ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),
расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад.АНСССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.І.Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАВА (Віялета Ігараўна) (н. 17.11.1941, г.п. Чэрлак Омскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і анкалогіі. Д-рмед.н. (1997), праф. (1999). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1964). З 1964 у БелНДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1981 заг. аддзела). Навук. працы па гарманальна-метабалічных узаемаадносінах у сістэме «пухліна—арганізм», біяхім. перабудовах у арганізме анкалагічных хворых пры комплексным і камбінаваным лячэнні, пухлінных маркёрах, паказчыках электроннага парамагнітнага рэзанансу ў дыягностыцы раку.
Тв.:
Рак и циклические нуклеотиды: Механизмы опухолевого роста, гормоночувствительность опухолевой ткани, пробл. клинич. онкологии. Мн., 1993 (разам з Л.М.Берштэйнам, Я.Ф.Канаплёй);
Лабораторная оценка побочных реакций организма на многокомпонентную химиотерапию злокачественных опухолей у детского контингента больных (у сааўт.) // Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Георгій Міхайлавіч) (29.4.1934, с. Ківерычы Рамешкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 12.4.1997),
бел. вучоны ў галіне хіміі нафты і торфу. Д-рхім.н. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1959). З 1975 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі (у 1988—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. тэхналогіі гаручых выкапняў, даследаванні хім. саставу і выкарыстанні тарфянога воску. Распрацаваў новыя спосабы вылучэння бітумаў з торфу і бурага вугалю, спосаб атрымання канцэнтратаў нафтавых меркаптанаў.
Тв.:
Эмульгирующиеся составы, содержащие торфяной воск (разам з Н.І.Лыч, Г.І.Крот) // Новые процессы и продукты переработки торфа. Мн. 1982;
Эфирные битумы торфа (разам з В.С.Голубевай, А.В.Гусінцавай) // Химия твердого топлива. 1988. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫЛЁВА-КО́РБА (Ганна Паўлаўна) (дзявочае Мейнгард; 21.11.1849, г. Цвер, Расія — 1939),
расійская рэвалюцыянерка-народніца. Ў 1874—77 у Мінску ўдзельнічала ў стварэнні Т-ва дапамогі вучням, зборы сродкаў на карысць нац.-вызв. руху балканскіх славян, у эвакуацыі параненых і хворых у рус.-тур. вайну 1877—78. У рэв. руху з 1879, са студз. 1880 чл. Выканкома «Народнай волі». Працавала ў рэдакцыі газ. «Народная воля». Удзельніца падрыхтоўкі замахаў на Аляксандра II. У 1882 арыштавана. Засуджана па працэсе 17-і на 20 гадоў катаргі. У 1905 амнісціравана, жыла ў Маскве; у 1909 арыштавана, выслана ў Мінусінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан.
Тв.:
«Народная воля»: Воспоминания о 1870—1880-х гг.М., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАЎ (Мікалай Паўлавіч) (25.1.1895, в. Грышова Бабынінскага р-на Калужскай вобл., Расія — 28.3.1958),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1926), удасканалення Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Войскі 13-й арміі на чале з ген.-лейт. П. вызначыліся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра, вызвалілі г.п. Камарын Брагінскага р-на Гомельскай вобл., захапілі плацдарм на правым беразе Прыпяці. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—58. Аўтар успамінаў «Гады выпрабаванняў» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 26.6.1938, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),
бел. фізік-тэарэтык. Канд.фіз.-матэм.н. (1965). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1973 у Ін-це прыкладных фіз. праблем пры БДУ (заг. лабараторыі, аддзела), з 1990 нам. дырэктара Ін-та цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы плазмы, радыяцыйнай газавай дынаміцы, фізіцы ударных хваль і ўздзеянні канцэнтраваных патокаў энергіі на рэчыва. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Действие излучения большой мощности на металлы. М., 1970 (у сааўт.);
Численное моделирование обтекания космических тел гиперзвуковым потоком газа при их прохождении через плотные слои атмосферы (разам з В.Я.Окуневым) // Инж.-физ. журн. 1999. Т. 72, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав.Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав.Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.