камі́н, ‑а, м.

1. Пакаёвая печ малой цеплаёмкасці з адкрытай шырокай топкай пры падлозе. Граф узяў жалезны кіёчак і біў вуг[о]лле ў каміне. Гарэцкі. У замку ціш, і языкаты агонь коміна ліжа дровы. Вялюгін.

2. Электрычны або газавы прыбор для абагрэву пакоя.

[Ад грэч. kaminos — печ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыярытэ́т, ‑у, М ‑тэ́це, м.

1. Першынство ў навуковым адкрыцці, вынаходніцтве і пад. Вучоным Расіі належыць прыярытэт адкрыцця Антарктыкі. «Беларусь».

2. Пераважаючае значэнне чаго‑н. Прыярытэт агульнасаюзнага закона. □ М. Гарэцкі паслядоўна абараняў прыярытэт прыгожага пісьменства, адметнасць літаратуры як спецыфічнай формы слоўнага мастацтва. Мушынскі.

[Ням. Priorität.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Прыгодны для спажывання, для скарыстання ў ежу. Ядомыя ягады. Ядомыя грыбы. □ Мяне.. цікавіла — збегаць да маці і падлавіць ад яе што-небудзь ядомае, хоць цукру кавалачак. Гарэцкі. Дома і салома ядома, на чужыне і гарачы тук стыне. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА (ад лац. glacies лёд + тэктоніка),

ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.

Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.​Пенка, рус. вучоных А.​А.​Інастранцава, А.​Э.​Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.​І.​Крыгер, Ю.​А.​Лаўрушын, бел. вучоны Г.​І.​Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.

На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.

Літ.:

Левков Э.​А.​Гляциотектоника. Мн., 1980.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,

платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ДУ́МКА»,

грамадска-паліт. і літ. штотыднёвая газета. Выдавалася з 24.12.1920 да 8.7.1921 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Асн. ўвагу аддавала паліт. і эканам. становішчу Зах. Беларусі, пашырала ідэі нац.вызв. руху. Выкрывала палітыку бурж.памешчыцкіх колаў, уздымала зямельнае пытанне, змагалася за бел. культуру і асвету. Згуртавала вакол сябе значныя літ. сілы. На яе старонках з апавяданнямі і публіцыст. артыкуламі выступалі Гарэцкі (пад псеўданімамі А.​Мсціслаўскі, Дзед Кузьма і інш.), А.​Луцкевіч, М.​Краўцоў (Косцевіч), Л.​Родзевіч, І.​Канчэўскі, Ю.​Лістапад, з вершамі І.​Дварчанін, С.​Шыманоўскі, К.​Сваяк, П.​Прадуха і інш. Друкаваліся творы К.​Лейкі, П.​Простага, С.​Рак-Міхайлоўскага, М.​Чарота, творы з фалькл. збораў А.​Сержпутоўскага, нар. песні з Сакольшчыны. Змяшчала матэрыялы па пытаннях развіцця тэатра, выяўл. мастацтва, л-ры, гісторыі бел. культуры. Выйшла 27 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дапільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.

Разм.

1. Высачыць, заспець за якім‑н. заняткам. Дапільнаваць злодзея. □ [Гаспадар] дапільнаваў там, што Хомка горка плача, схіліўшыся ў куточку на сцяну. Гарэцкі.

2. Дагледзець, захаваць у парадку. Стоцкі тут усё дапільнуе сам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упаі́ць, упаю, упоіш, упоіць; зак., каго.

Разм. Напаіць дап’яна. [Іван:] — Мяне не ведаеш, Тацяна, Гарэлкай цяжка ўпаіць. Па тым, што выпіў я, да рана Гатоў нагамі малаціць. Танк. Хлопцы знайшлі Хомку, пацягнулі з сабою і ўпаілі нейкаю бурдою — мешанінаю гарэлкі з півам і салодкаю вадою. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядзе́нне, ‑я, н.

Разм.

1. Прыём ежы; яда (у 1 знач.). [Доктар] упэўніваў, што пры такім, людскім спосабе ядзення — пайка нашага нам зусім досыць. Гарэцкі.

2. Тое, што ядуць і п’юць; ежа. Пасля сходу Супрон пазваў лепшых прамоўцаў і пачаставаў іх нарыхтаваным ядзеннем на вяселле. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Жылкі, К.​Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.​Луцкевіча, А.​Астрамовіча, П.​Крачэўскага, А.​Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.​Гогаля, М.​Горкага, М.​Зошчанкі, А.​Купрына, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Л.​Талстога, Г.​Сянкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.​М.​Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)