заплаці́ць, ‑плачу, ‑плаціш, ‑плаціць; зак.

1. што і без дап. Аддаць грошы або якую‑н. іншую плату за што‑н. Заплаціць узносы. □ У адной бабулькі Вера Антонаўка выбрала два аднолькавыя букеты дочкам і, патаргаваўшыся, заплаціла. Карпаў. // перан. Адплаціць. Заплаціць шчырасцю за шчырасць.

2. перан.; чым. Паплаціцца. Заплаціць галавой. □ Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка.

•••

Дорага б заплаціў — тое, што і дорага б даў (гл. даць).

Дорага заплаціць за што — многім паплаціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́льба, ‑ы, ж.

1. Смутак, туга, бедаванне. «Вось і ўсё, — з жальбай паглядзеўшы на школу, падумала былая настаўніца, — больш мне сюды ніколі не прыйсці, не сустрэцца з гаманлівай дзетварой». Шчарбатаў. Шчырасць бабулі і гэтыя яе слёзы ўзрушылі Андрыяна. Нейкая жальба падступала да горла, перашкаджала гаварыць. Марціновіч.

2. Скарга, нараканне. Здаецца, усё разумее Люба, але больш маўчыць, як бы носіць у сабе затоеную жальбу і крыўду на кагосьці, вядомага толькі ёй. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАЗЛО́ЎСКІ Іван Сямёнавіч (24.3.1900, с. Мар’янаўка Васількоўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.12.1993),

расійскі і ўкраінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1940). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1917—19). З 1924 у оперных т-рах Палтавы, Харкава, Свярдлоўска. У 1926—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Высокае драм. дараванне, пеўчае майстэрства, эмацыянальная цеплыня і шчырасць выканання дазволілі яму стварыць вак.-сцэн. вобразы, якія ўвайшлі ў гісторыю опернага мастацтва: Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні); выканаў партыі Ленскага, Альфрэда, Фауста, Андрэя і Альмавівы ў пастаноўках (усяго 11 спектакляў) Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў 1953. Арганізатар і кіраўнік (1938—41) канцэртнага ансамбля оперы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

Літ.:

Кузнецова А.С. Народный артист Страницы жизни и творчества И.​С.​Козловского. М., 1964.

І.С.Казлоўскі.
І.Казлоўскі ў ролі Альмавівы з Т.​Ніжнікавай пасля спектакля.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯ́Ш Ніна Іосіфаўна (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.​Аліўе, Ж.​Сіменона, А.​Сент-Экзюперы, Л.​Кастэнкі, В.​Барны, В.​Шымборскай і інш., паасобныя творы П.​Беранжэ, П.​Мерыме, Ф.​Шылера, Ю.​Славацкага, Т.​Хрусцялеўскага, А.​Гаўрылюка, П.​Маха і інш.

Тв.:

Паварот на лета. Мн., 1986;

Паміж усмешкай і слязой. Мн., 1993;

Палёт над жытам. Брэст, 1997.

У.​С.​Ліпскі.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЎЦО́Ў Уладзімір Мітрафанавіч (н. 3.4.1943, в. Гута Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка і распрацаванасць характару вобраза, шчырасць і эмацыянальнасць. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Прокусаў («Верачка» А.​Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» І.​Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А.​Дударава), Максім («Выклік багам» А.​Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г.​Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А.​Дударава). Сярод. інш. роляў: Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес», А.​Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.​Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В.​Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э.​Радзінскага), Ён («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю.​Ломаўцава) і інш. Выступае на тэлебачанні з монаспектаклямі, на радыё. Зняўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.

Р.​І.​Баравік.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА Данута Янаўна (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.​Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.​Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.​Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.​Яновічам).

Тв.:

Ты — гэта ты. Мн., 1976;

Браткі. Мн., 1979;

Даўняе сонца. Мн., 1987;

А на Палессі. Мн., 1990.

Літ.:

Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.

І.​У.​Саламевіч.

Д.Я.Бічэль-Загнетава.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРА́МЧЫК Мікола (Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, Л.​Украінкі, М.​Джаліля, Г.​Эміна, паэму М.​Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;

Агледзіны. Мн., 1969;

Анкета. Мн., 1990.

Літ.:

Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;

Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.

І.У. Саламевіч.

М.Аўрамчык.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ Еўдакія Якаўлеўна (1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.7.1977),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вучэбна-пед. выдавецтве Беларусі, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. паэзіі «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыентацыя на перажытае — рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971), «Высакосны год» (1973), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975) і інш.

У зб-ках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961; «Казка пра Ласку», 1963; «Вяселікі», 1964; «Зайчык-выхваляйчык», 1970; «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка, у Віцебску ёй пастаўлены помнік.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Вянцы зруба: Выбранае. Мн., 1969;

Лірыка. Мн., 1975;

Смачныя літары. Мн., 1978;

Валошка на мяжы. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

У.​В.​Гніламёдаў.

Е.Я.Лось.

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),

англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.​Мілесам, У.​Х.​Хантам (зазналі ўплыў М.​Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл. Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.​Тэнісан, А.​Ч.​Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.​Крэйн, Дж.​Ф.​Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.​Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Прэрафаэліты. У.​Х.​Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.
Да арт. Прэрафаэліты. Д.​Г.​Расеці. La Ghirlandata. 1873.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРА́ Гнат Пятровіч (8.1.1888, с. Падлеснае Аляксандраўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 18.1.1966),

украінскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1940). На сцэне ў т-рах Украіны з 1907. Адзін з заснавальнікаў Укр. т-ра імя І.​Франко (1920, у Вінніцы, з 1926 у Кіеве) і яго маст. кіраўнік (да 1961, з 1954 з М.​Крушальніцкім), акцёр і рэжысёр. З 1938 выкладаў (з 1946 праф.) у Кіеўскім тэатр. ін-це імя І.​Карпенкі-Карага. Яркі камед. акцёр, яму ўласцівы праўдзівасць пачуццяў, нар. гумар, сакавітасць быт. характарыстык, шчырасць. Сярод роляў: Мартын Баруля, Банавентура, Цярэшка Сурма («Мартын Баруля», «Сто тысяч», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Лука («На дне» М.​Горкага), Швейк («Прыгоды ўдалага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака) і інш. Паставіў спектаклі: «97» М.​Куліша (1924, і роля Мусія Капысткі), «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1933, роля Фігаро), «Украдзенае шчасце» Франко (1940), «Маруся Багуслаўка» М.​Старыцкага (1941), «Макар Дубрава» (1948) і «Калінавы гай» (з Б.​Нордам, 1950) А.​Карнейчука, «Вяселле Свічкі» І.​Качаргі (1960) і інш.; у іх глыбокае адчуванне народнасці, выразныя прыкметы нац. асаблівасцей характараў, майстэрства распрацоўкі масавых сцэн. Здымаўся ў кіно («Праметэй», 1936; «Кармялюк», 1939; «Тарас Шаўчэнка», 1951, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Тв.:

Життя і сцена. Київ, 1965.

Літ.:

Бобошко Ю.Н. Г.​П.​Юра. Киев. 1960.

Г.П.Юра.

т. 18, кн. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)