АЛЯКСЕ́ЕВА (Ларыса Філалогаўна) (н. 29.10.1907, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыла муз. тэхнікум імя Гнесіных у Маскве (1936). У 1937—41 і 1944—46 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета БССР. У 1946—48 у Вялікім т-ры. Валодала голасам прыгожага тэмбру, высокай вак. культурай, сцэнічнай абаяльнасцю. Сярод партый: Русалка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Караліна («Дрыгва», пазней «У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага, канцэртнае выкананне, 1944), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). У канцэртны рэпертуар уключала бел.нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Урубель) Надзея Іванаўна
(1.4.1868, г. Каўнас, Літва — 4.7.1913),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Жонка М.А.Урубеля. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1891). Спявала ў оперных т-рах Кіева, Тбілісі, Пецярбурга і інш. У 1897—1902 салістка Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, у 1904—11 у Марыінскім т-ры. Найб. блізкія ёй былі вобразы гераінь у операх М.Рымскага-Корсакава: Вольга, Панначка, Снягурачка, Валхава («Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко»); упершыню выканала партыі Веры, Марфы, Царэўны-лебедзі, царэўны Ненагляднай Красы («Баярыня Вера Шэлога», «Царская нявеста», «Казка пра цара Салтана», «Кашчэй бессмяротны»), напісаныя спецыяльна для яе. У апошнія гады жыцця выступала ў канцэртах, пераважна з рамансамі Рымскага-Корсакава.
Літ.:
Барсава Л. Н.И.Забела-Врубель глазами современников. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁВА (Галіна Аляксандраўна) (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),
расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар.арт. Расіі (1967), нар.арт.СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВА (Ніна Іванаўна) (н. 3.5.1947, г. Магілёў),
бел. спявачка (лірыка-драм.сапрана). Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 салістка Дзярж.нар. аркестра Беларусі, з 1977 — Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага хвалюючага тэмбру. Яе выкананне адметнае эмацыянальнай напоўненасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод партый у нац. операх: Клава («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Ірына («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Насця («Новая зямля» Ю.Семянякі), Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Любава («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); сярод інш. партый — Ліза, Таццяна, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Купава («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Лізавета («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),
грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм.сапрана). Нар.арт. Расіі (1975), нар.арт. Грузіі (1980), нар.арт.СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял.т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар.арт.СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял.т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лілі) (24.11.1848, г. Вюрцбург, Германія — 17.5.1929),
нямецкая спявачка (каларатурнае, пазней драм.сапрана). Вучылася ў маці, опернай спявачкі М.Т.Лёў. З 1865 салістка Часовага т-ра ў Празе, з 1869 у Берлінскай прыдворнай оперы. Сябравала з Р.Вагнерам, удзельнічала ў першым поўным выкананні яго тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» ў Байройце. У 1886—90 гастраліравала ў ЗША. У яе рэпертуары было 170 партый, у т. л.: Ваглінда, Брунгільда, Артруда, Ізольда («Золата Рэйна», «Валькірыя» і «Зігфрыд», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Вагнера), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Норма («Норма» В.Беліні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі). Вядома як вак. педагог; сярод вучняў В.Урсуляк. Аўтар аўтабіягр. кніг «Маё мастацтва спеваў» (1902), «Мой шлях» (1913) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),
балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац.т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш.слав.нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАРА́Н (Хачатран) Гаар Мікаэлаўна
(н. 14.12.1924, Каір),
армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар.арт.СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм.т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.