пад..., (а таксама пад’..., пада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў, падаючы ім значэнне:

1. Накіраванасці дзеяння знізу ўверх, напрыклад: падкінуць, падняць, падскочыць, падважванне.

2. Накіраванасці дзеяння ў бок ніжняй часткі, да нізу або пад ніз чаго‑н., напрыклад: падкапаць, падрыць, падбіўка.

3. Набліжэння да каго‑, чаго‑н., напрыклад: падпаўзці, падплысці, падбяганне, падноска.

4. Дабаўлення чаго‑н., напрыклад: падліць, падмяшаць, падсыпаць.

5. Праяўлення дзеяння або стану не ў поўную меру, не на поўную сілу, напрыклад: падгаіцца, падгнісці, падквасіць, падлячыць, падмазаць, падсохнуць.

6. Дадатковага дзеяння (для дасягнення лепшага выніку), напрыклад: падвінціць, падгладзіць.

7. Тайнага, скрытнага ад іншых дзеяння, напрыклад: падгледзець, падпільнаваць, падслухаць.

8. Паўторнага дзеяння, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: падыграць (на музычным інструменце), падтакваць, падбрэхваць.

II. Ужываецца для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, надаючы ім значэнне:

9. Знаходжання ніжэй чаго‑н., унізе чаго‑н., напрыклад: падглеба, падзямелле, падкаўнерык, падводны, падземны, падстраўнікавы.

10. Знаходжання каля, паблізу чаго‑н., напрыклад: падгор’е, падлессе, падмаскоўны.

11. Часткі чаго‑н. цэлага, буйнога, напрыклад: падатрад, падвід, падклас, падстанцыя.

12. Знаходжання пад чыёй‑н. уладай, у сферы чаго‑н., напрыклад: падначалены, паднявольны, падсудны.

13. Звання ніжэй каго‑н., пасады памочніка, напрыклад: падпалкоўнік, падкухцік, падмайстар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касі́ць 1, кашу, косіш, косіць; незак., каго-што.

1. Зразаць траву касой ​2 або касілкай. Касіць луг. Касіць атаву. □ Хутка з косамі прыйдуць гурбой дзецюкі, Паплавы касіць стануць рупліва. А. Александровіч. // Быць вострай, добра рэзаць (пра касу). Каса чыста косіць.

2. перан. Губіць, нішчыць, забіваць у вялікай колькасці. Маці .. [Пеці] неўзабаве памерла ад тыфу, які няшчадна касіў людзей пасля доўгай вайны. Ракітны. Трапныя кулі народных мсціўцаў бязлітасна касілі ворага. Сіняўскі.

•••

Сабакам сена косіць (пагард.) — пра таго, хто знаходзіцца невядома дзе і за якім заняткам. — Ну, дзе ж твой муж, Юля? — Круціцца недзе. Сабакам сена косіць. Доўгі рубель збіў з панталыку. Паўлаў.

Хоць касой касі — вельмі многа, процьма. — Грыбоў, ягад — хоць касою касі. Пальчэўскі.

касі́ць 2, кашу, косіш, косіць; незак.

1. што. Рабіць касым; перакошваць, скрыўляць. Касіць плечы.

2. што і чым. Глядзець коса, убок; скошваць (вочы). Мы крочым па самай сярэдзіне вуліцы,.. з хвіліны на хвіліну чакаем каманды і ад гэтага ўвесь час патроху косім у бок на камандзіра свае погляды. Галавач. [Конь] трошкі паварочваў галаву і касіў адным вокам на вароты. Крапіва.

3. Быць касавокім, касым. Кірыны вочы касілі больш, чым звычайна, але гэта цяпер Пракопу было самым мілым і дарагім ва ўсім яе вобліку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Тое, што і каціцца ​1 (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Мяч качаецца па падлозе. // Пераварочвацца, перавальвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). На падлозе, счапіўшыся, качаліся бацька і незнаёмы паліцай. Шамякін. Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Чорны. // Ляжаць, валяцца (у пяску, гразі і пад.). Качацца па снезе. □ Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Колас.

2. Ляжаць без справы, без сну. [Сомік] начамі падоўгу качаўся, не мог заснуць. Крапіва.

3. Разм. Хварэць, быць хворым. — Я таксама хутка пачну працаваць. Здароўе папраўляецца. Праўда, сёння яшчэ першы раз выйшаў. Дагэтуль качаўся ўсё. Машара. — [Сын] з месяц качаўся з прабітым плячом. Грахоўскі.

4. Разм. Гадавацца, расці без догляду, у цяжкіх умовах (пра дзяцей). [Марыля:] Як толькі нарадзіўся [сын], дык і то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Купала.

5. Паддавацца качанню ​2. Перасохлая бялізна дрэнна качаецца.

6. Зал. да качаць.

•••

Качацца (з) жыватом — хварэць на жывот.

