старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫЯ (Galatia),
старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 да н.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 да н.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 да н.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 да н.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КІ (лац. Daci),
група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЭ́І, Платэя (Plataiai, Plataia),
старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-БАКТРЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі, Афганістана, Пакістана і паўн.-зах. Індыі ў 3—2 ст. да н.э.Засн. намеснікам (эпархам) Бактрыі Дыядотам каля 250 да н.э. ў выніку адасаблення сярэднеазіяцкіх тэр. ад дзяржавы Селеўкідаў. Уключала Бактрыю, Согд, Маргіяну і інш. Каля 180 да н.э. пачало экспансію на п-аў Індастан, заваявала яго паўн.-зах.ч. (тэр. сучаснага Пакістана). У выніку ўнутр. міжусобіц, наступлення качэўнікаў каля 175 да н.э. распалася на Грэка-Бактрыйскае царства і Грэка-Індыйскае царства. Грэка-Бактрыйскае царства захапілі масагеты, і паміж 140—130 да н.э. яно перастала існаваць. На яго месцы ўзнікла Кушанскае царства. Археал. даследаванні сведчаць пра высокую культуру Грэка-Бактрыйскага царства, якая склалася ў выніку ўзаемаабагачэння мясц., усх. эліністычных, інд. і іранскіх элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст.н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс.н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙЦЫ, іаняне (Iōnes),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён. Назва ад імя легендарнага героя Іона, якога лічылі родапачынальнікам племя. Займалі тэр. Атыкі, частку в-ва Эўбея, а-вы Хіяс, Самас, Наксас і інш. У 11—9 ст. да н.э. каланізавалі сярэднюю ч.зах. ўзбярэжжа М. Азіі, потым Чорнага і Мармуровага мораў, дзе стварылі саюз 12 гарадоў. У 7—6 ст. да н.э. І. дасягнулі эканам. і культ. росквіту (развіццё рамёстваў, гандлю). У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад кантролем цароў Лідыі, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. падпарадкаваны персамі, супраць якіх узнялі ў 500 да н.э. паўстанне. І. лічыліся асн. носьбітамі грэч. культуры. На дыялекце І. захаваліся л-ра (у т. л. паэмы Гамера, творы Герадота) і значная колькасць эпіграфічных помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́ПАЛЬ (грэч. Persepolis),
горад у Стараж. Іране, за 50 км на ПнУ ад Шыраза; адна са сталіц Ахеменідаў. Засн. ў канцы 6 ст. да н.э. У 330 да н.э. захоплены і спалены Аляксандрам Македонскім. У 1930-я г. праводзіліся археал. раскопкі П. і яго наваколля. Выяўлены надпісы ахеменідскіх цароў і тысячы гліняных таблічак з тэкстамі на эламскай мове, у якіх змешчаны звесткі пра буд-ва горада і гаспадарку акругі. У П. і яго наваколлі захаваліся шматлікія помнікі розных эпох: рэшткі палаца канца 6—4 ст. да н.э., абнесенага сцяной, уласна горада, скальныя грабніцы, фундаменты храма 3 ст. да н.э., сасанідскія скальныя рэльефы і алтары, рэшткі круглага горада Дарабгерд і г. Істахр, некропаль Накшы-Рустэм, рэшткі паселішча Талі-Бакун (5-е тыс. да н.э.).