ПЯТРО́ВІЧ (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 6.6.1926, в. Дусаеўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (1967). З 1952 у Дзярж. нар. хоры Беларусі. У 1954—95 артыст хору Нац. акад. т-ра оперы Беларусі.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бард

(кельц. bard)

1) паэт-спявак у старажытных кельтаў;

2) аўтар і выканаўца аўтарскай песні;

3) перан. паэт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бахшы́

(цюрк. bagšy)

1) народны спявак, музыкант, паэт у народаў Сярэд. Азіі;

2) шаман у некаторых цюркскіх народаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРСЕ́НКА (Арсен Дзіянісавіч) (15.3.1903, г.п. Новая Вадалага Харкаўскай вобл. — 30.8.1945),

бел. і ўкр. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Харкаўскі муз.-драм. тэхнікум (1928). З 1928 у оперных т-рах Украіны, з 1936 у Вял. т-ры СССР. З 1937 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Арсенкі вылучалася высокай вак. культурай, арыгінальнасцю ў муз. і сцэн. трактоўцы вобразаў. Першы выканаў гал. партыі ў операх «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (Кузьміч), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (Андрэй). Найб. значная работа — вобраз Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Інш. партыі: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Ялецкі, Анегін («Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Выступаў як камерны спявак.

Літ.:

Смольскі Б. Арсен Арсенка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

А.​Дз.Арсенка.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЮ́К (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.​Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.​Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.​Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (1981).

Т.​Г.​Мдыват.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Іаахім) (1853, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 16.3.1898),

бел. спявак, арганіст, кампазітар. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—78. Працаваў арганістам у Гродне і Вільні. Пісаў месы, танцы, маршы, оперу «Паята» на сюжэт з літ.-бел. гісторыі (не скончана), музыку на словы А.​Міцкевіча і У.​Сыракомлі.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЫ ((Peri) Якопа) (20.8.1561, Рым — 12.8.1633),

італьянскі кампазітар, спявак; адзін з заснавальнікаў жанру оперы. Прадстаўнік т.зв. фларэнційскай камераты (гуртка). Напісаў (з Я.​Корсі) музыку першай оперы «Дафна» (на тэкст паэта А.​Рынучыні; паст. 1597—98; фрагменты музыкі П. не зберагліся), оперы «Эўрыдыка» (паст. 1600; выканаў у ёй партыю Арфея). Аўтар духоўнай музыкі, камерна-вак. твораў.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Jódler m -s, -

1) пе́сня (на цірольскі лад)

2) спява́к (які спявае на цірольскі лад)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр. Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930, педагогі В.​Цвяткоў і А.​Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у Айч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.​Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны).

Літ.:

Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.​М.​Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

І.М.Балоцін.
І.Балоцін у ролі Яўгена Анегіна.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Якуб («Марынка» Р.​Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).

Л.Ф.Бражнік.
Л.Бражнік у ролі Грэміна.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)