Лябёдка1 ’машына для падымання і перамяшчэння грузу’ (ТСБМ, Сцяшк.). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 72), дзе ўтворана ад ле́бедь (птушка). Аналагічна ў ням. KranKranich, франц. grue, чэш. jeřab ’журавель’ і ’кран’ (Трубачоў — дадатак у Фасмера, 2, 470).

Лябёдка2 ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench’. (гродз., Кіс.). Да лебяда́ (гл.). Матывацыя: квітнеючая расліна па форме (контуру) падобна да лебяды, а пушыстае лісце мае такі ж шараваты колер. Параўн. падобныя назвы рус. кастр. лебёдка ’пустазелле ў збожжавых’, варон. лебеде́ц ’стрэлкі, Capsella bursa-pastoris L.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Няўчы́ць, нявчыты ’мяўкаць’ (зах.-палес., ДАБМ, к. 301). Ад мясцовага мняўчыць (мнявчыты) < мяўчыць ’тс’, суадноснага з дзеясловам кратнага спосабу дзеяння мняўкаць, падобна да яўкаць ’тс’ < мʼяўкаць з мясцовай фанетыкай, гл. мяўкаць (Крывіцкі, Рэгіян. традыцыі ва ўсх.-слав. мовах, літ. і фальклоры. Тэз. дакл. II Рэсп. канф. Гомель, 1980, 24). Параўн., аднак, і няўкаті ’тс’ (пін., Шатал.), укр. нявчити ’мяўкаць’, нявкати ’мяўкаць; крычаць (пра саву)’ і пад. Гукаперайманні, для якіх характэрна значная гукавая варыянтнасць у розных мовах, параўн. укр. пяе ’мяў’, балг. джаф ’гаў’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамшту́к, рамчу́к ’палачка на раму’ (Сл. ПЗБ). Вельмі падобна на германізм, параўн. ням. Rahmen, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, ст.-в.-ням. ram ’падпора’ і ням. Stock ’палка’. Рамчук магло б разглядацца як адаптацыя замежнай словаформы з выкарыстаннем малапрадуктыўнага, але блізкага па гучанні суф. ‑чук, што тут не нясе памяншальнай семантыкі, уласцівай гэтаму элементу. Цяжка пагадзіцца з Лаўчутэ (Балтизмы, 129), што гэта літуанізм і дэмінутыўнае ўтварэнне ад рама (гл.) з элементам ‑амшт‑ балтыйскага паходжання, параўн. літ. ramstùkas ’тс’ < ramstis ’папярочная планка, падпорка, апора’, remti ’падпіраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́ўцянь1 ’расліна каля рэчкі з тоўстым пустым у сярэдзіне ствалом’ (Бір. Дзярж.). Па апісанні падобна, што гаворка ідзе пра баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi). Паколькі сок расліны можа выклікаць апёкі скуры чалавека, можна дапусціць паходжанне назвы ад раўці (гл.), параўн. яшчэ рэвоцень ’плакса’. Семантычная паралель у рускай мове: крикун, крыкун ’расліна Cicuta virosa L.’, гэтай раслінай часта атручваюцца буйныя рагатыя жывёлы, беларуская назва шалей (гл. шал).

Рэ́ўцянь2 ’бадзяга’ (Сцяшк. Сл.). Высушаная расліна — народны сродак ад рэўматычных і іншых боляў. Відавочна, ад раўці (гл.), таксама гл. рэўцянь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕНЕ́РА, Мілавіца,

другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн. км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙10​24 кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек​2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн. км, найб. 261 млн. км.

Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.​Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.​В.​Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.

Н.​А.​Ушакова.

Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СКІ (Мікалай Ануфрыевіч) (6.12.1870, г. Краслава, Латвія — 24.1.1965),

