спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял.Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.
Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.
Літ.:
Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;
Мухаринская Л.С.Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь ← *‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл.*gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЗО́РКІ,
нябесныя целы, якія самі свецяцца; складаюцца з распаленых газаў (плазмы). Найб. распаўсюджаныя аб’екты ў Сусвеце — змяшчаюць больш за 98% масы ўсяго касм. рэчыва. Знаходзяцца ў стане цеплавой і гідрастатычнай раўнавагі, што забяспечваецца балансам паміж сілай гравітацыі і ціскам гарачага рэчыва і выпрамянення. Усе З., акрамя Сонца, відаць з Зямлі як святлівыя пункты. Яркасць З. характарызуюць зорнай велічынёй. Бачнае становішча на небасхіле вызначаюць дзвюма вуглавымі пераменнымі — схіленнем і прамым узыходжаннем (гл.Нябесныя каардынаты).
З. існуюць дзесяткі мільярдаў гадоў. У іх ядрах увесь час адбываюцца тэрмаядзерныя рэакцыі — асн. крыніца энергіі і выпрамянення. Фіз. характарыстыкі і працягласць існавання З. вызначаюцца масай і хім. складам, якія З. мела ў момант утварэння. Адрозніваюць З.: гіганты, звышгіганты, карлікі, новыя зоркі, звышновыя зоркі, пераменныя зоркі, падвойныя зоркі. Хім. склад большасці З.: 75% вадароду, 23% гелію, 2% інш. элементаў. Дыяпазон магчымых мас — 10−2—102 масы Сонца. Радыусы самых вял. З. — чырвоных звышгігантаў — у 102—103 разоў большыя, а самых малых — белых карлікаў і нейтронных З. — у 102—104 разоў меншыя за радыус Сонца. Сярэдняя шчыльнасць чырвоных звышгігантаў 10‘3кг/м³, нейтронных З. больш за 1017кг/мЗ. Свяцільнасць блакітных гігантаў і чырвоных звышгігантаў складае 8∙105, а чырвоных карлікаў 10−4 свяцільнасці Сонца. З. ўтвараюць у прасторы вял. зорныя сістэмы — галактыкі. Вывучэнне будовы нашай Галактыкі паказвае, што многія З. групуюцца ў зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі і інш. З. вывучаюцца зорнай астраноміяй і астрафізікай.
Літ.:
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Звезды и звездные системы. М., 1981;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Спіс сузор’яў
Беларуская назва
Лацінская назва
Становішча на зорным небе
1
2
3
Авен
Aries
Пн
Аднарог
Monoceros
Э
Актант
Ostans
Пд
Андрамеда
Andromeda
Пн
Арол
Aquila
Э
Арыён
Orion
Э
Ахвярнік
Ara
Пд
Блізняты
Gemini
Пн
Вадаліў
Aquarius
Пд
Валапас
Bootes
Пн
Валасы Веранікі
Coma Berenices
Пн
Ветразі
Vela
Пд
Вознік
Auriga
Пн
Воран
Corvus
Пд
Воўк
Lupus
Пд
Вялікая Мядзведзіца (нар. назва Вялікі Воз)
Ursa Major
Пн
Вялікі Пёс
Canis Major
Пд
Гадзіннік
Horologium
Пд
Геркулес
Hercules
Пн
Гідра
Hydra
Э
Голуб
Columba
Пд
Гончыя Псы
Canes Venatici
Пн
Дзева
Virgo
Э
Дракон
Draco
Пн
Дэльфін
Delphinus
Пн
Журавель
Crus
Пд
Жывапісец
Pictor
Пд
Жырафа
Camelopardalis
Пн
Залатая Рыба
Dorado
Пд
Заяц
Lepus
Пд
Змеяносец
Ophiuchus
Э
Змяя
Serpens
Э
Індзеец
Indus
Пд
Казярог
Capricornus
Пд
Карма
Puppis
Пд
Касіяпея (нар. назва Касцы)
Cassiopeia
Пн
Кіль
Carina
Пд
Кіт
Cetus
Э
Компас
Pyxis
Пд
Крыж
Crux
Пд
Лебедзь
Cygnus
Пн
Леў
Leo
Пн
Ліра
Lyra
Пн
Лісічка
Vulpecula
Пн
Лятучая Рыба
Volans
Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз)
Ursa Minor
Пн
Малы Конь
Equuleus
Пн
Малы Леў
Leo Minor
Пн
Малы Пёс
Canis Minor
Пн
Мікраскоп
Microscopium
Пд
Муха
Musca
Пд
Навугольнік
Norma
Пд
Насос
Antlia
Пд
Паўднёвая Гідра
Hydrus
Пд
Паўднёвая Карона
Corona Austrina
Пд
Паўднёвая Рыба
Piscis Austrinus
Пд
Паўднёвы Трыкутнік
Triangulum Australe
Пд
Паўлін
Pavo
Пд
Паўночная Карона
Corona Borealis
Пн
Пегас
Pegasus
Пн
Персей
Perseus
Пн
Печ
Fornax
Пд
Разец
Caelum
Пд
Райскі Птах
Apus
Пд
Рак
Cancer
Пн
Рыбы
Pisces
Э
Рысь
Lynx
Пн
Секстант
Sextans
Э
Сетка
Reticulum
Пд
Скарпіён
Scorpius
Пд
Скульптар
Sculptor
Пд
Сталовая Гара
Mensa
Пд
Страла
Sagitta
Пн
Стралец
Sagittarius
Пд
Трыкутнік
Triangulum
Пн
Тукан
Tucana
Пд
Тэлескоп
Telescopium
Пд
Фенікс
Phoenix
Пд
Хамелеон
Chamaeleon
Пд
Цыркуль
Circinus
Пд
Цэнтаўр
Centaurus
Пд
Цэфей
Cepheus
Пн
Цялец
Taurus
Пн
Чаша
Crater
Пд
Шалі
Libra
Пд
Шчыт
Scutum
Э
Эрыдан
Eridanus
Пд
Яшчарка
Lacerta
Пн
Абазначэнні: Пн — Паўн. паўшар’е неба, Пд — Паўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІпазаабрадавыя,
народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.
Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.
Асн. масіў бел.нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.Купалы, «Зорка Венера» М.Багдановіча, «Лясная песня» А.Русака, «Нёман» А.Астрэйкі, «Ручнікі» В.Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60;
Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968;
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;
Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;
Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,
прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.
М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш.). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).
Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел.нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар.муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл.Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл.Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш.Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.
Літ.:
Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;
Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;
Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;
Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;
Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр.киснути, рус.киснуть ’тс’, балг.кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв.ки̏снути ’тс’, славен.kísniti ’кіснуць’, польск.kisnąć, чэш.kysnouti, славац.kysnuť, в.-луж.kisnyć, н.-луж.kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл.*kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат.kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл.kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл.kysti, kysati звязваюцца з літ.kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат.kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ.kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат.kûsât і літ.kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл.kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл.kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е.k̑ як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус.бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.
Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
СТЫЛЬ (лац. stilus, stylus ад грэч. stylos палачка для пісьма),
устойлівае адзінства вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці; форма маст. самавызначэння эпохі, рэгіёна, нацыі, сац. або творчай групы, асобнага творцы. Цесна звязаны з эстэт. самавыяўленнем, у шырокім сэнсе распаўсюджваецца на ўсе віды дзейнасці чалавека (С. жыцця, паводзін, адзення і інш.) і з’яўляецца адной з важных катэгорый культуры. Паняцце «С.» часта асацыіруецца з канкрэтнымі відамі творчасці і прымае іх гал. характарыстыкі (жывапісны або графічны, эпічны або лірычны і інш.), з рознымі сац.-быт. ўзроўнямі і функцыямі моўных зносін (афіцыйны, дзелавы, нефармальны, размоўны і інш.; гл. таксама Стылістыка). У мастацтве вызначэнне С. базіруецца на агульнасці характэрных прыкмет твора, што карэняцца ў сац.-гіст. умовах, светапоглядзе, светаадчуванні, метадзе мастацкім творцы, у агульных заканамернасцях маст.-гіст. працэсу.
