САПО́ЦКІНСКІЯ КАПЛІ́ЦЫ,

помнікі архітэктуры неаготыкі ў г.п. Сапоцкін Гродзенскага р-на. Пабудаваны ў 1868 і 1893 з цэглы як фамільныя пахавальні. Капліца 1868 — кампактнае прамавугольнае ў плане збудаванне з высокім 2-схільным дахам. Шчыт гал. фасада завершаны 4-граннай сігнатуркай. Уваход і ніша над ім, бакавыя аконныя праёмы стральчатай формы. Сцены атынкаваныя з украпінамі дробнага друзу, на шэрым фоне якога вылучаюцца пабеленыя верт. і гарыз. цягі, ліштвы праёмаў. Капліца 1893 — прамавугольная ў плане, пад 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трапецападобным шчытом з 3 вуглавымі 8-граннымі шатровымі сігнатуркамі і крапаваны слаістымі арачнымі нішамі. Стральчаты праём гал. ўвахода фланкіраваны арачнымі эдыкуламі. Бакавыя фасады расчлянёны 4 стральчатымі аконнымі праёмамі. Алтарная сцяна ў інтэр’еры дэкарыравана плоскім 4-пілястравым порцікам з трохвугольным франтонам.

А.​М.​Кулагін.

Сапоцкінскія капліцы.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВО́ДАК,

частка надземнага сцябла з пупышкамі, якая на час укаранення не аддзяляецца ад мацярынскай расліны. Для атрымання вертыкальных адводак матачныя кусты абразаюць, пакідаючы пянькі выш. 2—3 см. Пасля дасягнення верт. парасткамі выш. 12—15 см кусты акучваюць вільготнай глебай 2—3 разы да ўтварэння пагорачкаў выш. 25—30 см на працягу росту расліны. Выкарыстоўваюць пры размнажэнні клонавых прышчэпаў яблыні і грушы. Размнажэнне гарызантальнымі адводкамі робіцца прышпільваннем парасткаў да зямлі і акучваннем. Выкарыстоўваюць для ягадных культур, айвы, шаўкоўніцы і інш. Дугападобныя (змеепадобныя) адводкі робяць пры размнажэнні цяжкаўкараняльных раслін з доўгім перыядам коранеўтварэння (напр., актынідыі).

Размнажэнне прышчэпаў адводкамі: 1 — гарызантальныя адводкі (а — прышпільванне галін; б — выгляд куста восенню; в — аддзелены адводак. прыдатны для пасадкі); 2 — вертыкальныя адводкі (а — зрэзаны адводак; б — куст восенню пасля 2—3 акучванняў; в — той самы куст, разакучаны для аддзялення адводкаў; г — укаранёныя парасткі).

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́БІН (Lupinus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.

Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.

Літ.:

Алексеев Е.К., Рубанов В.С., Довбан К.И. Зеленое удобрение. Мн., 1970;

Шутов Г.К. Современное состояние и пути увеличения производства люпина. Мн., 1982.

У.​П.​Пярэднеў.

Лубін.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.​Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.

А.​М.​Кулагін.

Мірская капліца.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс. га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс. га.

Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВАНАТКА́ЦТВА,

ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.

Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.

На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».

Да арт. Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).
Да арт. Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСО́РБЕР (ад лац. absorbere паглынаць),

апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт. метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл. рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.

Схема абсорбера: 1 — перагародка; 2 — патрубак; 3 — каўпак; 4 — пераліўная трубка; 5 — абсарбент.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯЦЫ́ЙНЫ РУХАВІ́К,

цеплавы рухавік для забеспячэння палётаў лятальных апаратаў у каляземнай паветр. прасторы. Асн. тыпы авіяцыйнага рухавіка: паветрана-рэактыўныя рухавікі (пераважна турбарэактыўныя рухавікі), турбавінтавыя рухавікі і поршневыя бензінавыя (устанаўліваюцца на самалётах грамадз. авіяцыі спец. прызначэння).

Да кампрэсарных паветрана-рэактыўных авіяцыйных рухавікоў адносяцца газатурбінныя рухавікі прамой і непрамой рэакцыі (у т. л. турбавальныя, якія выкарыстоўваюцца ў асн. на верталётах). На самалётах пакарочанага, а таксама верт. ўзлёту і пасадкі прымяняюць пад’ёмныя і універсальныя пад’ёмна-маршавыя газатурбінныя рухавікі. На самалётах, здольных развіваць звышгукавыя скорасці, устанаўліваюць бескампрэсарныя праматочныя паветрана-рэактыўныя рухавікі ці змешаныя ўстаноўкі. Ёсць таксама пульсавальныя паветрана-рэактыўныя, вадкасна-ракетныя і паветрана-ракетныя рухавікі. Авіяцыйныя рухавікі аснашчаюць аўтам. сістэмамі, што аблягчае кіраванне імі, павышае іх эксплуатацыйную надзейнасць. Асн. паказчыкі дасканаласці авіяцыйнага рухавіка: удз. вага (адносіны вагі рухавіка да яго ўзлётнай цягі ці магутнасці) і ўдз. расход паліва (адносіны гадзіннага расходу паліва да крэйсерскай цягі ці магутнасці).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАРУХАВІ́К,

рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.

Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.​Я.​Жукоўскі, развівалі яе У.​П.​Вятчынкін, А.​Г.​Уфімцаў і інш.

Ветрарухавік: 1 — ветраное кола; 2 — хваставое апярэнне; 3 — мачта; 4 — ніжні рэдуктар; 5 — рабочае прыстасаванне.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)