філосаф, заснавальнік інтуітывізму, прадстаўнік персаналізму ў Расіі. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургскім ун-це (1891—98), скончыўшы фізіка-матэм. і гісторыка-філал. ф-ты. Д-р філасофіі (1907). З 1916 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1922 высланы за мяжу. Выкладаў ва ун-тах Прагі, Брно, Браціславы (да 1945). У 1946 пераехаў у ЗША (праф. філасофіі Свята-Уладзіміраўскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку, 1947—50). У аснову тэорыі пазнання Л. пакладзена сістэма т.зв. інтэгральнага інтуітывізму — любы прадмет пазнаецца шляхам інтуіцыі (інтэлектуальнай, пачуццёвай, містычнай) у залежнасці ад характару аб’екта. У вучэнні аб быцці (анталогіі) зыходзіў з таго, што свет складаецца з мноства субстанцый — звышпрасторавых і звышчасавых ідэальных асоб, «субстанцыянальных дзеячаў», падобна паняццю манады Г.​Лейбніца, якія звязаны паміж сабой і звышсусв. пачаткам (Богам) і ўтвараюць вышэйшую сферу свету — Царства Божае, або Царства гармоніі. У сваіх этычных працах развіваў анталагічную тэорыю каштоўнасцей, паводле якой абс. каштоўнасці ўвасоблены ў «паўнаце быцця», У Богу; грамадства, у якім знікаюць уяўленні аб вышэйшых каштоўнасцях і ідэалах, становіцца арэнай неўтаймаванага эгаізму і маральнага хаосу, што вядзе да ўзаемнага непаразумення і бязлітаснасці, росту злачыннасці, духоўнаму збядненню ўнутр. свету асобы. На яго думку, у рамках маральнага прагрэсу, які падымае сусв. істоты на больш высокія ступені дасканаласці, адбываецца і маральны рэгрэс — працэс аддалення ад Бога носьбітаў «сатанінскай прыроды»; у гісторыі адбываецца рух «ад нуля» ў бок абс. дабра і адноснага зла, прамежкавых фаз на шляху прагрэсу да больш высокіх форм боскага дабра і справядлівасці.

Тв.:

Свобода воли. Париж, 1927;

Избранное. М., 1991;

Условия абсолютного добра. М., 1991;

Чувственная, интеллектуальная и мистическая интуиция. М., 1995.

Літ.:

Старченко Н.Н. Мир, интуиция и человек в философии Н.​О.​Лосского. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клеката́ць, клекачу, клякочаш, клякоча; незак.

1. Ствараць клёкат; крычаць падобна некаторым птушкам. Бусел не мае голасу. Ён не крычыць, а клякоча — гучна і часта шчоўкае сваёй дзюбай. В. Вольскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, з шумам кіпець. У чыгунку клекатала юшка. Асіпенка. Плыт перагарадзіў пратоку, і вада клекатала, віравала. Савіцкі.

3. Глуха, перарывіста булькаць (пра гукі ў горле, грудзях). Ад кіслароднае нястачы У горле клекатала кроў. Звонак. / у безас. ужыв. Сержант трызніў, хрыпеў, у горле яго клекатала. Хомчанка.

4. перан. Бурна праяўляецца, не знаходзячы выхаду (пра пачуцці). [Алесь] не разумеў, што крычаў, адна нянавісць клекатала ў ім. Броўка. Злосць і абурэнне клекатала ў яе грудзях. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),

метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз. крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз. анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз. протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш. атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раўні́на ’роўная, без гор, пагоркаў і паніжэнняў зямная паверхня’, ’роўнае месца, роўнядзь, роўнае поле’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), раўніна́ ’тс’ (ваўкав., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), роўніна́ ’нешта выключна роўнае; роўная мясцовасць, роўнядзь’ (ТС); ст.-бел. ровнина (1616 г., Карскі, 1, 415). Параўн. укр. рівнина́ ’тс’, рус. равни́нац.-слав.) ’тс’, польск. równina ’тс’, серб.-харв. равнѝна ’тс’, славен. ravnína ’тс’, балг. равнина́, ц.-слав. равьнина ’тс’. Дэрыват ад прасл. *orvьnъ са значэннем ’роўны’ (гл. роўны) з далейшым утварэннем пры дапамозе суф. ‑in(a) са значэннем ’месца, прастора’, падобна як цесныцясніна і інш. (БЕР, 6, 140). Меркаванні пра запазычанне гл. Кохман, Зб. Бархудараву, 160.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сірама́ха ‘воўк-адзіночка’, ‘сугней’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘чорны люд’ (Arche, 2007, 3). Укр. сирома́ха ‘бядняк, гаротнік’, сиро́ма ‘тс’, рус. паўд. сирома́ха ‘сірата’, серб.-харв. сиро́мах ‘сірата, бядняк’, славен. siromák, балг. сирома́х, макед. сиромашец ‘тс’. Прасл. *siromaxъ, дэрыват ад ⁺siroma, параўн. укр. сиро́ма ‘сірата; бядняк, гаротнік’, якое ад прасл. *sirъ (гл. сірата), з суф. ‑xъ, гл. Слаўскі, SP, 1, 71; Сной₁, 569. Беларускае слова падобна на запазычанне з украінскай, асабліва, калі прыняць пад увагу значэнні ўкр. сірома́нець, сірохма́нець — эпітэта ваўка. БЕР (6, 697–699) заўважае, што словаўтварэнне застаецца невытлумачальным, а ўкр. сірохма́нець не можа служыць паралеллю, паколькі ўтворана ад сір‑ ‘шэры’. Параўн. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 209.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)