (de Bary) Генрых Антон дэ (26.1.1831, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.1.1888), нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў мікалогіі і ліхеналогіі. Праф. ун-таў у Фрайбургу(1855), Гале (1867) і Страсбургу (1872). Навук. працы па марфалогіі, біялогіі і гісторыі развіцця грыбоў, лішайнікаў, міксаміцэтаў, водарасцяў, параўнальнай анатоміі вышэйшых раслін. Высветліў гетэратрофны характар жыўлення грыбоў; паказаў, што паразітныя грыбы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб вышэйшых раслін (1853); адкрыў і вывучыў палавы працэс у фікаміцэтаў і сумчатых грыбоў; даследаваў цыкл развіцця ржаўнікаў (1863); правёў шматлікія даследаванні водарасцяў-кан’югатаў. Прапанаваў першую філагенетычную сістэму грыбоў. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва 1884.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПА АГРАХІМІ́ЧНЫМ АБСЛУГО́ЎВАННІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белсельгасхімія) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Створана ў 1979. Мае абл. і раённыя аб’яднанні. Забяспечвае вытворцаў с.-г. прадукцыі мінер. ўгнаеннямі, хім. і біял. сродкамі аховы раслін, меліярантамі глебы, кармавымі дабаўкамі, інш.хім. прадуктамі для раслінаводства і жывёлагадоўлі. Арганізуе нарыхтоўку торфу і сапрапеляў, выконвае па дагаворах аграхім. работы па ўнясенні аргана-мінер. угнаенняў, вапнаванні кіслых глебаў, апрацоўцы пасеваў с.-г. культур хім. і біял. сродкамі аховы раслін, паляпшэнні зямель, павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў. Прадстаўляе ўстановам і арг-цыям платныя кансультатыўныя, пасрэдніцкія і інш. паслугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ (ад грэч. aleuron мука),
пратэінавыя зярняты, бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.
Да арт.Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІНІ́ЗМ (ад лац. albus белы),
прыроджаная адсутнасць нармальнай для арганізма пігментнай афарбоўкі. Выяўляецца ў адсутнасці пігментацыі скуры, валасянога покрыва, радужнай абалонкі вачэй у жывёл і чалавека, у вышэйшых раслін — зялёнай афарбоўкі ўсёй расліны або яе частак. Арганізмы з прыкметамі альбінізму наз.альбіносамі. Альбінізм замацоўваецца ў спадчыну рэцэсіўным генам, які блакіруе ў гомазіготным стане сінтэз пігментаў (меланіну, хларафілу). У чалавека і жывёл частата ўзнікнення альбінізму — 1:20 000—40 000. Альбінізм трапляецца зрэдку сярод дзікіх жывёл, часцей сярод свойскіх і паддоследных (трусы, лабараторныя пацукі, мышы). Пашыраная форма альбінізму ў раслін — стракаталістасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАСЬЕ́ ((Boissier) П’ер Эдмон) (25.5.1810, г. Жэнева, Швейцарыя — 25.9.1885),
швейцарскі батанік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (1878). Вучыўся ў Жэневе. Навук. працы ў галіне сістэматыкі і фларыстыкі. Па матэрыялах, сабраных у падарожжах па Іспаніі, Грэцыі, М. Азіі, Егіпце, Палесціне і Сірыі, апісаў каля 6 тыс. новых відаў кветкавых раслін і вызначыў 131 новы род. Аўтар «Усходняй флоры» (т. 1—5, 1867—88), у якой прыведзены апісанні і даныя пра геагр. пашырэнне каля 12 тыс. відаў раслін. Паблізу Жэневы для захавання сабранага ім гербарыя і далейшых работ з ім была створана ўстанова — «Гербарый Буасье».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШ (Мікалай Адольфавіч) (10.11.1869, г. Слабадской Кіраўскай вобл., Расія — 7.8.1941),
савецкі батанік. Чл.-кар.АНСССР (чл.-кар.Рас.АН з 1920). Скончыў Казанскі ун-т (1891) і Пецярбургскі лясны ін-т (1869). З 1895 у Юр’еўскім (Тартускім) ун-це, з 1902 у бат. садзе і бат. музеі ў Пецярбургу, з 1931 у Бат. ін-це АНСССР. Навук. працы па бат. геаграфіі Каўказа, Сібіры і Д. Усходу; прапанаваў схему падзелу Сібіры на батаніка-геагр. вобласці. Аўтар фундаментальных падручнікаў «Агульны курс батанікі. Марфалогія і сістэматыка раслін» (2-е выд., 1924) і «Курс сістэматыкі вышэйшых раслін» (1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПО́ЛАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
размнажэнне жывёл і раслін без апладнення. Ажыццяўляецца без удзелу палавых клетак, часта з дапамогай вегетатыўных органаў. Уласціва бактэрыям (дзяленне), аднаклетачным (дзяленне, фрагментацыя, пачкаванне і спораўтварэнне) і шматклетачным арганізмам (вегетатыўнае размнажэнне, спораўтварэнне, поліэмбрыянія). Ёсць у вышэйшых раслін, адсутнічае ў малюскаў, членістаногіх, пазваночных.
Адрозніваюць уласна бясполае размнажэнне — утварэнне спец. клетак — спораў, якія пры прарастанні даюць пачатак новаму арганізму, і вегетатыўнае размнажэнне. Патомства, якое атрымліваецца ў выніку бясполага размнажэння, генетычна аднароднае, што часта выкарыстоўваецца ў раслінаводстве для замацавання карысных якасцей гібрыдаў. Шэрагу арганізмаў уласціва чаргаванне бясполага размнажэння з палавым размнажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАФІЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. phyllon ліст),
разналістасць, наяўнасць на адной расліне рознага па форме, памерах і структуры лісця. Часцей характэрна для водных раслін (напр., у стрэлкаліста, вадзянога кураслепу, некаторых рдзестаў), у якіх падводнае лісце адрозніваецца па форме ад надводнага. Сустракаецца таксама ў некат. наземных раслін, дзе ніжняе лісце лускападобнае, сярэдняе (асіміліруючае) з чаранком (або похвай), пласцінкай і прылісткамі, верхняе мае спецыфічную будову каля суквецця (прыкветнікі). У больш вузкім сэнсе гетэрафілія — розніца паміж лісцем сярэдняй фармацыі ў межах парастка расліны, якая звязана з узроставымі зменамі і ўздзеяннем навакольнага асяроддзя (напр., у плюшчу, шаўкоўніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫШЫ́,
1) Notonectidae, сям. вадзяных клапоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах. На Беларусі распаўсюджаны гладыш звычайны (Notonecta glauca), радзей трапляецца гладыш жоўты (N. lutea), занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7,5—18 мм. Цела пукатае зверху, плоскае знізу. Хабаток моцны, востры. Заднія ногі з плавальнымі шчацінкамі, падобныя да вёслаў. Плаваюць спінай уніз. Добра лётаюць. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб.
2) Phalacridae, сям. жукоў падатр. разнаедных. Больш за 300 відаў. Большасць жыве ў суквеццях складанакветных раслін, некаторыя — на ржаўных грыбах, у якіх развіваюцца.