кідо́к, ‑дка, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. кідаць (у 1 знач.). Кідок мяча ў сетку. □ Леанід Прыгожы трапнымі кідкамі гранат і агнём з аўтамата знішчыў 8 гітлераўцаў. «Звязда».

2. Хуткае, імклівае перамяшчэнне з аднаго месца ў другое без перапынкаў, за адзін прыём. Камандзір танка гвардыі лейтэнант Анатолій Рак не давёў сваёй машыны да Мінска, але яго мужны кідок праз Бярэзіну ў горад Барысаў забяспечыў магчымасць цэлай часці зрабіць крок наперад. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здо́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Які мае здольнасць (у 1 знач.); які можа або ўмее што‑н. рабіць. Здольны захапляцца. □ Высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. Героі любоўнай лірыкі Танка — маральна здаровыя людзі, яны здольны на глыбокае і моцнае пачуццё. У. Калеснік.

2. Які мае здольнасці (у 2 знач.); таленавіты. Здольны артыст. Здольны інжынер. □ «Няўжо гэта праўда, што .. [Аленка] такая здольная?» — думаў Сцёпка і не хацеў даваць веры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пласты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пластыкі, уласцівы ёй. Пасля пластычнай гімнастыкі .. [актрыса] прымала халодны душ і садзілася за масаж твару. Рамановіч. «Кантакт» з мастацтвам у паэзіі Максіма Танка выяўляецца і... праз шматлікія асацыятыўныя масткі да краіны тэм і вобразаў пластычных мастацтваў. Рагойша.

2. Здольны пад высокім ціскам мяняць форму; не ломкі. Пластычныя матэрыялы.

3. Спец. Звязаны з перасадкай скуры. Пластычная хірургія. Пластычная аперацыя.

•••

Пластычная маса гл. маса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрагме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асобная частка, урывак якога‑н. кампазіцыйнага цэлага (звычайна пра творы мастацтва). Фрагменты насценных роспісаў. □ Відны [на карціне] фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». Пейзажныя фрагменты ў вершах Танка перыяду «Нашай волі» падпарадкаваны грамадскай тэме. У. Калеснік. У старадаўняй Русі летапісы.. вяліся ва ўсіх колькі-небудзь значных гарадах, але ад Полацкага летапісання.. асталося толькі некалькі фрагментаў у складзе Іпатаўскага летапісу. «Полымя».

[Ад лац. fragmentum — абломак, кавалак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛТА́КІС ((Baltakis) Альгімантас) (н. 15.2.1930, в. Страздзішкіс Анікшчайскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Калі дожджык імжыць» (1955), «Чортаў мост» (1957), «Падземныя рэкі» (1965, Дзярж. прэмія Літвы 1966), «Хлеб і воблакі» (1973), «Дэдыкацыі» (1975), «Элегіі Страздзішкіса» (1979), «Наш вечар» (1986), «Уздых» (1993). Яго творы вызначаюцца эмацыянальнай адкрытасцю, у іх светаўспрыманне маладога пакалення пасляваен. Літвы, рэчава-канкрэтная паэтыка гарадскіх будняў. На літоўскую мову пераклаў кнігу паэзіі Р.​Барадуліна «Бусел на даху» (1981), паасобныя вершы М.​Танка. На бел. мову творы Балтакіса перакладае Р.​Барадулін.

Тв.:

Rinkt. raštai. T. 1—2. Vilnius, 1983;

Рус. пер. — Высокий потолок: Стихи и поэма. М. 1965.

А.​Лапінскене.

А.Балтакіс.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЛЕ́ТАПІС»,

штомесячны культурна-грамадскі і літаратурны часопіс, орган Таварыства беларускай школы (ТБШ). Выдаваўся з мая 1933 да вер. 1939 у Вільні на бел. мове. У 1934—35 не выдаваўся ў сувязі з забаронаю ўладамі. Да крас. 1936 наз. «Летапіс Таварыства беларускай школы», да снеж. 1936 — «Летапіс». Падтрымліваў ідэі Нар. фронту. Выступаў за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове. Папулярызаваў бел. фальклор, крытыкаваў мадэрнізм, выступаў за народнасць л-ры і мастацтва. Змяшчаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, Р.​Шырмы, М.​Васілька, М.​Машары, А.​Іверса і інш., пераклады. Пісаў пра дзейнасць ТБШ, Бел. студэнцкага саюза, бел. эміграцыі. Выйшла 19 нумароў (асобныя здвоеныя, строеныя).

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, П.​Глебкі, П.​Прыходзькі, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РУС (Сямён Пятровіч) (н. 21.11.1925, в. Кунічна Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Віленскі маст. ін-т (1952). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—67). У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты К.​Каліноўскага (1953), Ф.​Скарыны (1954), Я.​Цікоцкага (1957), П.​Броўкі (1967), А.​Русака (1971), М.​Танка (1975), А.​Міцкевіча (1977), М.​Багдановіча (1981), Я.​Коласа (1982), А.​Бембеля (1983), Н.​Арсенневай, Л.​Геніюш, С.​Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусв. фестывалю студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, серыя), пейзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Мінск» (1995—96, серыя), тэматычныя кампазіцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)