ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян.г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШКІ,
радовішча мелу ў Гродзенскім р-не, каля в. Пышкі. 2 пластападобныя паклады, звязаныя з адкладамі верхняга мелу, залягаюць у выглядзе адорвеняў сярод ледавіковых утварэнняў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, белы, у асобных інтэрвалах жаўтаваты, месцамі з плямамі ажалязнення, слаба сцэментаваны, з уключэннямі крамянёвых сцяжэнняў, у верхняй ч. пласта запясочаны. Разведаныя запасы 2 участкаў (Паўн. і Паўд.) 5,2 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 2,4—39,7 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,3—15,4 м. Мел прыдатны на выраб вапны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНКО́НІ ((Ronconi) Джорджа) (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),
італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст. Спяваць вучыўся ў бацькі Д.Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХ,
рух цел пад дзеяннем рэактыўнай цягі. У тэхніцы ажыццяўляецца з дапамогай рэактыўных рухавікоў за кошт выцякання газаў, што ўтвараюцца пры згаранні рэактыўнага паліва. Бывае і ў прыродзе сярод жывёл (медуза, каракаціца, кальмар) і раслін (шалёны агурок). Тэорыю Р.р. (рух ракеты з улікам змены яе масы) распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі. Скорасць Р.р. v у любы момант часу t вызначаецца формулай Цыялкоўскага: v = u [ln(M1 + M2) − ln(M1 + M)], дзе u — адносная скорасць выцякання газу з рухавіка, M1, M2 і M — адпаведна масы ракеты, згарэлага паліва і паліва, што засталося.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГТА́ЙМ (англ. ragtime ад rag урывак + time час, тэмп, такт),
стыль фп. ігры і звязаны з ім жанр танц. п’есы, які распаўсюдзіўся ў ЗША з пач. 20 ст. Для Р. характэрны сінкапіраваная мелодыя, якая звычайна выконваецца ў хуткім тэмпе ў спалучэнні з рытмічна дакладным акампанементам. Паўплываў на стыль ранняга джаза і танц. культуру 1910—20-х г. (ад танца Р. паходзяць тустэп, уанстэп, факстрот і інш.). Сярод вядучых прадстаўнікоў Р. кампазітар С.Джоплін, піяніст Дж.Р.Мортан, кампазітар і піяніст Ю.Блэйк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАКО́ЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў в. Сімакі Багушэўскага р-на Віцебскай вобл. ў ліп. 1941 — вер. 1943 (кіраўнікі А.А.Нахаеў, А.Н.Ляхоўская). Падпольшчыкі (20 чал.) збіралі зброю і боепрыпасы, трымалі сувязь і супрацоўнічалі з дэсантнай групай Чырв. Арміі (кіраўнік М.А.Кавалёў), распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. З чэрв. 1943 падполле дзейнічала ў кантакце з кіраўніцтвам партыз. брыгады А.Ф.Данукалава і Віцебскага патрыят. падполля. З-за пагрозы арышту падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЫНАВІ́ЗМ,
плынь грамадскай думкі ў скандынаўскіх краінах (Данія, Нарвегія, Швецыя), якая з 19 ст. культывуе ідэі іх дзярж., паліт., эканам. і культ. аб’яднання. Узнік у 1820—30-я г. ў Даніі, пашырыўся з 1840—60-х г. (у сувязі з пруска-дацкімі войнамі 1848—50 і 1864), у т. л. ў Швецыі. Сярод прыхільнікаў ідэй С. — швед. каралеўская дынастыя Бернадотаў (кароль Карл XV і інш.). У 20 ст. ідэі міждзярж. інтэграцыі краін Скандынавіі набылі практычнае ўвасабленне ў Паўночным савеце (засн. ў 1952).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРСЕ́ЗЕ ((Scorsese) Марцін) (н. 17.11.1942, г. Флашынг, штат Нью-Йорк, ЗША),
амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў кінафакультэт Нью-Йоркскага ун-та. Лепшыя фільмы С. адметныя аўтабіяграфічнасцю, дакладнай абмалёўкай асяроддзя, увагай да псіхалогіі персанажаў. Сярод фільмаў: «Злыя вуліцы» (1973), «Аліса тут больш не жыве» (1974), «Таксіст» (1976), «Нью-Йорк, Нью-Йорк», (1977), «Апошні вальс» (1978), «Шалёны бык» (1980), «Колер грошай» (1980), «Кароль камедыі» (1982), «Апошняе спакушэнне Хрыста» (1988), «Казіно» (1995) і інш. Творчасці С. прысвечаны дакумент. фільм «Кіно — гэта маё жыццё» (1978, рэж. П.Хейдэн).