ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),

Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10​−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.​Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.

Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЦІНАВЫЯ МЕТА́ЛЫ,

сям’я з 6 хім. элементаў VIII групы перыяд. сістэмы: рутэній (Ru), родый (Rh), паладый (Pd), осмій (Os), ірыдый (Ir), плаціна (Pt). Адносяцца да рэдкіх элементаў. Разам з золатам і серабром складаюць групу высакародных металаў.

Серабрыста-белыя металы з рознымі адценнямі. Маюць блізкія фіз. і хім. ўласцівасці; найб. падобныя ўласцівасцямі пары элементаў: Ru — Os; Rh — Ir, Pd — Pt. Тугаплаўкія: мінім. tпл 1554 °C у Pd, макс. — 3027 °C у Os. Паводле шчыльнасці падзяляюць на лёгкія (Ru — Pd) і цяжкія (Os — Pt). Добра паддаюцца мех. апрацоўцы Pt, а таксама Pd і Rh; Ru, Os i Ir больш цвёрдыя і крохкія. Вызначаюцца хім. інертнасцю і выключна высокай каталітычнай актыўнасцю (найб. пашыраныя каталізатары — Pt і Pd). Выкарыстоўваюць П.м. і іх сплавы паміж сабой, а таксама з інш. металамі як каталізатары гідрыравання, дэгідрыравання, акіслення, дапальвання выхлапных газаў аўтамабіляў, у паліўных элементах, як матэрыялы для высокатэмпературных тэрмапар, тэрмометраў супраціўлення, эл. кантактаў, хімічна ўстойлівага посуду, мед. інструментаў і інш.

Літ.:

Ливингстон С. Химия рутения, родия, палладия, осмия, иридия, платины: Пер. с англ. М., 1978;

Металлургия благородных металлов. 2 изд. М., 1987.

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА, цына (лац. Stannum),

Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: ​112Sn, ​114Sn – ​120Sn, ​122Sn, ​124Sn; найб. пашыраныя — ​120Sn (32,59%) і ​118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8∙10​−3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл. Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл. Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл. Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл. Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ЗВА́РКА,

зварка з награваннем металаў або пластмас токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотную зварку металаў ціскам і плаўленнем, бесперапынна паслядоўную (зварным швом) і адначасовую, з індукцыйным або кантактным (найб. пашырана) падводам току.

Пры зварцы швом створанае токам высокачастотнае магнітнае поле пранікае ў прамежак паміж краямі вырабаў, якія аплаўляюцца і сціскаюцца. Скорасць зваркі да 1 м/с і болей, рабочыя частоты 0,01, 0,44 і 1,76 МГц. Гэтым спосабам зварваюць сплавы жалеза, алюмінію, медзі і інш. (пры вытв-сці труб, кабеляў, бэлек, злучэнні лістоў, стужак і г.д.). Індукцыйная высокачастотная зварка заключаецца ў глыбінным індукцыйным нагрэве тарцоў вырабаў і іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння малавугляродзістых і нізкалегіраваных сталей (пры стыкоўцы труб, дзе захоўваецца ўнутр. сячэнне). Пры высокачастотнай зварцы плаўленнем тарцы загатовак сумесна аплаўляюць спец. індуктарам. Такім спосабам робяць карпусы метал. вырабаў, злучаюць трубы з лістамі. Пры высокачастотнай зварцы пластмас іх награюць у пераменным эл. полі рабочага кандэнсатара (гл. Дыэлектрычны нагрэў), які служыць і зварачным прэсам. Так атрымліваюць вырабы з ліставых і плёначных тэрмапластыкаў.

Высокачастотная зварка трубы з індукцыйным (а) і кантактным (б) падводам току: 1 — магнітаправод; 2 — загатоўка; 3 — індуктар; 4 — валок зварачнай клеці; 5 — месца зваркі; 6 — разец для зняцця выцесненага металу; 7 — зварачны кантакт.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКІЯ ПАЎПРАВАДНІКІ́,

вадкасці, якія маюць уласцівасці паўправаднікоў. Адкрыты А.​Ф.​Іофе і А.​Р.​Рэгелем у пач. 1950-х г. Па фармальных прыкметах вадкія паўправаднікі — расплавы з удзельнай электраправоднасцю пры нармальных умовах у інтэрвале (10​−8 — 10​−5) Ом​−1∙м​−1; маюць электронную электраправоднасць.

Вадкія паўправаднікі ўтвараюцца пры плаўленні шэрагу крышталічных кавалентных паўправаднікоў (селен Se, злучэнні тыпу A2IBVI, AIIBVI, AIIIBVI, A2VB3VI і інш.), пры ўмове захавання кавалентных міжатамных сувязяў. У гэтым выпадку не мяняецца (ці нязначна памяншаецца) удзельная электраправоднасць і захоўваецца яе паўправадніковы характар тэмпературнай залежнасці ў адрозненне ад некаторых крышталічных паўправаднікоў (крэмній Si, германій Ge, AIIIBV і інш.), электраправоднасць якіх пры плаўленні рэзка павялічваецца да значэнняў, характэрных для металаў. Некаторыя вадкія паўправаднікі пры далейшым павелічэнні т-ры трацяць паўправадніковыя ўласцівасці і набываюць металічныя (напр., сплавы тэлур—селен Te—Se, багатыя Te).

