прылада для атрымання (генерацыі) эл.-магн. ваганняў вызначанага віду (пэўных частаты, амплітуды, фазы, формы імпульсаў і інш.). Адрозніваюць генератар з самаўзбуджэннем (аўтагенератары; гл. ў арт.Аўтаваганні), у якіх характарыстыкі ваганняў вызначаюцца ўласцівасцямі самога генератара, і з незалежным узбуджэннем (узмацняльнікі магутнасці эл.-магн. ваганняў ад асобнага аўтагенератара). Генерацыя ажыццяўляецца пераважна за кошт энергіі крыніц пастаяннага току з дапамогай актыўных элементаў (электронных прылад) або шляхам пераўтварэння першасных эл. ваганняў у ваганні зададзенай частаты і формы (квантавы генератар, параметрычны генератар).
Паводле тыпу актыўнага элемента адрозніваюць лямпавыя генератары (напр., на генератарных лямпах), цвердацельныя (на вырашальных узмацняльніках, Гана дыёдах, транзістарах, тунэльных дыёдах), генератар з газаразраднымі прыладамі (на тыратронах), форме ваганняў, частаце, магутнасці і прызначэнні — генератар гарманічных ваганняў (гл.Гарманічныя ваганні), генератар ваганняў спец. формы, нізка-, высока- і звышвысокачастотныя, імпульсныя генератары і інш. У генератары інфранізкіх частот і ў генератары ваганняў спец. формы ўмовы генерацыі забяспечваюцца адваротнай сувяззю; генератары нізкіх і радыёчастот маюць вагальныя контуры, фільтры і інш. ланцугі з засяроджанымі элементамі, генератар звышвысокіх частот — ланцугі з размеркаванымі параметрамі (аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары, радыёхваляводы, палоскавыя і кааксіяльныя лініі і інш., звычайна спалучаныя з актыўнымі элементамі ў адно цэлае). Гл. таксама Генератар вымяральны, Блокінг-генератар, Мультывібратар, Свіп-генератар, Фантастрон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧА,
гарадскі пасёлак у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Езярышча. За 41 км ад Гарадка, 80 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Невель, на аўтадарозе Віцебск—Невель. 2,2 тыс.ж. (1997). Упершыню ўпамінаецца ў апошняй чвэрці 14 ст. як уладанне Ульяны Цвярской, удавы вял.кн.ВКЛ Альгерда. У 14—17 ст. існаваў Езярышчанскі замак. З 1583 мястэчка, пазней цэнтр дзярж. староства ў Віцебскім пав. У 1772 далучана да Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Гарадоцкім пав. З 1886 сяло, 204 ж., 31 двор, царква, 2 карчмы. У 1906 у Е. 270 ж, 37 двароў. У 1924—29 цэнтр Езярышчанскага раёна, з 1935 — Мехаўскага р-на. У 1929—35 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну з 17.7.1941 па 19.12.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Е. і раёне загубілі 2974 чал. У 1942 партызаны разграмілі фаш. гарнізон на станцыі Е. (гл.Езярышчанскі бой 1942). З 4.10.1957 Е. — гар. пасёлак. З 1958 цэнтр Езярышчанскага р-на, з 1962 у складзе Гарадоцкага р-на. 2,7 тыс.ж. (1971). Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Вайсковыя могілкі, 4 магілы ахвяр фашызму. За 3 км ад гар. пасёлка на востраве воз. Езярышча археал. помнік — Замчышча (16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВО́НАК (Алесь) (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн.ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).
Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец.калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.
А.Р.Варонін.
Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМА́,
горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс.ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам.лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбургскага гандл.-эканам. ін-та.
Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеўскі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.Нікіцін, П.Шчарбінін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж. ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс.ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс.ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЛЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».
Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,
1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст.вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс.т, экіпаж да 800 чал. (гл.іл. да арт.Карабель ваенны).
2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст.вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.
З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл.Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс.т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).
Літ.:
Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;
Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.
У.Я.Калаткоў.
Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СВІДА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас.р. Храпаўлянка, за 7 км на Пд ад г. Гарадок. Пл. 11,42 км², даўж. каля 7,1 км, найб.шыр. каля 4,9 км, найб.глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м (на ПнЗ і З да 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш. да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч. да глыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПЫ,
гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р.Лынтупка; чыг. станцыя на лініі Полацк—Вільнюс. За 42 км на З ад Паставаў, 307 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Паставамі і г.п. Свір. 2,1 тыс.ж. (1998).
У гіст. крыніцах упамінаецца з 1385. У 1459 тут пабудаваны касцёл, пры ім шпіталь. 3 сярэдзіны 16 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Уладальнікамі Л. былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія. У 1591 у мястэчку Л. каля 150 ж., 28 дымоў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1843 цэнтр воласці Свянцянскага пав. У 1885 у Л. 214 ж., 13 двароў, валасное праўленне, школа (пабудавана ў 1865), касцёл, яўр. малітоўны дом, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897—685 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з ліст. 1940 у Пастаўскім р-не. У Вял.Айч. вайну моцна разбураны ням.-фаш. захопнікамі. З 22.8.1967 гар. пасёлак. У 1975 2 тыс. жыхароў.
Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Лынтупская сядзіба (1-я пал. 19 ст.), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (пач. 20 ст.). На ПнЗ ад Л. курганны могільнік балтаў 10—11 ст.