МЕТАСТРАНГІЛІ́ДЫ (Metastrongylidae),

сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.

Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.

Да арт. Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

акантацэфа́лы

(ад гр. acantha = калючка + kephale = галава)

клас нематгельмінтаў, чэрві з вераценападобным целам даўжынёй ад 1 да 65 см, якія з’яўляюцца паразітамі рыб, птушак і млекакормячых; скрэбні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра... грэч. bios жыццё),

жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],

псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.

Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],

арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).

Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кінары́нхі

(н.-лац. kinorhyncha)

клас нематгельмінтаў, чэрві з пляскатым целам даўжынёй да 1 мм, расчлененым на ўчасткі, з венчыкам шыпоў або кручкоў і хабатком, якія жывуць у марскім грунце.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адэнафарэ́і

(н.-лац. adenophorea)

падклас нематодаў, чэрві з органамі асязання дотыку па ўсім целе; жывуць пераважна ў морах, радзей у прэсных водах і глебе, некаторыя — паразіты раслін і жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

немерці́ны

(н.-лац. nemertini, ад гр. Nemertes = імя адной з нерэід)

тып скалецыдаў чэрві з падоўжаным целам (ад 0,5 мм да 30 м), якія жывуць пераважна на дне мораў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Нерх ’лёгкая неўраджайная зямля’ (ТС), нерхова́ты ’неўраджайны, лёгкі (аб зямлі)’ (ТС). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. nierzch ’нераст, ікра’, што адлюстроўвае знешняе падабенства, параўн.: «Земля — нерх, бі чэ́рві ее поточылі. Вона бі чорна, але непло́тна» (ТС), тады ўсё да нераст (гл.), якое можа мець значэнне ’ікра ў рыб, жаб’ і інш. У сувязі з апошнім параўн. укр. нерость, нерість ’усё зямное (акрамя вады), што не расце і што не створана штучна: зямля, каменні, металы, г. зн. наогул мінералы’ (Грынч., да рости ’расці’), што дапускае змяшэнне з нересть ’апладненне ў рыб, змей; сварка’ (там жа). Ва ўсякім разе здзіўляе поўная ідэнтычнасць слова з рэканструкцыяй прасл. *nerьchъ ⩽ nerĭs‑os ’нераст, ікра’ (Шустар-Шэўц, 13, 996), магчыма, першаснае значэнне грунтуецца на ўяўленні пра ікру земнаводных ці чарвякоў. Гл. няршы́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пайкіласматы́чны

(ад гр. poikilos = розны, пераменлівы + osmos = ціск)

п-ыя жывёлы — жывёлы, якія маюць такі ж асматычны ціск вадкасцей унутранага асяроддзя, як і ў навакольнай вадзе (прасцейшыя, кольчатыя чэрві, малюскі, ігласкурыя); параўн. гомайасматычны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)