ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл. Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл. Газаачыстка), транспартавання (гл. Газаправод), захоўвання (гл. Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл. Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).

Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў для якаснага выяўлення і колькаснага вызначэння кампанентаў газавых сумесей. Уключае храматаграфію, спектральны аналіз, мас-спектраметрыю, электрахім. метады і інш. Праводзяць з дапамогай спец. прылад — газааналізатараў.

Заснаваны на вымярэнні фіз. параметраў асяроддзя (электра- і цеплаправоднасць, аптычная шчыльнасць, каэф. рассеяння і інш.). Пры выбіральным газавым аналізе вымяраюць фіз. параметры, што залежаць ад канцэнтрацыі кампанента, які вызначаюць, пры невыбіральным — ад адноснай колькасці ўсіх кампанентаў (напр., шчыльнасць, цеплаправоднасць). Выбіральнасць метадаў дасягаецца папярэдняй апрацоўкай сумесі газаў (напр., фракцыяніраванне, канцэнтраванне, канверсія) пераважна з дапамогай мембранных матэрыялаў і тэхналогій. Выкарыстоўваюць для даследавання прыродных і прамысл. газаў, паветра; у хім., нафтаперапрацоўчай, газавай прам-сці.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.

Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск газу, які ўваходзіць у склад газавай сумесі, пры ўмове, што ён адзін займае ўвесь аб’ём сумесі і мае т-ру сумесі. Выкарыстоўваецца для разлікаў параметраў сумесей ідэальных газаў (гл. Дальтана законы).

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пшык — выклічнік для перадачы інтэнсіўнага згарання (Шымк. Собр.), імітуе гукавы эфект ад запаленага пораху, гарачага жалеза, апушчанага ў ваду; выпусканне газаў (Нас.): зрабіў пшык (Сержп.), ’нічога, пустата’ (ТСБМ, Сцяшк.), пшы́каць ’рабіць успышку порахам; ціха выпускаць газы’ (Нас.), пшы́чыць ’сіпець (пра гадзюку)’ (ЛА, 1), сюды ж пшы́каўка ’порхаўка’ (ЛА, 1; смарг., Сл. ПЗБ). Гукаперайманне, параўн. укр. пшик, якое Смаль–Стоцкі (Приміт., 170) трактуе як “стары выгук”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гангрэ́на, ‑ы, ж.

Амярцвенне якога‑н. участка біялагічнай тканкі, органа або часткі цела ў выніку парушэння кровазвароту.

•••

Газавая гангрэна — цяжкае захворванне, якое выклікаецца заражэннем раны анаэробнымі бактэрыямі і пры якім распад тканак суправаджаецца ўтварэннем у іх газаў.

[Грэч. gángraina.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапло́, ‑а, н.

Канал спецыяльнага профілю, прызначаны для разгону вадкасцей ці газаў да пэўнай скорасці і надавання патоку зададзенага кірунку. Аж задрыжала даль ад грому, Бушуе полымя з сапла, У вышыні над касмадромам — Палоска зыркага святла. Матэвушаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кале́ктар, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Установа, якая займаецца зборам і размеркаваннем чаго-н. па падведамасных яму арганізацыях.

Бібліятэчны к.

2. Шырокая труба ці канал для адводу вадкасцей або газаў (спец.).

3. Частка генератара пастаяннага току, якая служыць для ператварэння пераменнага току ў пастаянны (спец.).

4. Падземная галерэя для ўкладкі кабеляў (спец.).

Кабельны к.

|| прым. кале́ктарны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рука́ў, -кава́, мн. -кавы́, -каво́ў, м.

1. Частка адзення, якая пакрывае руку.

Доўгія рукавы (да кісці). Кароткія рукавы (якія закрываюць плячо).

2. Адгалінаванне ад галоўнага рэчышча ракі.

Р.

Нёмана.

3. Шланг для падачы вадкасцей або сыпучых цел, газаў.

Пажарны р.

Р. млына.

Усмоктвальны р.

|| памянш. рука́ўчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).

|| прым. рука́ўны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПЛА́ВАЛЬНЫ ПУЗЫ́Р (лац. vesica natatoria),

няпарны або парны орган рыб. Развіваецца як выраст пярэдняй ч. кішэчніка. Выконвае гідрастатычную, у некат. рыб — дыхальную (дваякадыхальныя, касцявыя ганоіды, мнагапёры), гукавыдаючую і гукаўспрымальную функцыі, а таксама ролю рэзанатара і пераўтваральніка гукавых хваль. У адных рыб П.п. звязаны з кішэчнікам (т.зв. адкрытапузырныя), у другіх поўнасцю ізаляваны (закрытапузырныя), і рэгуляванне ўтрымлівання газаў у ім ажыццяўляецца пры дапамозе т.зв. чырв. цела, або авала (густое спляценне крывяносных капіляраў на ўнутр. сценцы); рэгуляцыя ажыццяўляецца рэфлекторна. Аб’ём П.п. і суадносіны газаў у ім адрозніваюцца ад саставу атм. паветра і могуць мяняцца. У некат. рыб П.п. адсутнічае (напр., акулы, месяц-рыба і рыбы, якія вядуць прыдонны спосаб жыцця: камбалы і інш.).

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)