ДА́НЧЫК (сапр. Андрусышын Багдан; н. 3.1.1958, Нью-Йорк),

амерыканскі і бел. спявак (лірычны тэнар), журналіст. З роду пачынальнікаў бел. адраджэння 20 ст. I. і А.​Луцкевічаў (прабабка спевака Э.​Шабуня іх родная сястра). Скончыў ф-т журналістыкі Нью-Йоркскага ун-та (1989). З 1992 працуе на радыёстанцыі «Свабода». Адзін з найб. яркіх сучасных выканаўцаў бел. песні ў ЗША і Канадзе. Мае прыгожы голас мяккага пяшчотнага тэмбру. Выкананне адметнае шчырасцю, асэнсаванасцю. У рэпертуары пераважаюць творы бел. кампазітараў на словы бел. паэтаў і бел. нар. песні. У Нью-Йорку выпушчана 5 грампласцінак з бел. песнямі і рамансамі ў выкананні Д. (адна з іх у дуэце з Л.Барткевічам), а таксама магнітаальбомы. Неаднаразова наведваў Беларусь, даў шэраг канцэртаў, у т. л. дабрачынныя на карысць дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра яго зняты дакумент. фільм (1989).

Літ.:

Сабалеўскі А. Данчык — шлях да Беларусі // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;

Я го ж. Ля вытокаў культурнага адраджэння: (Данчык у Беларусі) // Там жа. Кн. 2.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́ЦКІ (Аляксей Аляксандравіч) (22.3.1911, г.п. Хоцімск Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1987),

бел. паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т замежных моў (1936). Першы зб. вершаў «Эпічныя фрагменты» (1932). Апавядальнасць, стрыманасць пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філас. сэнс у звычайных з’явах — асн. рысы яго паэзіі.’Найб. уласцівыя яму жанры эпічнай паэзіі — сюжэтна-лірычны верш, блізкі да балады (зб-кі вершаў і паэм «Дняпроўскае рэха», 1946, «Размова з сэрцам», 1961, «Мая асяніна», 1973, «Каля вячэрняга кастра», 1979, і інш.). У многіх вершах і паэмах адлюстраваны падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар паэм «Аповесць пра залатое дно» (1954), «Марыля» (1965), «На волю» (1969) і інш. У паэме «Вяртанне на Зямлю» (1964) паказаў імкненне чалавека да ведаў, да пазнання таямніц сусвету. Гумарыстычныя і сатыр. творы ў зб-ках «Пасылка ў рай» (1960), «Талоны на бяссмерце» (1974). Пераклаў на бел. мову паэму К.​Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), аповесці Г.​Зэгерс «Чалавек і яго імя» (1958), Ю.​Брэзана «Крыста» (1966) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;

За словам-падарункам. Мн., 1985;

Трывожная госця. Мн., 1986.

А.​С.​Гурская.

А.А.Зарыцкі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МЕШАЎ (Сяргей Якаўлевіч) (10.7. 1902, в. Старое Князева Цвярской вобл., Расія — 26.6.1977),

расійскі спявак (лірычны тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1925). У 1931—65 саліст Вял. т-ра. У 1959—61 маст. кіраўнік Опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў прыгожым голасам мяккага светлага тэмбру. Яго творчасць адметная шчырасцю і яскравай эмацыянальнасцю, тонкім адчуваннем стылю, стараннай апрацоўкай вобраза. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага; адзін з лепшых выканаўцаў), Фра-Д’ябала (аднайм. опера Ф.​Абера), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно), Сін Бі У («Мікіта Вяршынін» Дз.​Кабалеўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камернай вак. лірыкі, выканаўца рус. і ўкр. нар. песень. Выступаў як оперны рэжысёр; сярод пастановак «Вертэр» Ж.​Маснэ (1957). Здымаўся ў кіно. Аўтар кн. «Шлях да мастацтва» (1968). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

С.​Я.​Лемешев: Из биогр. зап.;

Статьи. Беседы. Письма. М., 1987.

