БАЛЬНЕАТЭРАПІ́Я (ад лац. balneum лазня, купанне + тэрапія),

метады лячэння, прафілактыкі і аднаўлення парушаных функцый арганізма, заснаваныя на выкарыстанні прыродных і штучна прыгатаваных мінеральных водаў. Асн. пашыраныя працэдуры бальнеатэрапіі: агульныя і мясц. ванны, купанне ў лячэбных басейнах, пітное спажыванне водаў, прамыванне-арашэнне кішэчніка, інгаляцыі. Патрэбны эфект пры бальнеатэрапіі дасягаецца праз хім., тэмпературнае, радыяцыйнае і інш. ўздзеянні на абмен рэчываў у арганізме, вегетатыўную сістэму, кроў, рэфлекторныя, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, функцыян. стан клетак, тканак і органаў. Забяспечваецца пэўным падборам дазіровак, паслядоўнасці ўжывання і відаў мінер. водаў. Бальнеатэрапія — асн. метад прафілактыкі і лячэння шэрагу хвароб на бальнеалагічных курортах.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку),

пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.

Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. radiatio ззянне, бляск),

электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне. Узнікае пры ядз. пераўтварэннях (гл. Радыеактыўнасць), выпрамяненні Сонца (сонечная радыяцыя), астрафіз. працэсах у Сусвеце (касмічныя прамяні). Пашырана разуменне Р. як радыеактыўнага — іанізавальнага выпрамянення, калі ўзаемадзеянне патокаў элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў з пэўным асяроддзем вядзе да іанізацыі яго атамаў і малекул. Характарызуецца дозамі выпрамянення, вымяраецца дазіметрычнымі прыладамі. Уплывае на жывыя арганізмы (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў), выкарыстоўваецца для кансерватыўнага лячэння злаякасных пухлін і інш. (гл. Прамянёвая тэрапія). Пра небяспеку радыяцыйнага забруджвання біясферы і метады барацьбы з непажаданымі наступствамі Р. гл. ў арт. Радыяцыйная бяспека, Радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

баратэрапі́я

(ад бара- + тэрапія)

выкарыстанне з лячэбнай мэтай паніжанага або павышанага атмасфернага ціску.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аксігенатэрапі́я

(ад аксіген + тэрапія)

штучнае ўвядзенне кіслароду ў арганізм чалавека з лячэбнай мэтай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вакцынатэрапі́я

(ад вакцына + тэрапія)

метад лячэння некаторых інфекцыйных хвароб увядзеннем вакцыны (параўн. вакцынацыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гальванатэрапі́я

(ад гальвана- + тэрапія)

выкарыстанне пастаяннага электрычнага току нізкага напружання з лячэбнай мэтай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхатэрапі́я

(ад псіха- + тэрапія)

метад лячэння хвароб псіхічнымі ўздзеяннямі на хворага, напр. гіпнозам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

таласатэрапі́я

(ад гр. thalassa = мора + тэрапія)

комплекснае лячэнне марскім кліматам і марскімі купаннямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),

захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)