«КРУГ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПРАСВЕ́ТЫ І КУЛЬТУ́РЫ»
(«Круг беларускі»),
культурна-асветная арг-цыя ў Пецярбургу ў 1902—04. У яе ўваходзілі В.Л.Іваноўскі, браты І.І.Луцкевіч і А.І.Луцкевіч, бел. студэнты ВНУ Пецярбурга. Друкавала і распаўсюджвала бел. выданні, у т. л. тыя, што выдаваліся за мяжой. Займалася пошукам сродкаў для выдання бел. л-ры; фінансавую і інш. падтрымку арг-цыі аказвалі браты К. і А.Кастравіцкія. Мела цесныя сувязі з прыхільнікамі бел. кнігі ў Варшаве і Кракаве. Выдала паэтычны зб. «Вязанка» Я.Лучыны (1903, у цэнзуру быў прадстаўлены як напісаны на балг. мове), на гектографе — зб. «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка» (1904). У 1902 чл. арг-цыі спрабавалі выдаць нелегальную газ. «Свабода».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́Ку Вільні,
культурна-асветнае згуртаванне бел. інтэлігенцыі ў 1911—16. Разгарнуў шырокую культ.-асв. дзейнасць, праводзіў у жыццё ідэі газ. «Наша ніва», садзейнічаў грамадска-паліт. адраджэнскаму руху, станаўленню бел.прафес.драм. і муз. мастацтва. Наладжваў вечары нац. культуры ў форме бел. вечарынак — сінтэтычных канцэртаў, якія ўключалі паказ невял. п’ес, выступленні хору, салістаў, чытальнікаў і танцораў. Удзельнікамі гуртка ўпершыню паст. «Паўлінка» Я.Купалы (1913) і «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915), а таксама «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.Валодзьскага, «Хам» і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. Спектаклі ставілі Ф.Аляхновіч і А.Бурбіс. Сярод удзельнікаў Ян Булгак, З.Бядуля, А.Ляжневіч, С.Маркевіч, П.Мядзёлка, Цётка, Л. і Ч.Родзевічы, М.Шыла і інш. Хорам кіравалі Л.Рагоўскі, І.Шыдла, М.Ячыноўская.
А.В.Сабалеўскі.
Беларускі музычна-драматычны гурток. Удзельнікі спектакля «Залёты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж. помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.Венслаўскі, віцэ-старшыня І.Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст. школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.
Літ.:
Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Антон Васілевіч) (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),
бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-ргуманіт.н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел.гіст.т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел.дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел.нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГАЙ»,
бел.культурна-асветная арг-цыя ў Адэсе ў снеж. 1917 — лют. 1920. Аб’ядноўвала бел. інтэлігенцыю (у 1918 больш за 500 чл.). Мэта — клопат пра бежанцаў 1-й сусв. вайны і бел. насельніцтва ў Адэсе. Стаяла на паліт. платформе партыі бел. эсэраў, выступала за нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа. Выдавала газ. «Белорусы в Одессе». «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыі ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй (28.1.1918), рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Зах. вобласці і фронту Усебел. з’езда ў Мінску (3.3.1918), супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавору (7.4.1918). 19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Бел. вайсковай рады створана Бел.нац. рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада выбрала Бел.нац. камісарыят, у які ўвайшлі Я.Трафімаў, С.М.Некрашэвіч, А.В.Баліцкі, Г.Я.Козел, П.Н.Гудзень, П.В.Ільючонак, С.А.Янушкевіч, А.Ф.Ляжневіч, І.І.Мацюкевіч, П.Пячонкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ВЫ-ПО́МНІКІ,
