ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.​Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,

від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.

Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт. Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.

Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб. «Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.

Публ.:

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нястры́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Якога немагчыма стрымаць, утрымаць. Натоўп рынуўся да вагонаў нястрымнай дзікаватай лавінай. Кулакоўскі. Смех — гучны, нястрымны смех — так і падхапіў.. [Сілівона]. Лынькоў.

2. Такі, якога цяжка ўтаймаваць; які з цяжкасцю стрымліваецца. У такіх выпадках [калі статку пагражае небяспека] зубры заўсёды становяцца асабліва злымі, лютымі і нястрымнымі ў нападзе. В. Вольскі. [Сцяпан] разважлівы, калі што-небудзь абдумвае, нястрымны і лаканічны, калі спрачаецца. Ярош.

3. Такі, што цяжка вытрымаць; нясцерпны, невыносны. Арлоўскі рвануўся, каб устаць. Першае, што ён адчуў ад гэтага руху, быў нястрымны боль, які працяў яго навылёт. Паслядовіч. У духоўцы ў нястрымнай гарачыні пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.

2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ра, -ы, мн. -ы, мер, ж.

1. Адзінка вымярэння.

М. даўжыні.

М. вагі.

2. Велічыня, ступень чаго-н.

3. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго-н.

Прыняць рашучыя меры.

Меры сацыяльнай асцярогі.

◊

Знаць меру — праяўляць умеранасць у чым-н.

У меру —

1) дастаткова, 2) якраз столькі, колькі і трэба.

У адной меры — такі самы, як і быў раней, без змен.

Па меры чаго, прыназ. з Р — у адпаведнасці з чым-н., супадаючы з чым-н.

Па меры сіл.

Па меры магчымасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

невядо́мы, -ая, -ае.

1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы.

Н. востраў.

2. Які не карыстаецца вялікай папулярнасцю; малавядомы.

Н. аўтар.

3. Нязведаны, не перажыты раней.

Невядомае пачуццё.

4. у знач. наз. невядо́мы, -ага, м.; невядо́мая, -ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая.

Прыходзіў н.

5. у знач. наз. невядо́мае, -ага, н. Аб чым-н. нязведаным.

Крок у невядомае.

6. у знач. наз. невядо́мае, -ага, н. У матэматыцы: велічыня, якую трэба знайсці.

Ураўненне з двума невядомымі.

|| наз. невядо́масць, -і, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

beginning [bɪˈgɪnɪŋ] n. пача́так;

at the beginning of the year у пача́тку го́да;

from beginning to end з пача́тку да канца́;

in the beginning спача́тку

♦

the beginning of the end пача́так канца́;

a good beginning is half the battle ≅до́бры пача́так – глядзі́, ско́ра канча́так;

a bad beginning makes a bad ending які́ пачатак, такі́ і кане́ц

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Каршу́н 1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н 2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун 1.

Каршу́н 3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дако́р, ‑у, м.

Папрок, незадавальненне, выказаныя каму‑н. або ў дачыненні да каго‑н. — Аскольд, чаму ж вы шклянак не вынеслі? — кінула ласкавы дакор трактарысту дзяўчына. Пальчэўскі. Кіпіць работа цяжкая Ад рання і да ночы, Ніхто не йдзе з дакорамі — Такі ўжо люд рабочы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Надакучыць, абрыднуць. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога .. і лес усё ж такі дакучылі яму. Колас. А сонейка, сонейка, да заходзь жа скоранька! Як ты мне дакучыла, раненька усходзячы. З нар. песні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)