паля́дак

1. Поле, якое першы раз арэцца пасля высечкі лесу (Сен. Касп., Слаўг.). Тое ж паля́дка (Краснап. Бяльк.).

2. Абложная зямля на месцы ляда на другі, трэці год (Слаўг.).

ур. Антонава Паля́дка (поле) каля в. Кульшычы Слаўг., ур. Паля́дкі́ (луг) каля в. Дабранка Слаўг., ур. Лагу́таў Паля́дак (Лес) каля в. Любаны Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

АХА́ГАР (Ahaggar),

Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,

палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СУМЫ (Didelphidae),

сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс. м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.

Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.

Апосум паўночны.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́ЛІЯ (Puglia),

вобласць на ПдУ Італіі. Пл. 19,4 тыс. км², нас. 4,1 млн. чал. (1990). Уключае правінцыі: Бары, Брындызі, Лечэ, Таранта, Фоджа. Адм. ц.г. Бары. Буйныя гарады: Брындызі, Таранта, Фоджа. Адгор’і Апенін на З (1151 м, г. Даўнія); масіў Гаргана (да 1056 м) і плато Ле-Мурджэ акаймаваны вузкай прыбярэжнай нізінай каля Адрыятычнага м., паўд. ч. п-ва Саленціна раўнінная. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 400—500 мм за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць вінаград, масліны, садавіну, лён, тытунь, збожжа, бавоўнік, цукр. буракі, агародніну. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі — вінаробчая, мукамольная, тытунёвая прам-сць, выраб аліўкавага алею. Нафтаперапрацоўка, нафтахім., металургічная, с.-г. машынабудаванне, суднабудаванне, швейная, тэкст., гумавая прам-сць. Здабыча баксітаў, прыроднага газу, каменнай солі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУ́К (Meles meles),

млекакормячая жывёла сямейства куніцавых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў лясах, стэпах, паўпустынях, на сухіх глебах, з глыбокім заляганнем грунтавых водаў, непадалёку ад вады. На Беларусі ў мінулым шматлікі, за выключэннем асобных раёнаў Палесся. Зараз у многіх раёнах рэдкі або зусім знік (занесены ў Чырв. кнігу).

Даўж. цела 60—90 см, хваста 16—25 см, маса ўлетку 10—12 кг, восенню 20—30 кг. Тулава масіўнае, прыземістае. Канечнасці кароткія, з моцнымі кіпцюрамі, прыстасаванымі да рыцця. Афарбоўка буравата-шэрая. Морда белая, уздоўж галавы праз вочы чорныя палосы. Спосаб жыцця начны Усёедны. Нараджае да 6 дзіцянят. Жыве ў норах. У паўн. частцы арэала зімой спіць, у паўд. — актыўны ўвесь год. Прамысловы. Футра малакаштоўнае, тлушч выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.

Барсук.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗАЎКІ (Cetoniinae),

падсямейства жукоў сям. пласцініставусых. Каля 2700 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі часцей трапляецца бронзаўка залацістая (Cetonia aurata); 2 віды, бронзаўка вял. зялёная (Potosia aeruginosa) і бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata), рэдкія, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 0,8—11 см. Колер яркі: зялёныя, медна-чырвоныя, фіялетавыя, з метал. бляскам. У некаторых на галаве рогі. Крылы ў час палёту выпростваюцца праз выемкі ў надкрылах. Лятаюць у маі—верасні. Лічынкі С-падобныя, жывуць у трухлявай драўніне, дуплах, пнях, глебе, мурашніках, норах грызуноў. Жукі кормяцца бутонамі, кветкамі, маладымі пладамі і лісцем пладовых, тэхн. і дэкар. раслін. Зімуюць лічынкі і жукі. За год адно пакаленне. Бронзаўкі — прамежкавыя гаспадары скрэбня-волата, паразіта чалавека і жывёл.

Бронзаўкі: 1 — вялікая зялёная; 2 — мармуровая; 3 — залацістая.

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗБАР (Юрый Іосіфавіч) (20.6.1934, Масква — 17.9.1984),

рускі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст, журналіст, бард; адзін з заснавальнікаў аўтарскай песні. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, з 1958 у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні (адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі «Юнацтва»). З 1970 у творчым аб’яднанні «Экран». Рэжысёр ці аўтар сцэнарыяў больш як 40 дакумент. фільмаў. Аўтар сцэнарыяў маст. фільмаў «Год дракона», «Капітан Фракас», «Скачок». З 1965 здымаўся ў кіно («Ліпеньскі дождж», «Адплата», «Чырвоная палатка», «Начная змена», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.). З 1950-х г. пісаў і выконваў свае песні. Аўтар аповесцяў, нарысаў, апавяданняў.

Тв.:

Я сердце оставил в синих горах: Стихи, песни, проза. 3 изд. М., 1989;

Верю в семиструнную гитару. М., 1994.

Л.​І.​Паўловіч.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБА́МА (Alabama),

штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс. км², нас. 4187 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большая ч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)