дрэвы, якія лічацца каштоўнымі аб’ектамі жывой прыроды ці культурна-гістарычнымі аб’ектамі і ахоўваюцца дзяржавай; помнікі прыроды. Бываюць рэсп. і мясцовага значэння. На Беларусі каля 120 асобных Д.-п. аб’яўлены помнікамі прыроды (рэсп. значэння каля 90). Да іх належаць векавыя дрэвы (у т. л. дубы-волаты, напр., цар-дуб у Маларыцкім, Сувораўскі дуб у Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., дуб-волат у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.) і дрэвы рэдкіх інтрадукаваных відаў (напр., карыя авальная ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., ліпа каралінская ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., хвоя кедравая еўрапейская ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.). Помнікамі прыроды рэсп. і мясцовага значэння лічацца таксама 95 груп Д.-п. (30 — рэсп. значэння). Гэта натуральныя ўчасткі лесу (дубровы, хвойнікі, бярэзнікі, ясеннікі) і насаджэнні з удзелам інтрадукаваных відаў (напр., лістоўніцы ў Баранавіцкім, хвоі веймутавай у Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл.). Ахова Д.-п. прадугледжвае перадачу іх пад ахоўнае абавязацельства, паспартызацыю, прафілактычнае і бягучае лячэнне (Іл.гл. ў арт.Батанічныя помнікі прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
заходнебеларускі літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выйшаў 1 нумар у 1936 у Вільні на бел. мове. Рэдактар В.Тумаш. Меў на мэце кансалідацыю маладых літ. і навук. сіл на грунце нац. ідэі. Ухваляў намаганні розных арг-цый (Т-вабел. школы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры і інш.) у барацьбе за бел. школу, асвятляў стан і задачы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (арт. «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці» М.Шкялёнка, «Ці існуе крызіс беларускага руху?» В.Грышкевіча), знаёміў з гісторыяй бел. летапісаў, у т. л. з уключанымі ў іх аповесцямі і апавяданнямі (Я.Станкевіч). Змясціў артыкулы Р.Шырмы «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі» (пра творчасць кампазітара К.Галкоўскага), С.Станкевіча пра стан бел. паэзіі 1920-х г., маст. творы А.Александровіча, М.Васілька, П.Галавача, Х.Ільяшэвіча, М.Машары, М.Танка, а таксама хроніку культурнага жыцця ў Зах. Беларусі і БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
культу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да культуры (у 1, 2 і 3 знач.). Культурныя сувязі паміж народамі. Культурны ўзровень насельніцтва.
2. Які стаіць на высокім узроўні культуры. Культурнае асяроддзе. Культурная гаспадарка.// Які мае пэўныя навыкі паводзін у грамадстве. Культурны чалавек. Культурны чытач.
3. Тое, што і культурна-асветны. Весці культурную работу.
4. Які разводзіцца, вырошчваецца (пра расліны); проціл. дзікі, дзікарослы. Культурныя ягады. Культурныя віды злакавых раслін.// Які апрацоўваецца (пра глебу, зямлю). Культурны луг.
•••
Культурны слой зямлігл. слой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКРУГО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА КРАЯЗНА́ЎСТВА.
Існавала ў 1924—32. Мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю ведаў па гісторыі, культуры, прыродзе і эканоміцы краю. Складалася з секцый: культурна-гіст., маст., мовы і побыту, прыродазнаўчай, эканам., яўрэйскай; спец. камісія рыхтавала бібліяграфію і бібліягр. слоўнік дзеячаў Віцебшчыны. Адзін са стваральнікаў і першы старшыня праўлення М.І.Каспяровіч. Члены т-ва: краязнаўцы М.Багародскі, А.Брадоўскі, У.Краснянскі; архівіст Б.Брэжга, мастакі З.Гарбавец, Я.Мінін, Ю.Пэн, М.Эндэ, скульптары З.Азгур і М.Керзін, арх. Ц.Кібардзін, мастацтвазнаўцы І.Фурман і І.Гаўрыс; кампазітары М.Анцаў і А.Поснікаў; батанікі У.Адамаў, Л.Нікольскі і інш. Мела раённыя аддзяленні ў Бешанковічах, Высачанах, Гарадку, Езярышчы, Лёзне, Сіроціне, Сянне, Суражы, Чашніках. У многіх нас. пунктах працавалі краязнаўчыя гурткі. Т-ва арганізоўвала лекцыі, экскурсіі, канферэнцыі, вечары бел. песні, экспедыцыі па збіранні і вывучэнні бел.нар. мастацтва і фальклору, стварала музеі. Выдала больш за 10 кніг і брашур, у т. л. «Беларуская архітэктура» Каспяровіча, «Новая беларуская літаратура» А.Багдановіча, «Крашаніна» Фурмана (усе 1925), «Гравюры на дрэве» Гарбаўца (1927), зб-кі «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). Пераемнік т-ва — Віцебскае гар. бюро краязнаўства.