С.Я.Лемешаў.

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эле́гія, ‑і, ж.

1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас. // У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.

2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ. Кірэенка.

3. перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх. Бярозкін.

[Грэч. elegéia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГНІЛАМЁДАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.12.1937, в. Кругель Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1987). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1965 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1976 нам. дырэктара, адначасова з 1977 заг. сектара тэорыі л-ры), у 1969—76 у апараце ЦК КПБ. Гал. тэма яго навук. прац — сучасная бел. паэзія. Аўтар творчых партрэтаў І.​Мележа («Іван Мележ», 1984), В.​Зуёнка («Праўда зерня: Творчы партрэт Васіля Зуёнка», 1992), П.​Броўкі, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, Е.​Лось і інш. За дапаможнік для настаўнікаў «Янка Купала: Новы погляд» (1995) Літ. прэмія імя У.​Калесніка 1996.

Тв.:

Лірычны летапіс часу. Мн., 1967;

Традыцыі і наватарства. Мн., 1972;

Упоравень з векам. Мн., 1976;

Як само жыццё. Мн., 1980;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983;

Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984;

Пафас жыццесцвярджэння. Мн., 1985;

Класікі і сучаснікі. Мн., 1987.

Літ.:

Юревич В. Исследуется современная поэзия // Нёман. 1974. №1;

Мішчанчук М. Гаворку трэба прадоўжыць // Полымя. 1977. №4;

Семашкевіч Р. Паэзія ў полі зроку навукі // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.

І.​У.​Саламевіч.

У.В.Гніламёдаў.

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (24.3.1900, с. Мар’янаўка Васількоўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.12.1993),

расійскі і ўкраінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1940). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1917—19). З 1924 у оперных т-рах Палтавы, Харкава, Свярдлоўска. У 1926—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Высокае драм. дараванне, пеўчае майстэрства, эмацыянальная цеплыня і шчырасць выканання дазволілі яму стварыць вак.-сцэн. вобразы, якія ўвайшлі ў гісторыю опернага мастацтва: Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно), Ўладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні); выканаў партыі Ленскага, Альфрэда, Фауста, Андрэя і Альмавівы ў пастаноўках (усяго 11 спектакляў) Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў 1953. Арганізатар і кіраўнік (1938—41) канцэртнага ансамбля оперы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

Літ.:

Кузнецова А.С. Народный артист Страницы жизни и творчества И.​С.​Козловского. М., 1964.

І.С.Казлоўскі.
І.Казлоўскі ў ролі Альмавівы з Т.​Ніжнікавай пасля спектакля.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

верш, ‑а, м.

1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.

2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.

3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.

•••

Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.

Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.

Белы верш — тое, што і вольны верш.

Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.

Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непахі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.

2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пейза́ж, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, краявід. Лясны пейзаж. Пейзаж позняй восені. □ Парадзеў, рассунуўся цяжкі і сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу. Колас. Але мы ішлі, ішлі. Прыгнятаў яшчэ бясконца аднастайны пейзаж. С. Александровіч.

2. ‑а. Малюнак краявіду. Выстаўка пейзажаў вядомага мастака. Намаляваць пейзаж. // Апісанне краявіду ў творах мастацкай літаратуры. Палескія пейзажы ў творах Я. Коласа. □ Пейзажы ў літаратурных твораў выхоўваюць у чытачоў любоў да роднай прыроды і айчыны, вучаць бачыць і адчуваць красу лясоў, палёў, рэк і азёр. А. Макарэвіч.

3. ‑а. Адзін з жанраў мастацкага жывапісу. Лірычны пейзаж. Індустрыяльны пейзаж.

[Фр. paysage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,

цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.​Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.​Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.​Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.​Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.​Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.​Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.​Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.​Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.​Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.​Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.​Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.​Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.​Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.​Пракаповіч, І.​Снарская, І.​Хадарэнка, А.​Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.

А.​А.​Майсейчык.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)