Вадкія паўправаднікі выкарыстоўваюцца ў тэрмаэлементах, радыяцыйнаўстойлівых высокатэмпературных тэрмістарах і пераключальніках і інш.

Літ.:

Катлер М. Жидкие полупроводники: Пер. с англ. М., 1980;

Глазов В.М., Кольцов В.Б., Курбатов В.А. Экспериментальное исследование электрофизических свойств кремния вблизи фазового перехода кристалл — расплав в твердом и жидком состоянии. // Расплавы. М., 1987. Т. 1, вып. 1.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),

сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.

Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць ўзаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл. Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.

Літ.:

Изюмов Ю.А., Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;

Александров Ю.А., Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),

Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага ​185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага ​187Re (перыяд паўраспаду 5∙10​10 гадоў). У зямной кары 7∙10​−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.

Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШКО́ВАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,

галіна металургіі, якая ахоплівае выраб парашкоў металаў і металападобных злучэнняў, спечаных матэрыялаў (паўфабрыкатаў, дэталяў) з іх ці з сумесяў метал. парашкоў з неметалічнымі без расплаўлення асн. кампанента. Дазваляе атрымліваць матэрыялы і вырабы, якія немагчыма або эканамічна немэтазгодна вырабляць звычайнымі спосабамі (напр., плаўкай). Метадамі П.м. атрымліваюць кампазіцыйныя матэрыялы, керметы, магнітадыэлектрыкі, магнітныя матэрыялы, тугаплаўкія металы, карбідныя цвёрдыя сплавы, порыстыя, фрыкцыйныя і інш.

Асн. тэхнал. аперацыі П.м.: атрыманне парашкоў аднаўленнем аксідаў, мех. размолам, распыленнем і інш. спосабамі; прыгатаванне з парашкоў зыходнай сумесі (шыхты) з зададзенымі хім. саставам і ўласцівасцямі; фармаванне загатовак вырабаў (халодным прасаваннем шыхты ў прэс-формах, гарачым прасаваннем і шлікерным ліццём, працісканнем парашку, змешанага з пластыфікатарамі, праз адтуліну адпаведнай формы і інш.); наданне загатоўкам патрэбных фіз.-мех. уласцівасцей спяканнем (пераважна ў эл. печах) у аднаўляльным ці нейтральным асяроддзі пры т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення асн. кампанента. Выкарыстоўваюць таксама спяканне пад ціскам, з адначасовым дзеяннем цэнтрабежных сіл ці насычэннем загатоўкі расплаўленым металам, хіміка-тэрмічнай апрацоўкай. Прынцыпы П.м. распрацавалі рас. вучоныя і інжынеры П.​Р.​Сабалеўскі і В.​В.​Любарскі, якія ў 1826 выкарысталі працэсы прасавання і спякання для атрымання вырабаў з парашку плаціны; М.​М.​Бякетаў у 1865 распрацаваў тэарэт. асновы атрымання парашкоў некаторых металаў. У 1920—30-я г. метады П.м. пачалі ўкараняцца ў прамысл. вытв-сць СССР, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Удасканаленню метадаў П.м. садзейнічалі працы ўкр. вучоных Р.​В.​Самсонава, М.​І.​Фядорчанкі, І.​М.​Францэвіча, аўстр. вучонага Р.​Кіфера, англ. даследчыка В.​Джонса, амер. металурга Ф.​Райнса і інш.

На Беларусі П.м. развіваецца з 1960, калі пры БПІ была створана базавая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ, з 1980 Бел. навукова-вытв. аб’яднанне, з 1996 Бел. дзярж. навукова-вытв. канцэрн парашковай металургіі, у які ўваходзяць НДІ парашковай металургіі, НДІ зваркі, НДІ імпульсных працэсаў, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш.). Вывучаны многія тэарэт. пытанні П.м., даследаваны новыя метады і распрацаваны тэхнал. працэсы, створаны машыны для прасавання вырабаў, высокаэфектыўныя матэрыялы, (А.​У.​Роман, П.​А.​Віцязь, Я.​А.​Дарашкевіч, Г.​М.​Ждановіч, А.​Ф.​Ільюшчанка, В.​М.​Капцэвіч, В.​М.​Кавалеўскі, В.​К.​Шэлег і інш.).

Літ.:

Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, обл. применения. Киев, 1985;

Кипарисов С.С., Либенсон Г.А. Порошковая металлургия. 3 изд. М., 1991;

Витязь П.А., Капцевич В.М., Шелег В.К. Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987;

Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990;

Степаненко А.В., Исаевич Л.А. Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980;

Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998;

Витязь П.А., Ловшенко Ф.Г., Ловшенко Г.Ф. Механически легированные сплавы на основе алюминия и меди. Мн., 1998;

Объемная штамповка порошковых материалов. Мн., 1993.

