КАЛАРЫ́Т (італьян. colorito ад лац. color колер, афарбоўка) у выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе), сістэма колеравых спалучэнняў, якая ўтварае візуальнае адзінства твора і з’яўляецца эстэт. ператварэннем колеравай разнастайнасці рэчаіснасці; важны кампанент маст. вобраза і сродак эстэт. і эмацыянальнай выразнасці. Характар К. залежыць ад віду мастацтва, матэрыялу і функцыі твора, звязаны з яго зместам, эпохай, стылем, індывідуальнасцю майстра. Гістарычна склаліся 2 каларыстычныя тэндэнцыі. Адна заснавана на выкарыстанні спалучэнняў лакальных колераў, часта звязана з сімвалічным значэннем колеру (напр., у іканапісе); другой характэрна імкненне да найб. поўнай перадачы колеравага багацця рэчаіснасці, выкарыстанне тону, валёру і рэфлексу.
Паводле характару колеравых спалучэнняў адрозніваюць К. халодны (пераважаюць сінія, зялёныя, фіялетавыя тоны), цёплы (больш чырвоных, жоўтых, аранжавых тонаў), спакойны, напружаны; паводле насычанасці і сілы колеру — яркі, стрыманы, бляклы і інш. У залежнасці ад насычанасці святлом К. можа быць светлым або цёмным: раўнамерная асветленасць характэрна для К. італьян. майстроў Ранняга Адраджэння, агульнае зацяненне — для жывапісу Тыцыяна і Рэмбранта, пранізанасць адлюстравання святлом — для твораў імпрэсіяністаў (гл. Імпрэсіянізм) і г.д. Сярод бел. мастакоў-каларыстаў: В.Бялыніцкі-Біруля, М.Тарасікаў, В.Цвірка, І.Ахрэмчык і інш.
Літ.:
Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Алексеев С.С. О колорите. М., 1974.
т. 7, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКЕ (Ranke) Леапольд фон (21.12.1795, г. Віе, Германія — 23.5.1886),
нямецкі гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Настаўнік караля Баварыі Максіміляна II. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1818). У 1825—71 праф. Берлінскага ун-та, адначасова гістарыёграф прускай дзяржавы (з 1841) і старшыня Гіст. камісіі пры Баварскай АН у г. Мюнхен (з 1858). У 1832—36 выдаваў кансерватыўны «Historisch-politische Zeitschrift» («Гістарычна-палітычны часопіс»). Найб. значны прадстаўнік новай ням. гіст. навукі, у аснове якой ляжала строгая крытыка крыніц. Для Р. характэрны аб’ектыўнае апісанне гісторыі, выяўленне «агульнай ідэі», што вызначае ход падзей, пры пільнай увазе да дэталей. Аўтар прац «Гісторыя раманскіх і германскіх народаў з 1494 да 1535 г.» (1824), «Рымскія папы, іх царква і дзяржава ў XVI і XVII стст.» (т. 1—3, 1834—36), «Нямецкая гісторыя ў эпоху Рэфармацыі» (т. 1—6, 1839—47), «Дзевяць кніг прускай гісторыі» (т. 1—3, 1847—48; потым пашырана і выдадзена пад назвай «Дванаццаць кніг прускай гісторыі», т. 1—5, 1874), «Французская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—5, 1852—61), «Англійская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—7, 1859—68), «Сусветная гісторыя» (т. 1—16, 1881—88) і інш.
т. 13, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛІ́ЦКІ (Sielicki) Францішак (29.11.1923, в. Мікуліна Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.2001),
польскі літ.-знавец-славіст, фалькларыст. Д-р філал. н. (1966). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1978 праф. Ін-та слав. філалогіі гэтага ун-та. Аўтар кніг «Аповесць мінулых гадоў»: Гістарычна-літаратурная характарыстыка, пераклад і каментарый» (1968), «Максім Горкі сярод польскіх спраў» (1971), «Падарожжа баярына Барыса Шарамецева праз Польшчу і Аўстрыю ў Рым, а таксама на Мальту, 1697—1698» (1975). Даследаваў рус. класіку (творы І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава). Выдаў падручнік «Беларускі фальклор» (1983). Аўтар прац «Беларускія вясельныя абрады і песні з вёскі Мікуліна...» (1979), «Беларускія жартоўныя песні і вершы з ваколіц вёскі Мікуліна» (1980), «Пахавальныя і дзядоўскія песні, якія выконваліся ў б. Вілейскім павеце», «Відовішчы ў вёсцы Мікуліна б. Вілейскага павета ў міжваенны перыяд» (абедзве 1982). Арт. «Францыск Скарына ў польскай навуцы» (1990) прысвечаны скарыназнаўству ў Польшчы.
Тв.:
Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Warszawa;
Wrocław, 1989;
Krzyż w wierzeniach ludu Wilejszczyźny // Наш радавод. Гродна, 1991. Кн. 3, ч. 3;
Pieśni białoruskie i rosyjskie śpiewane na Wileńszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1992;
Podania, legendy, anekdoty i przysłowia na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1993.
