МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Іван Васілевіч) (28.2.1913, г. Сатка Чэлябінскай вобл., Расія — 26.1.1998),
бел. мастак. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946). З 1947 працаваў у Вільнюсе, у 1951—54 выкладаў у Вільнюскім дзярж.маст. ін-це. З 1958 у Мінску, з 1959 гал. мастак горада, у 1967—69 рэдактар Мін-ва культуры Беларусі. Працаваў у афармленчым і тэатр.-дэкар. мастацтве, станковай графіцы, плакаце, арх. праектаванні. Аўтар шэрагу эскізаў святочнага маст. афармлення Мінска (1960—67), афармлення павільёна ВДНГСССР у Маскве (1967), дзён культуры Беларусі ва Ульянаўску (1969) і інш. Стварыў серыі акварэльных і пастэльных пейзажаў «Па роднай краіне» (1936—81), «Самарканд» (1942—43), «Ленінград» (1945—46), «Вільнюс» (1947—58), «Мінск» (1958—83), партрэтаў бел. архітэктараў (1982—84) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ШЫН (Сяргей Гаўрылавіч) (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),
расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад.АНСССР (з 1918), акад.АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.А.Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.
Тв.:
О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.А.Тимирязеву. М., 1916;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),
савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл.ЦККПСС у 1971—72, чл.ЦККПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1966—72.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.Ранета (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЧУ́К (Гурый Іванавіч) (н. 8.6.1925, с. Петра-Херсонец Грачоўскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),
расійскі матэматык і фізік. Акад.Рас.АН (1968; чл.-кар. з 1962). Замежны чл.Нац.АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі ун-т (1949). У 1975—80 віцэ-прэзідэнт і старшыня Сібірскага аддз., у 1986—91 прэзідэнт АНСССР. У 1980—86 нам. старшыні СМСССР і старшыня Дзярж.к-та па навуцы і тэхніцы, адначасова з 1980 дырэктар Ін-та вылічальнай матэматыкі Рас.АН. Навук. працы па вылічальнай і прыкладной матэматыцы, па метадах разліку ядз. рэактараў і матэм. мадэліраванні ў задачах фізікі атмасферы і акіяна, навакольнага асяроддзя, у імуналогіі і медыцыне. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія СССР 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВІ́Н (Андрэй Мікалаевіч) (14.2.1901, г. Пушкін, Расія — 28.2.1961),
расійскі кінааператар; адзін з заснавальнікаў рас. аператарскай школы. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Працаваў з рэж. Р.Козінцавым і Л.Траўбергам. Мастацтву М. ўласцівы графічная і ракурсная выразнасць кадра, маляўнічая трактоўка матэрыялу, вобразнае ўвасабленне атмасферы падзей. Сярод фільмаў: «Д’ябальскае кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929), «Адна» (1931), «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939, разам з Г.Філатавым), «Іван Грозны» (1-я серыя, 1945, Дзярж. прэмія СССР 1946; 2-я серыя, 1958, разам з Э.Цісэ; рэж. С.Эйзенштэйн), «Пірагоў» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948; у сааўт.), «Над Нёманам світанак» (1953), «Авадзень» (1956), «Дон Кіхот» (1957, у сааўт.), «Дама з сабачкам» (1960, разам з Дз.Месхіевым) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАВА (Леакадзія Ігнацьеўна) (8.3.1918, г. Саратаў, Расія — 18.6.1995),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар.арт. РСФСР (1961). Нар.арт. Расіі (1995). Скончыла Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1941), Кіеўскую кансерваторыю (1946). З 1944 салістка Укр.т-ра оперы і балета (Кіеў), у 1946—69 — Вял.т-ра ў Маскве. З 1976 выкладала ў Рас. акадэміі музыкі (з 1983 дацэнт). Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру, вял.муз. культурай, мастацтвам фразіроўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Даша («Варожая сіла» А.Сярова), Вольга («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Графіня («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта), Неда («Паяцы» Р.Леанкавала), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны). Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксандр Цярэнцьевіч) (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),
расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-варус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.Герцэна (1912), А.Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў ў галіне дробнай пластыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЮХО́Ў (Ігар Гаўрылавіч) (н. 28.4.1957, г. Магнітагорск, Расія),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1981). З 1981 кіраўнік хар. капэлы БДУ, адначасова ў 1983—88 (з перапынкамі) — хору хлопчыкаў Муз. ліцэя пры Бел. кансерваторыі. Арганізатар (1988) і маст. кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. Яго ўдумлівыя адносіны да хар. партытур, эмацыянальнасць, гукавы сінтэз усх.- і зах.-еўрап.вак. школ дазваляюць хору выконваць творы кампазітараў розных эпох, стыляў і жанраў. Пад яго кіраўніцтвам хор выканаў прэм’еры буйных твораў бел. кампазітараў С.Бельцюкова, У.Дарохіна, А.Залётнева, Ш.Ісхакбаевай і В.Шлеянкова, В.Капыцько, С.Картэса, І.Лучанка і інш., запісаў першы ў свеце кампакт-дыск з творамі бел. духоўнай музыкі (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАВА (Іна Уладзіміраўна) (н. 28.7.1928, г. Тайга Кемераўскай вобл., Расія),
расійская кінаактрыса. Нар.арт. Расіі (1971). Нар.арт.СССР (1985). Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). У кіно дэбютавала ў ролі Любы Шаўцовай у фільме «Маладая гвардыя» (1948, паводле рамана А.Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949). Раннія гераіні М. вылучаюцца тэмпераментнасцю, непасрэднасцю, цэльнасцю натуры; Каця («Вышыня», 1957), геолаг Вара («Дарагі мой чалавек», 1958), Надзя («Дзяўчаты», 1962). Майстар вострахарактарных, камедыйных роляў: Нона («Справа Румянцава», 1956), Анфіса («Жаніцьба Бальзамінава» паводле п’есы А.Астроўскага, 1965), Дунька («Любоў Яравая» паводле п’есы А.Транёва, 1970). Знялася таксама ў фільмах: «Жанчыны» (1966), «Рускае поле» (1972), «Яшчэ не вечар» (1975), «Пашахонская даўніна» (1977), «Жывая вясёлка» (1983), «Мёртвыя душы» (1984), «Дзяцінства Бэмбі» (1985), «Лермантаў» (1986).