КАРНЭ́ ((Carné) Марсель) (18.8.1909, Парыж — 1994),

французскі кінарэжысёр. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (з 1979), Франц. акадэміі кінамастацтва (з 1982). Гал. тэма творчасці — няўстойлівасць, зыбкасць свету і чалавечых адносін, адзіноцтва чалавека. Сярод фільмаў: «Пацешная драма» (1937), «Набярэжная туманаў» (1938), «Дзень пачынаецца» (1939), «Дзеці райка» (1944, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1946), «Учарашнія наведвальнікі» (1947), «Жульета, або Ключ да сну» (1951), «Тэрэза Ракен» (1953), «Тры пакоі ў Манхэтэне» (1965), «Забойцы ў імя парадку» (1970, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1971), «Падманшчыкі» (1988).

Літ.:

Сокольская А. Марсель Карне. Л., 1970.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́БКІН (Уладзімір Андрэевіч) (н. 2.11.1940, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. канструктар і вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1986). Скончыў БПІ (1964). З 1964 на Мінскім трактарным з-дзе (МТЗ), з 1981 нач. і гал. канструктар асобнага КБ ВА «МТЗ», адначасова з 1994 у БПА. Навук. працы па праектаванні і канструяванні базавых шасі транспартных машын. Пад яго кіраўніцтвам створаны і запушчаны ў серыйную вытворчасць гусенічныя шасі для машын спец. прызначэння, а таксама лясныя, шахтавыя, камунальныя і дарожна-буд. машыны на базе колавых трактароў. Ленінская прэмія 1986.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН (Апалон Канстанцінавіч) (1833, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 25.11.1902),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Рышэльеўскі ліцэй у Адэсе і Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Парыжскім ун-це і Франц. калежы. У 1881—94 чл. Дзярж. савета. З 1886 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1891 дырэктар гасп. дэпартамента. У 1892—94 міністр шляхоў зносін. Па яго прапанове створаны Гал. інспекцыя шашэйных і водных дарог, суднаходныя інспекцыі пры начальніках дыстанцый на рэках Масква, Ака, Зах. Дзвіна, упраўленне па буд-ве Сіб. чыгункі. Апошнія гады жыў у Шклове.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕРСІ́Т [ад ням. назвы Kuckers сяла Кукрузэ (Эстонія)],

масіўная, плітчастая, глініста-мергелістая горная парода; разнавіднасць гаручых сланцаў. Трапляецца ў адкладах сярэдняга ардовіку. Пашырана ў Прыбалтыйскім сланцавым басейне. Гал. кампаненты: кераген (арган. рэчыва, 20—70%), тонказярністы абломачны матэрыял, карбанат кальцыю. Тонкія пласты (0,03—0,6 м) з найб. колькасцю К. аб’ядноўваюць у прамысл. пласт (магутнасць да 5 м). Попельнасць 40—60%, цеплатворная здольнасць 10,5—11,6 МДж/кг. Выкарыстоўваецца як паліва, для атрымання быт. газу, бензіну, бітумаў і інш., попел — у вытв-сці буд. матэрыялаў, для вапнавання глебы.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМА́,

рака на Паўн. Каўказе ў Расіі. Даўж. 802 км, пл. басейна 33,5 тыс. км². Вытокі на паўн. схілах Скалістага хр. У вярхоўі цячэ ў высокіх і стромкіх берагах, сярэдняе цячэнне ў шырокай даліне. Пасля выхаду на Прыкаспійскую нізіну рэчышча падзяляецца на рукавы, воды якіх звычайна не дасягаюць Каспійскага м. Гал. прыток — Падкумак. Высокія веснавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні 11,9 м³/с. Воды вызначаюцца высокай мутнасцю. Выкарыстоўваецца для арашэння (Церска-Кумскі і Кума-Маныцкі каналы). Адказненскае вадасховішча. На К. гарады Мінеральныя Воды, Зеленакумск, Будзёнаўск.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТ,

шматгадовая дрэвавая расліна, якая ў адрозненне ад дрэва разгаліноўваецца каля паверхні глебы. Гал. ствол маюць маладыя расліны, потым ён губляецца сярод новых стволікаў, якія ўтвараюцца са спячых пупышак каля асновы парасткаў. Выш. К. 0,8—6 м, працягласць жыцця — да некалькіх соцень гадоў. Пашыраны ва ўсіх раслінных зонах. У лясах умеранага пояса звычайна ўтвараюць падлесак. Форму К. могуць набываць дрэвы ў неспрыяльных кліматычных і глебава-прыродных умовах. Многія К. лек. (напр., бузіна, каліна, шыпшына), харч. (напр., агрэст, барбарыс, ляшчына, парэчкі), дэкар. (напр., бружмель, брызгліна, жарновец) расліны.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВАЧКІН (Сямён Аляксеевіч) (11.9.1900, Смаленск, Расія —9.6.1960),

савецкі авіяканструктар. Чл.-кар. АН СССР (1958). Ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1943, 1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1927). З 1929 працаваў у розных авіяц. КБ, з 1935 гал. канструктар па самалётабудаванні, з 1939 узначаліў КБ. Пад яго кіраўніцтвам створаны самалёты-знішчальнікі Ла-5, -7, -9, -11, -15, -176, -190, -200, ЛаГГ-1, -3 (разам з В.​П.​Гарбуновым і М.​І.​Гудковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1948.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Яўген Барысавіч) (н. 9.7.1932, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання і апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1955). У 1968—69 нам. гал. рэдактара Бел. Сав. Энцыклапедыі, з 1969 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў ціскам, распрацоўцы канструкцый тэхнал. абсталявання.

Тв.:

Самоходные погрузчики. М., 1963 (разам з Я.​А.​Волчакам, М Д.​Бернштэйнам);

Новые материалы в технике. Мн., 1971 (разам з Я.​І.​Бельскім, А.​М.​Дзмітровічам);

Прокатка в порошковой металлургии. М., 1987.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,

помнік архітэктуры франц. готыкі 12—13 ст. у г. Лан. Пабудаваны ў 1150—1215 на месцы сабора, што згарэў у 1111. Крыжападобная ў плане 3-нефавая базіліка ўключае гал. неф з галерэяй і трыфорыем, трансепт, фланкіраваны 4 вежамі (2 не скончаны), хор без апсіды, квадратную ў плане вежу-ліхтар над сяродкрыжжам. Зах. фасад з 3 парталамі і традыц. акном-ружай фланкіраваны 2 вежамі з фігурамі быкоў. У інтэр’еры вітражы (у хорах — 13 ст.), рашотка хораў 18 ст.

Ланскі сабор.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)