Качацца са смеху — моцна смяяцца.

Качацца як сыр у масле — жыць у дастатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́ванка, ‑і. ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Толькі зрэдку перабягаў з падворку ў падворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Колас. [Максім] дакажа гэтаму Луцкевічу, што не ўсе, як ён, палохаюцца арышту і шукаюць схованкі за чужой спінай. Машара. [Мікола:] — Трэба выручыць адных хлопцаў. Зараз яны ў лесе хаваюцца. Але якая там цяпер схованка. Новікаў.

2. Якое‑н. таемнае месца, збудаванне і пад. для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Добрую схованку зрабіў тут Бязвухі, — яма абкладзена дзёрнам, з усіх бакоў закрыта высокай травой. Жычка. Змрокам з дзённай схованкі вылазіў Віктар і пры газоўцы з бацькам сядзеў да поўначы. Лобан. Мы зрабілі патайную схованку ў гумне і схавалі там трохі збожжа і бульбы на вясну. Якімовіч. // Разм. Пра ўмоўленае месца для хавання чаго‑н., якое вядома толькі некаторым. Каб не заплакаць, хутка ўзяла [Люда] ў .. [бацькі] грошы, замкнула сені, палажыла ў схованку ключ і сказала, дарэмна хочучы ўсміхнуцца: — Ну, я пайшла. Брыль.

3. толькі мн. (схо́ванкі, ‑нак); перан. Тое, што недаступна іншым; запаветны бок чаго‑н.; сховы. Гэта толькі чалавечая памяць заўжды знойдзе ў патаёмных схованках самыя далёкія ўспаміны, ажывіць іх, прымусіць сэрца хвалявацца, стукаць узбуджана. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; незак.

1. Нахіляцца, нагінацца. Не налажылася.. [Рыгорыха] да гэтакай работы. Тут пілу тузае, як папала, сама ўгору глядзіць, ці не хінецца ў гэты бок вяршыня. Крапіва.

2. перан. Мець ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Вось той жа Лапцін. Паглядзіш — быццам і стараецца, усё правільна робіць: у каго прагул — скажа, хто да гарэлкі асабліва хінецца — пры ўсіх крычыць. Савіцкі. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ласкі. Шахавец.

3. перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. [Ігар] зразумеў, што кахае Рэню мацней, чым да гэтага кахаў іншых дзяўчат. А вось Рэня не хінулася да яго. Сіняўскі. [Марыля:] Але ты [Зося] не ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Купала. // Шукаць збліжэння з кім‑н. Марат чамусьці хінуўся да хлопцаў больш сталых, да тых, у каго на выцвілых гімнасцёрках яшчэ былі відны сляды ад ордэнаў. «ЛіМ». Юзік сам не ведаў аб сваёй папулярнасць Быў ён чалавек ціхм[я]ны і трымаўся сваёй пугі, як другі чалавек зямлі, і ні да чога і ні да кога не хінуўся. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хма́ра, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. □ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляха́

1. Падоўжанае ўзвышша (Слаўг.).

2. Палоска раллі, якая засяваецца сяўцом уручную, ідучы ў адзін бок (Міласл. Бяльк., Слаўг.). Тое ж ле́шка (Віц. Шэйн), лях (Міласл. Бяльк.).

3. Града ў агародзе; участак, дзе садзілі гародніну (Віл., Докш., Зах. Бел., Пол., Чашн. Касп.). Тое ж ле́ха (Крыв.).

4. Папярочнік надзельнай палоскі сялянскай зямлі (Смален. Дабр.).

5. Знак, які робяць (уторкваннем саломы) пры сяўбе, каб не было агрэхаў (Кузн. Касп., Слаўг., Смален. Дабр.).

6. Насечка, знак на стаячым дрэве для абазначэння межаў (Гарб.).

в. Ла́ша Гродз., в. Віля́хаўка Бых., г. Ля́хавічы Баран. вобл.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Каме́ль1 ’ніжняя частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’, ’перавязаны канец снапа, веніка і да т. п.’, ’аснова, тоўсты бок якой-небудзь рэчы’ (Нас., Маш., Мядзв., Бяльк., Сцяшк., ТСБМ, Гарэц., Бір. Дзярж.; КЭС, лаг.; Нік. Очерки; віц., Хрэст. дыял.; Федар. I; Растарг.; Сл. паўн.-зах.), ’каржакаваты, прысадзісты, здаровы чалавек’ (Др.-Падб.), камёлак ’тое ж аб дзецюку, аб кавалку дрэва’ (Нас., Бяльк., Юрч.), камлява́ты, камлякава́ты ’дужы, мажны’ (добр., Мат. Гом.; іўеў., Сцяшк. Сл.; віл., гродз., Сл. паўн.-зах.), шкл. камлюшок ’сцёрты венік’ (Мат. Маг.), камлі́, камле́, камлюкі́ ’валакно з ніжняй часткі трасты льну’, ’пачаскі з ніжняй часткі трасты льну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. коме́ль, рус. раз., наўг. ка́мель, паўн.-рус., калуж., арл. ко́мель ’камель раслін, дрэў’, ’ствол дрэва’, перм. ко́мень ’ствол дрэва’; польск. аструдск., варм.-мазурск. komle ’пачаскі пасля першага часання жмені льну ад каранёў’. Такім чынам, лексема пашырана на прыбалт. арэале, і суф. ‑ель можна лічыць роднасным да ст.-прус. ‑elis, літ. ‑ė̃lis. Утворана ад komъ > ком, камя́к (гл.). Параўн. таксама літ. kamė́nas, kamíenas ’камель дрэва’, лат. kamans ’тс’. Літ-py гл. Фасмер, 2, 302, Шанскі, 2 (К), 228.