А.В.Мальдзіс.
т. 15, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
жанр
(фр. genre)
1) гістарычна выпрацаванае ўнутранае падраздзяленне ва ўсіх відах мастацтва з уласцівымі яму мастацкімі асаблівасцямі, напр. у літаратуры — раман, паэма, камедыя і інш., у музыцы — сімфонія, кантата, песня і інш., у выяўленчым мастацтве — партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш.;
2) жывапіс на бытавыя сюжэты.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Во (выклічнік, указальная часціца) (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., Мядзв., Шпіл.; КЭС, лаг.). Рус. о, укр. о, ст.-рус. о, ст.-слав. о, польск. o, в.-луж., н.-луж. o, чэш. o, славен. ō, балг. о (Младэнаў, 362). Гістарычна гэта могуць быць незалежныя формы, асабліва калі прыняць пад увагу розніцу ў даўжыні (Фасмер, 3, 95; Махэк₂, 404). Аналагічнае паходжанне ў грэч. ὦ, ὤ (выраз здзіўлення), лац. ō, ōh, ст.-інд. ā, ст.-ірл. ā, a, гоц. ō ’во, тфу’, ст.-в.-ням. ō‑wê, с.-в.-ням. ô, н.-в.-ням. oh (Вальдэ-Гофман, 2, 192; Фасмер, 3, 95).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́пал 1 ’напалавіну, папалам’ (Бяльк., Сцяшк., Юрч., Янк. 3., Жд. 2), ’напалам, на дзве роўныя часткі’ (калінк., З нар. сл.), на́пол ’напалавіну, напалову’ (ТС), на́палы ’на дзве роўныя часткі’ (Нас.), ст.-бел. наполъ, наполы, рус. на́пол, укр. напів, польск. napół, чэш. napolo, в.-н.-луж. napoł, славен. napol, серб.-харв. напола, балг. наполо, макед. наполу. Прасл. *na polъ ’напалову’, гл. поў ’палавіна’. Формы на зычны гістарычна са спалучэнняў прыназоўніка на з він. скл. адз. л. назоўнікаў, форма на галосны — з він. скл. падв. л. (Карскі 2–3, 74).
Напа́л 2, напол ’бочка для мукі, выдзеўбаная з дрэва’ (Мат. Маг.). Гл. напол.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДРУЖЫ́НА,
1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж. германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст. н.э. як пастаянная.
2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.
3) Войска цалкам.
4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).
Літ.:
Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;
Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.
т. 6, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ў музыцы,
адзін з бакоў арганізацыі музыкі як працэсу; характарызуецца зменамі гучнасці, шчыльнасці гучання і тэмпу. У больш шырокім сэнсе — любыя змены ў муз. развіцці, а таксама іх адлюстраванне ва ўспрыняцці. Вызначаецца дзеяннем розных якасцей муз. гуку (вышыня, сіла, працягласць, тэмбр), інтэнсіўнасцю і частатой змен розных параметраў. Выяўляецца ў мелодыі, гармоніі, рытміцы, тэмпе, фактуры і інш., на розных узроўнях муз. развіцця (напр., у асобным гуку, у матыве, фразе, частцы, цыкле). Найб. дэталёва Д. ў музыказнаўстве разглядаюць як сукупнасць з’яў, звязаных з гучнасцю, і як вучэнне пра гэтыя з’явы. У такім значэнні тэрмін вядомы з 19 ст. Гістарычна распрацавана дакладная сістэма абазначэння дынамічных адценняў (выкарыстоўваюць італьян. тэрміны).
Асн. абазначэнні: forte-fortissimo (fff) — надзвычай гучна, fortissimo (ff) — вельмі гучна, forte (f) — гучна, mezzo forte (mf) — умерана гучна, mezzo piano (mp) — умерана ціха, piano (p) — ціха, pianissimo (pp) — вельмі nixa, piano-pianissimo (ppp) — надзвычай ціха; crescendo (графічнае <) — паступовае ўзмацненне гуку, diminuendo або decrescendo (>) — паступовае аслабленне гуку; раптоўная змена дынамічнага адцення — subito. Д. ўключае таксама акцэнты. Гучнасная Д. мае непасрэдныя адносіны да інтэрпрэтацыі (указанні кампазітара хоць і абавязковыя для выканаўцы, але дазваляюць індывід. трактоўку). Д. — важны сродак муз. выразнасці. Побач з агогікай, артыкуляцыяй, фразіроўкай яна адыгрывае вял. ролю ў муз.-выканальніцкім мастацтве.
т. 6, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,
помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).
Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.
Літ.:
История русской литературы. Т. 1. М., 1980.
т. 8, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,
гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел.-літ. летапісным зводзе (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.
В.А.Чамярыцкі.
т. 9, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)