А́ЛЬТДОРФЕР (Altdorfer) Альбрэхт

(каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.

А.Альтдорфер. Партрэт невядомай жанчыны. 1525.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІК Дзмітрый Іванавіч

(н. 11.5.1929, г. Беразіно),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960, вучыўся ў В.Волкава, У.Сухаверхава, В.Цвіркі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Вясна. Порт» (1963), «Вечная памяць» (1965), «Лясное возера» (1969), «Белыя коні» (1972), «Асеннія далячыні» (1978), «Дзявочы гай» (1979); мазаічных пано «Карагод» (1968) і «Каруначніцы» (1974, абодва з М.Казакевічам) і інш.

Т.А.Карповіч.

Дз.Алейнік. Вясна. Порт. 1963.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Міхаіл Дарымядонтавіч

(10.11.1801, Масква — 21.11.1885),

рускі архітэктар. Акадэмік архітэктуры (1831). Вучыўся ў Дз.І.Жылярдзі (з 1816). Выкладаў у Маскоўскім палацавым арх. вучылішчы (з 1836 яго дырэктар), у 1844 арганізаваў маст. класы (пазней Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства). Працаваў у стылі позняга класіцызму: будынкі біржы (1836—39) і Гарыхвостаўскай багадзельні (1839) у Маскве, у стылі несапраўднай готыкі — ансамбль сядзібы Марфіна пад Масквой (1837—38). Аўтар шэрагу культавых збудаванняў у Маскве і Пецярбургу. Адзін з першых прадстаўнікоў навук. рэстаўрацыі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦА́Й Аляксей Міхайлавіч

(н. 7.3.1914, С.-Пецярбург),

рускі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1963), чл. АМ СССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1932—39). Выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1948—52 і з 1964; праф. з 1966). У творах развівае традыцыі рус. пейзажнага жывапісу: «У Жыгулях. Бурны дзень» (1948—50), «Летні сад» (1956), «Чорная вада» (1967). Аўтар твораў на індустр. тэму («Электрапечы», 1947), партрэтаў (групавы партрэт «Пасяджэнне Прэзідыума АН СССР», 1951). Дзярж. прэмія СССР 1951, 1952.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНКРЭ́ (Lancret) Нікала

(22.1.1690, Парыж — 14.9.1743),

французскі жывапісец, прадстаўнік ракако. Вучыўся ў П.Дзюлена (да 1708), К.Жыло (1712—18). Зазнаў уплыў А.Вато. З 1719 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. Аўтар вытанчаных галантных тэатр. і быт. сцэн, дэкар. пейзажаў, напісаных у мяккай жывапіснай манеры: «Канцэрт у парку», «Урок музыкі», «Танец», «Баль», «Вясковае вяселле» (1737), «Поры года» (1738) і інш. Партрэты распрацоўваў як жанравыя сцэны («Сям’я Бурбон-Канці»; «Танцоўшчыца Камарго», 1730). Ілюстраваў «Байкі» і «Казкі» Ж.Лафантэна.

Н.Ланкрэ. Танцоўшчыца Камарго. 1730.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАНО́ВІЧ Іосіф Іосіфавіч

(н. 9.5.1920, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).

А.С.Наркевіч.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЗІ, Гуардзі (Guardi) Франчэска (хрышчаны 5.10.1712, г. Венецыя, Італія — 1.1.1793), італьянскі жывапісец, пейзажыст. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Знаходзячы натхненне ў простых матывах паўсядзённага жыцця горада, яго залітых сонейкам дворыках, каналах, шматлюдных набярэжных, Гвардзі стварыў новы тып пейзажу, адзначанага паэтычнасцю зрокавых уражанняў («Венецыянскі дворык», «Рыо дэі Мендыканці. Венецыя», «Архітэктурная фантазія» і інш.). Яго жывапісная манера вызначаецца віртуознасцю, мігатлівасцю колеравых плям, якія тонка імітуюць рух паветра і святла.

Літ.:

Никитюк О. Франческо Гварди. М., 1968;

Binion A.A. and F. Guardi... New York, 1976.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».

Г.Дау. Служанка ў акне. 1640.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКАЯ Вераніка Рыгораўна

(н. 5.6.1957, Мінск),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Выканала люстры для кафэ «Вянок» (1984), вітраж і люстры для кафэ «Церамок» (1986), вітражы «Сонца» і «Вясёлка» для Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1992; усе ў Мінску). Сярод графічных работ: «Каляды ў бабулі» (1987), «Развітанне», «Сон» (абедзве 1989); жывапісных — «Вянчанне», «Ноч», «Узрушанне» (усе 1991), «Вецер», «Двое» (абедзве 1993), «Бабульчына гарышча», «Пад час чытання Евангелля», «Раніца» (усе 1995) і інш.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛАК (Vallak) Пээт

(сапр. Педаяс Пеэтэр; 23.6.1893, вол. Валцвяціс Пярнускага р-на, Эстонія — 17.3.1959),

эстонскі пісьменнік. Майстар навелы. Вучыўся жывапісу ў Тарту і Пецярбургу. Друкаваўся з 1908. Першая кніга — камедыя «Кашмары» (1924). У кнігах навел (усіх 9) «Чорны крыж» (1925), «Бунт мазгоў» (1926), «Самасуд» (1932), «Справы навыварат» (1935) і інш., рамане «Бадзяга» (1927) — паўсядзённая рэчаіснасць, жыццё і характары абяздоленых людзей тагачаснай Эстоніі, напружаны драматызм, спалучэнне элементаў фантастыкі і рэалізму.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1968;

Повести и рассказы. Л., 1984.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)