ФЕ́ЦІ (Fetti, Feti) Даменіка (каля 1588, Рым — 16.4.1623), італьянскі жывапісец. Вучыўся ў Рыме ў Л.​Чыголі. Зазнаў уплыў Караваджа, А.Эльсхаймера, майстроў венецыянскай школы 16 ст. З 1613 прыдворны мастак герцага Фердынанда Ганзага ў Мантуі, з 1622 працаваў у Венецыі. Творчасці ўласцівы тонкія па каларыстычным вырашэнні карціны, у якіх сюжэты міфалаг. («Геро і Леандр»), Старога і Новага Запаветаў трактуюцца як быт. сцэны, змешчаныя ў пейзажы або інтэр’еры, эмацыянальна сугучныя перажыванням персанажаў: «Вылячэнне Тавіта», «Прытчы», «Уцёкі ў Егіпет». Творы вылучаюцца прастатой і яснасцю кампазіцыі, свабоднай манерай пісьма.

Д.Феці. Геро і Леандр.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́МА ДА КАНЕЛЬЯ́НА (Cima da Conegliano) Джавані Батыста (каля 1459—1517 або 1518),

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся у Дж.Беліні. Зазнаў уплыў А. да Месіна, Джарджоне, ранняга Тыцыяна. Працаваў у Венецыі. Яго жывапіс вылучаецца характэрным для венецыянскай школы гучным залацістым каларытам, велічнай урачыстасцю кампазіцыі, паэт. адчуваннем сувязі чалавека з сусветам: «Мадонна са святымі» (1493), «Дабравешчанне» (1495), «Увядзенне ў храм» (каля 1500), «Мадонна з дзіцем і святымі Міхаілам і Андрэем» (каля 1505), «Апостал Пётр» (1516).

Чыма да Канельяна. Мадонна з дзіцем і святымі Міхаілам і Андрэем. Каля 1505.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛЕНТА́НА (Celentano) Адрыяна (н. 6.1.1938, Майланд, Італія),

італьянскі кінаакцёр і рэжысёр, эстрадны спявак. У кіно з 1959. Яркі камед. акцёр, яму ўласцівы гумар, эксцэнтрычнасць, вострая пластыка: «Серафіна» (1968), «Блеф» (1976), «Утаймаванне свавольніка» (1981), «Ён горшы, чым я» (1985) і інш. Як рэжысёр дэбютаваў парадыйнай камедыяй «Супераграбленне ў Мілане» (1965). У сваіх фільмах выступае адначасова як выканаўца гал. роляў, аўтар музыкі і песень (мюзіклы «Юпі-Ду», 1975; «Джаан Он», 1986). У творчасці спалучае традыцыі неарэаліст. камедыі і італьян. фальклору з сучаснымі эстр. і танц. рытмамі.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАГА́ДРА (Avogadro) Амедэо (9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),

італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.​В.​Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл. Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз. Авагадра пастаянная.

Літ.:

Быков Г.В. Амедео Авогадро. М., 1970.

А.Авагадра.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛО́ТА (Bellotto) Бернарда (30.1.1720, Венецыя — 17.10.1780),

італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.

Б.Белота. Від на мост Наві ў Вероне. Каля 1770.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛУ́ЧЫ (Bertolucci) Бернарда (н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),

італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.​Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГАНО́ (Vigano) Сальваторэ (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.​Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.​Бетховена, Дж.​Расіні, В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Г.​Спанціні і інш.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр. Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.​Перуцы і А. да Сангала Малодшага.

Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).

Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр. ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка

(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),

італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).

Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЧЫ (Gucci) Санці (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),

італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.​Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)