ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),
бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.Леклерка і Н.Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.
А.М.Пікулік.
М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЯ (ЗМЕ́ННАЯ) АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова для прац. моладзі і дарослых; састаўная частка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Створаны ў 1943 для гар. маладзі, у 1944 — для сельскай. Да 1958 наз. школа рабочай моладзі і школа сельскай моладзі. Прымаюцца асобы ва ўзросце ад 15 гадоў. Як правіла, мае 10—12-ы класы — старэйшая ступень з 3-гадовым тэрмінам навучання (у дзённай школе 2-гадовы), аднак могуць стварацца і 9-я класы для асоб, якія заканчваюць базавую адукацыю. Асобныя вячэрнія класы адкрываюцца і пры дзённых агульнаадук. школах. Вячэрняя школа мае вочную, завочную і сесійную (для сельскай мясцовасці) формы навучання. На час экзаменаў даецца аплатны водпуск. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі працавалі 82 вячэрнія агульнаадук.школы (20,9 тыс. навучэнцаў), у т. л. 1 для асоб з недахопамі слыху. Пры 127 дзённых школах створаны класы вячэрняга вочнага навучання; працавала група завочнага навучання (гл. таксама Вячэрняе навучанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Гарадзейка. Чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы, на аўтадарозе Нясвіж—Навагрудак. За 14 км ад г. Нясвіж. 4,9 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. Тут выраблялі галандскія сыры і прадавалі ў Маскву і Пецярбург. З 1869 працавала нар. вучылішча. У 1871 за паўвярсты ад вёскі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы пабудавана станцыя Гарадзея. У 1886 у Гарадзеі 532 ж., 48 двароў, валасная ўправа, школа, крама, карчма. У 1897 — 719 ж., 17 крам, цукр. і піўныя склады, малітоўны дом. З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак у Нясвіжскім р-не, зліўся з чыг. станцыяй. У 1969 — 4,2 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цукр. камбінат, 2 сярэднія, муз.школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу для дзяцей дробнай гар. буржуазіі і служачых у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1872—1912. Утвораны з пав. вучылішчаў. Прымалі дзяцей з 7 гадоў. Навучанне 6-гадовае, платнае. Былі 1-, 2-, 3- і 4-класныя. У 2-класных курс 1-га класа 4-гадовы, курс 2-га класа 2-гадовы; у 3- і 4-класных курсы 1-га і 2-га класаў па 2 гады, а 3-га і 4-га па 1 году. Выпускнікі маглі паступаць у ніжэйшыя прафес.школы ці на 1- і 2-гадовыя пед. курсы пры некаторых гарадскіх вучылішчах (давалі права выкладаць у пач. вучылішчах і паступаць у настаўніцкія ін-ты). На Беларусі ў 1906 было 60 гарадскіх вучылішчаў, у т. л. 2-класных 3, 3-класных 40, 4-класных 17. У 1912 гарадскія вучылішчы 3- і 4-класныя пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗАЎ, Грозава,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав.ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Дзмітрый Васілевіч) (31.3.1822, г. Ульянаўск, Расія — 3.1.1900),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Пецярбург, 1836—40), служыў у Дырэкцыі імператарскіх т-раў. Вядомасць яму прынеслі першыя аповесці «Вёска» (1846) і «Антон Гаротнік» (1847), напісаныя ў рэчышчы натуральнай школы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні дэспатызму памешчыкаў і бяспраўя сялян. Аўтар аповесцей «Капельмейстар Суслікаў» (1848), «Прыгоды Накатава» (1849), «Няўдалае жыццё» (1850), «Свістулькін» (1855—56), раманаў «Прасёлачныя дарогі» (1852), «Рыбакі» (1853), «Перасяленцы» (1855). Для твораў Грыгаровіча характэрна нарысавая манера выкладання, перавага сац. аналізу над псіхалагічным, па-майстэрску напісаныя пейзажы. Пасля падарожжа вакол Еўропы ў 1858—59 напісаў дарожныя нарысы «Карабель «Рэтвізан» (1859—63). У пач. 1860-х г. адышоў ад літ. дзейнасці і прысвяціў сябе мастацтвазнаўству. Пазней вярнуўся да л-ры, выдаў аповесць «Гутаперчавы хлопчык» (1883) і «Літаратурныя ўспаміны» (1892—93).
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Мещеряков В.П. Д.В.Григорович — писатель и искусствовед. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАВА,
гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс.ж. (1997).
У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс.чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каля в. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз.школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮРКГЕ́ЙМ ((Durkheim) Эміль) (15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),
французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.Парсанса і Р.Мертана.
Тв.:
Рус.пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;