У культурах стараж. цывілізацый С. быў цесна звязаны з канонам. У розныя гіст. перыяды С. спецыфічна разглядаўся ў розных відах мастацтва, дзе ў пэўнай ступені выяўляў свае тыповыя прыкметы ў суадносінах зместу і формы. Тэорыя С. як маст.-гіст. катэгорыі распрацавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. Г.Вёльфлінам і А.Рыглем, якія абсалютызавалі тыпалагічныя прыкметы С., вызначалі яго як фармальную структуру і разглядалі яго змену як гал. прынцып гіст. развіцця мастацтва. У сучаснай тэрміналогіі паняцце «С.» мае вял.дыяпазон: вызначэнне сумы ўстойлівых прыкмет, якія характарызуюць вобразную і фармальную структуру мастацтва пэўнай гіст. эпохі (раманскі стыль, готыка, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, ракако, мадэрн; у такім кантэксце С. таксама з’яўляецца адным з гал. элементаў сінтэзу мастацтваў]; вызначэнне маст. эпохі паводле храналагічных вех, пераважна дынастычных (напр., «С. Людовіка XIV» у Францыі, «віктарыянскі С.» у Англіі, «паўлаўскі С.» у Расіі); характарыстыка прыкмет групы помнікаў ці маст. кірунку ўнутры гіст. перыяду (геам. С. размалёвак стараж.-грэч. керамікі, звярыны стыль, мяккі стыль і інш.); вызначэнне маст. асаблівасцей пэўнага рэгіёна (напр., візант. С.); нац. С. (тэрмін, альтэрнатыўны паняццю нац.маст.школа), крытэрый якога — фарміраванне нац. класікі, дзе закладваюцца асновы традыцый і стыліст. пераемнасці праз фалькл. вытокі, традыцыі нац.прафес. культуры і блізкіх, роднасных культур; вызначэнне індывідуальнай манеры творцы (напр., «С. Пусэна», «С. позняга Рэмбранта», «С. Бетховена», «С. Чайкоўскага», «С. Я.Коласа», «С. Я.Брыля»). З 17 ст. развіццё еўрап. мастацтва не ўкладваецца ў межы адзінага (т.зв. вялікага) С.: адначасова суіснавалі і знаходзіліся ў складанай узаемасувязі барока і класіцызм, з 18 ст. — позняе барока, класіцызм і ракако; творчасць буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва (напр., Д.Веласкес, Рэмбрант, І.С.Бах, Вальтэр, Сімяон Полацкі) не ўкладваецца ў межы ніводнага С., хаця і ўзаемадзейнічае з імі. У 19—20 ст. стылістычнае адзінства знікае, развіццё мастацтва вызначаецца складанымі ўзаемаадносінамі маст. кірункаў і плыняў, якія маюць свае стылявыя прыкметы (рамантызм, сентыменталізм, рэалізм, імпрэсіянізм, кубізм, абстракцыянізм, канструктывізм, сюррэалізм, сацыялістычны рэалізм, суровы стыль, поставангард і інш.); узрастае роля С. творчай індывідуальнасці. Спроба стварэння ў канцы 19 — пач. 20 ст. адзінага С. мадэрн стала штуршком для пошукаў новых варыянтаў «сучаснага С.». У 20 ст. пашырылася тэндэнцыя да надання паняццю «С.» больш шырокага значэння — «С. эпохі» і вызначэння яго як сукупнасці агульных рыс, што адрозніваюць культуру адной гіст. эпохі ад другой.
Літ.:
Лисса З. О сущности национального стиля: Пер. с нем. // Вопросы эстетики. М., 1964 Вып. 6;
Соколов А.Н. Теория стиля. М., 1968;
Скребков С.С. Художественные принципы музыкальных стилей. М., 1973;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Михайлов М.К. Стиль в музыке. Л., 1981;
Ломинадзе С.В. Концептуальный стиль и художественная целостность // Контекст, 1981. М, 1982;
Бартенев И.А., Батажкова В.Н. Очерки истории архитектурных стилей. М., 1983;
Медушевский В. К проблеме сущности, эволюции и типологии музыкальных стилей // Музыкальный современник. М., 1984. Вып. 5;
Каплун А.И. Стиль и архитектура. М., 1985;
Лосев А.Ф. Проблема художественного стиля. Киев, 1994;
Яго ж. Форма—Стиль—Выражение. М., 1995;
Власов В.Г. Стили в искусстве: Словарь. Т. 1. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес.муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням. (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАНІ́НЫ МАСТА́ЦКІЯ,
ткацкія вырабы ручной ці машыннай вытворчасці, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, прыгажосцю расфарбоўкі, высокім майстэрствам выканання: від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабляюць з шарсцяных, ільняных, баваўняных, шаўковых, сінт., штучных нітак, арнаментуюць перапляценнем іх у працэсе ткацтва, набіваннем малюнка (гл.Набіванка), вышыўкай, батыкам, аплікацыяй і інш. Прызначаюцца для вырабу адзення, аздаблення мэблі, інтэр’ераў і інш. Характар маст. афармлення Т.м. абумоўліваецца іх прызначэннем, матэрыялам, тэхн. магчымасцямі выканання, адлюстроўвае стылістычныя асаблівасці розных эпох у развіцці мастацтва, этнічныя, нац., сац. адметнасці і інш. Вядомы амаль усім народам з глыбокай старажытнасці. Высокай мастацкасцю з 2-га тыс. да н.э. славіліся кіт. і яп. (пераважна шаўковыя), інд. баваўняныя з набіўным узорам, іранскія і тур. шарсцяныя і шаўковыя тканіны, вырабы народаў Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, габелены, карункі, тканіны Італіі, Францыі і інш.