П.​А.​Віцязь.

Да арт. Парашковая металургія. Схема пракаткі парашкоў у металургічную стужку: 1 — бункер для парашку; 2 — вальцы для халоднай пракаткі; 3 — стужка; 4 — печ для спякання; 5 — печы для адпалу.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГРА́МА СТА́НУ, дыяграма раўнавагі, фазавая дыяграма,

графічнае адлюстраванне залежнасці паміж параметрамі стану фіз.хім. сістэмы (т-ра, ціск) ці паміж імі і некаторымі інш. яе параметрамі (саставам, структурай, канцэнтрацыяй). Звычайна Д.с. паказвае сувязь паміж т-рай, ціскам і саставам сістэмы, калі ў ёй больш чым адзін кампанент. Д.с. аднакампанентнай сістэмы паказвае сувязь паміж ціскам і т-рай.

Д.с. розных сістэм будуюцца на аснове эксперыменту метадамі фізіка-хімічнага аналізу. На Д.с. вады на гарыз. восі адкладваюцца т-ры (у градусах Кельвіна), на вертыкальнай — ціск (у паскалях). У т.зв. трайным пункце (т-ра 273,16 К і ціск 611 Па) сістэма складаецца з лёду, вады і пары, якія знаходзяцца ў раўнавазе. Лініі дыяграмы адлюстроўваюць стан раўнавагі: 1 — лёду з парай, 2 — лёду з вадой, 3 — вады з парай. У т.зв. палях паміж лініямі сістэма складаецца з рэчыва H2O толькі ў адным агрэгатным стане (лёд, вада, пара). З дапамогай Д.с. вызначаюць т-ру плаўлення сплаваў, выбіраюць т-ру гарачай апрацоўкі ціскам, устанаўліваюць рэжымы тэрмічнай апрацоўкі сплаваў, ствараюць сплавы з загадзя зададзенымі ўласцівасцямі і інш.

Літ.:

Захаров А.М. Диаграммы состояния двойных и тройных систем. 3 изд. М., 1990;

Глазов В.М., Лазарев В.Б., Жаров В.В. Фазовые диаграммы простых веществ. М., 1980;

Петров Д.А. Двойные и тройные системы. М., 1986.

Дыяграма стану аднакампанентнай сістэмы (вады): 1, 2, 3 — крывыя ўзгонкі (сублімацыі), плаўлення і кіпення (выпарэння); 0 — трайны пункт; К — крытычны пункт.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІЗА́ЦЫЯ,

пакрыццё паверхні пераважна неметалічных вырабаў слоем метал. рэчыва з мэтай надання вырабам новых уласцівасцей (электра- або цеплаправоднасці, адбівальнай здольнасці, цвёрдасці, хім. і тэрмічнай трываласці і інш.).

М. без цеплавога ўздзеяння на паверхню вырабу ажыццяўляецца вакуумным (электрадугавым, магнетронным, катодным) і хім. (электрахім.) асаджэннем. Счапленне метал. слоя з асноваю адбываецца за кошт сіл адгезіі. Для паляпшэння счаплення робяць хім. або тэрмічную актывацыю паверхні, наступную тэрмічную апрацоўку. Такая М. выкарыстоўваецца для паляпшэння дэкар. уласцівасцей, нанясення слаёў металу ў электроннай і аптычнай прам-сці, для атрымання ахоўных пакрыццяў на тканінах, паперы, пластыку і інш. М. з цеплавым уздзеяннем на паверхню вырабу робіцца напыленнем (расплаўленыя электрадугой, плазмавым патокам або полымем часціцы металу пераносяцца газам), дыфузіяй метал. рэчыва з вонкавага асяроддзя пры высокай т-ры (гл. Дыфузійныя пакрыцці). Такая М. выкарыстоўваецца для аховы вырабаў ад разбуральных мех., цеплавых і хім. уздзеянняў, для паляпшэння счаплення кампанентаў у кампазіцыйных матэрыялах. Для М. выкарыстоўваюць чыстыя металы (жалеза, медзь, алюміній, нікель і інш.), сплавы (бронза, сталь і г.д.), злучэнні (аксіды, карбіды, барыды, нітрыды і да т.п.). Таўшчыня металізаванага слоя — ад некалькіх атамных дыяметраў да некалькіх міліметраў.

Літ.:

Хасуй А. Техника напыления: Пер. с яп. М., 1975;

Ротрекл Б., Дитрих З., Тамхина И. Нанесение металлических покрытий на пластмассы: Пер. с чеш. Л., 1968;

Поляк М.С. Технология упрочения. Т. 1. М., 1995;

Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998.

Г.​М.​Гайдалёнак.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)