Каме́ль2, мазыр. коме́ль ’бязрогая карова’ (З нар. сл.), каме́зы ’тс’ (смал., КЭС), камёзы ’лабаты, бязрогі’ (Гарэц., Др.-Падб.), камёзасць (Гарэц.). Укр. комо́лий, рус. комо́лый, коматый ’тс’, перм. комёл ’бязрогі бык’; ст.-польск. komoły, польск. gomoły, в.-луж. gomoły, чэш. komolý, chomolý, мар. gomoľa ’бязрогая карова’, славен. komȏł ’бязрогі’, komólčen ’локцевы’, серб.-харв. ко̀молац ’локцевая косць’. Прасл. komolъ роднаснае да komъ ’камяк’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-в.-ням. hamal, ст.-англ. hamola ’скалечаны’: ст.-грэч. κολοβός ’бязрогі’, хец. karmalussāi ’застацца пакалечаным, нерухомым’ (Махэк₂, 271; Фасмер, 2, 304; Слаўскі, 1, 315; Трубачоў, Эт. сл., 10. 174–175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пера- — прыстаўка дзеясловаў і іх вытворных з шырокай семантыкай (накіраванасць, паўтарэнне, паслядоўнасць, дасягненне выніку дзеяння і пад.): пераслаць, перабіць, перакласці, перачакаць і г. д. (ТСБМ). У якасці дзеяслоўнай прыстаўкі (якая з прасл. *per‑) пашырана ў адпаведных формах (> prě‑/pre‑/pere‑) па ўсёй слав. тэрыторыі ў асноўным значэнні ’праз’. У асобных дыялектах (мовах) ужываецца ў значэнні ’перад’: ст.-слав. прѣдѣдъ ’продак’, макед. предедо, пребаба, ст.-чэш. přiemluva ’уступ’, славац. priedomie ’дворык перад хатай, домам’. Шырока прадстаўленыя і іншыя значэнні дзеяслоўнай прыстаўкі: ’на другі бок’, ’перарваць’, ’перашкаджаць’, ’зрабіць нанава, зноў’ і інш. У назоўнікаў гэтая прыстаўка свайго значэння не мае. У прыметнікаў і прыслоўяў выступае ва ўзмацняльнай функцыі: ст.-слав. прѣбогатъ ’вельмі багаты’, прѣвеликъ ’вельмі вялікі’ і мае найбольш дакладныя і.-е. паралелі: літ. per‑dìdelis альбо per dìdelis ’тс’, permãžas ’вельмі малы’, лац. peramārus ’вельмі горкі, жудасны’, per‑bene ’вельмі добра, цудоўна’, ст.-грэч. (часціца) περ ’вельмі’, πέρι і περί ’тс’ (περικαλλής ’цудоўны’), ст.-інд. pari‑prī ’вельмі мілы’. У асноўным значэнні ’праз’ прасл. прэфіксу *per адпавядаюць: літ. per‑, дыял. par‑, лат. pār‑, авест. pairi, гальск. eri (ст.-ірл. ’з, для, з-за’), гоц. faír‑ (ням. ver‑), алб. për. Прыстаўка per‑ узыходзіць да прыназоўніка *per, які разам з *pro і *pri ўваходзіць у і.-е. групу прыназоўнікаў *p‑r‑, развіццё якіх паралельнае ў і.-е. мовах: гоц. faír‑/faúr/fra‑ адпавядае ст.-грэч. περί, παρά, πρό, ст.-інд. pári, purā, prā‑, авест. pairi, para‑, fra‑, лац. per, per‑ (por‑), pro, ст.-ірл. er‑ і ro‑. У аснове ўсіх іх ляжыць значэнне ’праніканне праз што-небудзь’ і ’да чаго-небудзь’ ці ’каля чаго-небудзь’ (Вальдэ-Гофман, 2, 283; Мее, Études, 155; Фасмер, 3, 236; ESSJ, 1, 162–169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)