На Беларусі Т.м. вядомы з 11—13 ст., калі ва ўжытак увайшоў гарызантальны ткацкі станок з нітамі і панажамі — кросны і пашырылася вышыўка. Высокім узроўнем вызначалася прадукцыя рамесных ткацкіх цэхаў 15—17 ст. У 18 ст. на прадпрыемствах мануфактурнага тыпу ў Карэлічах, Міры, Камянцы, Нясвіжы, Альбе, Гродне, Слоніме ткалі шпалеры сюжэтна-тэматычнага характару (гл.Карэліцкія шпалеры), ворсавыя дываны, узорыстыя кілімы, шаўковыя паясы, тканіны для абіўкі сцен і інш. (гл.Нясвіжскія паясы, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, Гродзенскія паясы). Шырокую вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы і інш. вырабы (галуны, пазументы, стужкі) Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Шклоўская мануфактура славілася арнаментаванымі тканымі шпалерамі, паясамі і тканінамі з залатым шыццём; у фальварку Сямёнаўка каля Шклова залатымі, сярэбранымі і шаўковымі ніткамі вышывалі жаночае і мужчынскае адзенне. Многія Т.м. вызначаліся спалучэннем усх., заходнееўрап. і мясц. традыцый і матываў. У 19 ст. цэхавая і мануфактурная вытв-сць Т.м. саступіла месца прамысл. машыннай. З канца 19 ст. з паляпшэннем інтэр’ера традыц. жылля, пашырэннем новых ткацкіх тэхнік Т.м. пашырыліся і ў нар. побыце. Традыц. палатняная, браная, выбарная, саржавая тэхнікі ткацтва, што здаўна ўжываліся для вырабу адзення, ручнікоў, абрусаў, дапоўніліся пераборнай, шматнітавой і інш. тэхнікамі, якія ўзбагацілі колеравы і арнаментальны дыяпазон вырабаў. Паласаты ці клятчасты дэкор палатнянага або рыпсавага перапляцення, ромбагеам. арнамент браных і выбарных тканін чырвона-белага каларыту узбагаціўся новымі матывамі (стылізаванымі расл., арнітаморфнымі, зааморфнымі і інш.), каларыстыкай вырабаў. Пашырыліся Т.м. інтэр’ернага прызначэння (посцілкі, дываны, ручнікі, сурвэткі, фіранкі і інш.), выкананыя разнастайнымі відамі перабору з прыціскной асновай, дэкар. відамі ажурнага ткацтва, вышыўкай крыжыкам, паліхромнай адвольнай гладдзю і інш. У 1 -й пал. 20 ст.вытв-сцьтрадыц.нар. Т.м. скарацілася, пераважалі вырабы фабрычнай тэкстыльнай вытв-сці, малюнкі для якіх стваралі спецыялісты-мастакі. Традыцыі нар. ўзорыстага ткацтва ў 1930—50-я г. прадоўжылі маст. арцелі (выраблялі тканыя і вышываныя абрусы, ручнікі, хусткі, сурвэткі, шторы, блузкі, сукенкі, мужчынскія сарочкі і інш.), з 1960-х г. — ф-кі маст. вырабаў, у асартыменце якіх посцілкі, дываны, накідкі на крэслы, абрусы, сурвэткі, ручнікі, адзенне і інш., выкананыя і аздобленыя ў традыцыях нар. Т.м. Акрамя традыц. тэхнік ткацтва і аздаблення выкарыстоўваюцца і новыя: ручная размалёўка, машынная вышыўка, аэраграфія, батык і інш. Разнастайнасцю арнаментыкі, сакавітасцю і яркасцю малюнка вызначаюцца посцілкі, дываны, ручнікі работы нар. майстроў. З 1960-х г. адрадзіўся бел. габелен. Створаныя паводле кардонаў вядомых мастакоў габелены і габелены-заслоны сюжэтна-тэматычнага і арнаментальна-дэкар. характару аздабляюць інтэр’еры грамадскіх і адм. будынкаў. У наш час Т.м. падарункавага, сувенірнага, маст. характару, для аздаблення грамадскіх будынкаў, сцэн. касцюмаў для самадзейных і прафес. калектываў і інш. ствараюць нар. майстры, мастакі-тэкстыльшчыкі, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), прамысловыя Т.м. — на тэкстыльных ф-ках, камбінатах і аб’яднаннях.
Літ.:
Соболев Н.Н. Очерки по истории украшения тканей. М.; Л., 1934;
Руденко С.И. Древнейшие в мире художественные ковры и ткани... М., 1968;
Бирюкова Н.Ю. Западноевропейские набивные ткани 16—18 в.: Собрание Гос. Эрмитажа. М., 1973;
Козлов В.Н. Основы художественного оформления текстильных изделий. М., 1981;
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус.Мн., 1996;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Тканіны мастацкія. Копцкая габеленавая тканіна. 4 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Арнат з г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Фрагмент. 18 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Шпалера «Паляванне на аленя». Германія. Канец 15 — пач. 16 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Аксаміт. Францыя. 1868.Да арт.Тканіны мастацкая. А.Сушчынская. Посцілка. Вёска Істакі Лідскага раёна Гродзенскай вобл. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст.Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял.Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Бытавы жанр. В.Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.Да арт.Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.