І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял.Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл.Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
журбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны.Няхай.// Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах.Колас.// Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя.Лупсякоў.Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў.Мурашка.
2. Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот.Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
намалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Малюючы, стварыць вобраз каго‑, чаго‑н. Намаляваць партрэт. Намаляваць пейзаж. □ Федзя намаляваў карабель і паказаў Алесю.Ваданосаў.
2.перан. Адлюстраваць у мастацкіх вобразах. Пісьменнік намаляваў жыццё вёскі. □ [Кузьма Чорны] намаляваў галерэю моцных духам людзей.Кудраўцаў.// Апісаць словамі. [Маці:] — Уяўляю, якія карціны на .. лекцыі намаляваў наш Апанас Дзянісавіч! Пра машыны ён гатоў расказваць цэлымі днямі.Даніленка.// Уявіць у думках. Па радыё выконвалася п’еска Шумана. Мелодыя лілася светлая і лёгкая, і стары адразу намаляваў у думках кампазітара: малады і рухавы, з тонкімі рысамі, з яснымі летуценнымі вачыма.Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАШЧА́СЦЕЎ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 4.2.1944, г. Іжэўск, Удмурція),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар серый «Мінск перадсвяточны», «З жыцця адной часці» (абедзве 1968), «Палеская нафта» (1970), «Днём і ноччу» (1972), «Аўтагонкі» (1975), «Палескі пейзаж» (1977), «Вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Алжыр» (1980), «Адноўленае Палессе» (1981), «Вясковыя замалёўкі» (1984), «Масква» (1988—90), асобных лістоў. Аформіў і стварыў ілюстрацыі да кніг «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1969), «Пучок жыгучкі» К.Крапівы (1973), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1974), «Тры аповесці пра Малыша і Карлсана» А.Ліндгрэн (1980), «Мы вучымся пісаць» М.Гурэвіч (1983), «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага (1993), буквары Н.Старажовай і Т.Шанько (1992), А.Клышкі (1999), Т.Ляшчынскай і Ю.Кісляковай (2000, у сааўт.), серыю «Аловак і Самадзелкін» У.Поснікава (1998) і інш. Творам характэрны выразнасць кампазіцыі, дакладнасць і маляўнічасць выяўленчай мовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
БРЖАЗО́ЎСКІ (Генрых Францавіч) (н. 1.1.1912, Мінск),
бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.Керзіна і М.Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял.Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял.Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.
Літ.:
Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.
Г.А. Фатыхава.
Г.Бржазоўскі. На родных палетках. 1952. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Да арт.Генуэзская школа. Б.Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),
расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус.авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.