паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ПЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ўаб абмежаванні марскіх узбраенняў.
Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі. Прадугледжваў устанаўленне суадносін лінейнага флоту названых дзяржаў як 5:5:3:1,75:1,75 адпаведна, забарону будаваць лінейныя караблі водазмяшчэннем больш за 35 тыс.т, ствараць новыя ваенна-марскія базы і ўзмацняць берагавую ахову (толькі ЗША атрымалі права ўмацоўваць астравы, якія абараняюць непасрэдныя подступы да іх тэр. вод, а Вялікабрытанія—дамініёны Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя) і інш.Найб. выгадным дагавор быў для ЗША і Японіі. Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЭМА́Н (Ота Магнусавіч) (29.4.1887, в. Мнішчызна Рэчыцкага пав. Мінскай губ. — 16.5.1937),
бел. гісторык, краязнавец, прыродазнавец, педагог. Скончыў Гомельскую гімназію; з Кіеўскага ун-та выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1922 працаваў настаўнікам у Браславе, з 1928 у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны, вывучаў магдэбургскае права, развіццё гандлю і рамёстваў, сац. структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў гарадах Сярэдняга Падзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17—18 ст., гісторыю Белавежскай пушчы. Даследаваў гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАР, намеснік,
1) вышэйшая службовая асоба мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 1703 — 1917. Меў усю паўнату грамадз. і ваен. улады. З 1775 узначальваў генерал-губернатарства. Прызначаўся імператарам і падпарадкоўваўся яму (фармальна Сенату). Меў права выдаваць абавязковыя пастановы па пытаннях грамадскага парадку і бяспекі, адмяняць рашэнні губернатараў. Улада генерал-губернатара ў Расіі захоўвалася да Лют. рэв. 1917 (акрамя Фінляндыі, дзе гэта пасада існавала да кастр. 1917).
2) У б. калоніях і дамініёнах Вялікабрытаніі, Францыі і інш.калан. дзяржаў кіраўнік калан. адміністрацыі.
3) У краінах брыт. Садружнасці прадстаўнік англ. манарха, які прызначаецца па рэкамендацыі мясц. урадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРТ (Зіновій Яфімавіч) (21.9.1916, Масква — 18.11.1996),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт.СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.М.Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.Львоўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХВІЦ (Фларыян) (4.5.1799, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9.8.1856),
бел. філосаф. Прадстаўнік хрысціянскага кірунку філас. думкі. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва ун-тах Кіева і Вільні. Быў чл. Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 адмовіўся ад дзейнасці адваката і заняўся навук.-літ. працай. Аўтар прац (на польск. мове) «Сутнасць маёй думкі...» (ч. 1—3, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі пра выхаванне чалавека» (1847). Імкнуўся прымірыць рэліг. ідэі з навукай. Гал. мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў, выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЗЕ́ЙКА (Андрэй Вікенцьевіч) (20.6.1899, Мінск — 1941),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). Працаваў навук. супрацоўнікам Бел.дзярж. музея. Даследаваў пераважна зямельнае права і прававое становішча сялян у феад. эпоху. На аснове аналізу Статута ВКЛ 1566 даказваў існаванне прыгонніцтва ў ВКЛ. У «Нарысе сацыяльна-эканамічнага жыцця места Навагрудка ў XVI ст.» (1927) упершыню ў бел. гістарыяграфіі адзначыў ролю Навагрудка як сталіцы ВКЛ у 13 ст. Аўтар прац «Да пытання аб рэформе 1861 г.» (1928), «Прыказ Вялікага княства Літоўскага (фонд установы і функцыі)» (1929). 19.7.1930 арыштаваны, 10.4.1931 засуджаны на 5 гадоў ссылкі ў г. Елабуга (Татарстан). Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́СЛАЎ (Казімір Паўлавіч) (25.10.1914, в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 20.1.1983),
бел. філосаф. Акад.АН Беларусі (1972), д-рфілас.н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Смаленскі пед.ін-т (1938). З 1956 дырэктар Ін-та філасофіі і права, у 1972—76 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Даследаваў праблемы культуры, сац. прагрэсу, гуманізму, свабоды і адказнасці асобы. Аўтар прац «Свабода павінна быць свабодай на справе» (1961), «Прызначэнне чалавека і сэнс яго жыцця» (1967), «Сацыяльнае адзінства, супярэчнасці, адказнасць» (1972), «Фарміраванне сацыяльнага ў чалавеку» (1980) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДАМА́ЦКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 14.1.1956, пас. Джар-Курган Сурхандар’інскай вобл., Узбекістан),
бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыёлаг. н. (1992), канд.філас.н. (1983). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у БДУ, ін-тах філасофіі і права, сацыялогіі АН Беларусі, Бел. ін-це праблем культуры. З 1993 кіраўнік прыватнай даследчай лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «НОВАК» (новая аксіялогія). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы аксіялогіі і паліт. сацыялогіі. Распрацаваў міждысцыплінарную канцэпцыю каштоўнасных арыентацый асобы і сац. групы (філас., культуралагічны, сацыялагічны і сац.-псіхал. аспекты). Аўтар манаграфіі «Аксіяметрыя — навука пра вымярэнне каштоўнасцей» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1739. Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.