КНІ́ГАЎКА (Vanellus vanellus),

каня, птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пералётны від. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі трапляецца ўсюды. Жыве на вільготных лугах, травяністых балотах, забалочаных выганах; з 2-й пал. ліп. збіраецца чародамі. Зімуе ў Зах. Еўропе, на паўн. узбярэжжы Афрыкі. Нар. назвы кігіка, кныга, чайка.

Даўж. да 35 см, маса каля 200 г. Галава, шыя і валлё чорныя, з сіне-зялёным метал. бляскам, спіна аліўкава-зялёная з пурпуровым адлівам, грудзі і брушка белыя. На галаве доўгі вузкі чубок. Крылы шырокія, закругленыя на канцах. Корміцца насякомымі і інш. дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Гняздуецца на зямлі невял. калоніямі і парамі. Нясе 4 яйцы.

Кнігаўка.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1960 у цэнтр. ч. Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс. га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НІЧЫ (Porzana),

балотныя курачкі, вадзяныя курачкі, род птушак сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. 18 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць на балотах, вільготных лугах. Актыўныя ўначы. На Беларусі 2 віды: П. звычайны (P. porzana) і П. малы (P. parva), нар. назва малая вадзяная курачка, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 28 см, маса да 130 г. Апярэнне чорнае, шараватае, бураватае з стракацінкамі.

Крылы кароткія. Ногі і пальцы доўгія. Добра бегаюць і плаваюць. Часта і гучна свішчуць, нібы пастух, што паганяе статак (адсюль назва). Корм пераважна жывёльны. Гняздуюцца на зямлі. Нясуць да 18 яец. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Пагонічы: 1 — звычайны; 2 — малы.

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВЕ́Й (Eriophorum),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і часткова субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя П.: похвенны (Evaginatum), шматкаласковы (E. polystachyon), шыракалісты (E. latifolium). Трапляюцца на балотах, у забалочаных лясах, па берагах зарослых азёр.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з паўзучым ці пакарочаным карэнішчам. Сцёблы трохгранныя або цыліндрычныя. Лісце лінейнае. Кветкі ў шарападобных каласках або ў парасонападобных суквеццях. Калякветнік са шматлікіх белых, радзей рыжаватых валаскоў, якія пасля цвіцення падаўжаюцца і ўтвараюць пры пладах т.зв. пухоўку. Плод — арэшак. Торфаўтваральнікі. Зімуюць у зялёным стане; ранневеснавы корм для аленяў, ласёў.

Падвей: 1 — похвенны; 2 — шматкаласковы.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Пальчатакарэннік: 1 — плямісты; 2 — мясачырвоны.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),

ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.

Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ФІЯ (Raphia),

род кветкавых раслін сям. пальмаў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на Мадагаскары (1 від) і ў Паўд. Амерыцы (1 від). Трапляюцца на балотах, забалочаных глебах, затапляльных нізінах.

Аднаствольныя ці са шматлікімі стваламі пальмы выш. 9—12 м. Лісце перыстае, даўж. 15—20 м. Суквецці буйныя (дыяметрам 4—5 м), галінастыя, з песцікавымі і тычынкавымі кветкамі. Плады з валакністай абалонкай. Пасля плоданашэння расліна адмірае (монакарпічныя расліны). Лісце і чаранкі маюць трывалае валакно (піясава), з якога вырабляюць шчоткі і плеценыя вырабы. Лісце — дахавы матэрыял. З соку гатуюць пальмавае віно і гарэлку, плады спажываюць у ежу, з іх атрымліваюць алей.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кампі́ліум

(н.-лац. campylium)

лістасцябловы мох сям. амблістэгіевых, які расце на балотах і забалочаных лугах, на глебе ў лясах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кладападые́ла

(н.-лац. cladopodiella)

пячоначны мох сям. адантасхізмавых, які трапляецца на вярховых сфагнавых балотах і ў азёрах, якія зарастаюць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эўгле́на

(н.-лац. euglena)

аднаклетачная водарасць сям. эўгленавых, якая пашырана пераважна ў невялікіх прэсных вадаёмах, балотах, на мокрым грунце.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)