ЛЮ́БАН (Ісак Ісакавіч) (23.3.1906, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.11.1975),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1928, клас М.Аладава). У 1928—36 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, у 1937—41 — Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі. У 1932—38 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. З 1945 у Маскве. Найб. плённа працаваў у вак. жанрах; яго меладычная мова вызначаецца арганічным сплавам інтанацый нар. і сучаснай масавай песні. Сярод твораў: вак.-сімф. сюіта «Граніца ў песнях» на словы П.Броўкі, П.Глебкі, І.Шапавалава (1935); сюіты «Калгасная вечарынка» і «Беларускае вяселле» для салістаў, хору і арк.нар. інструментаў (словы ўласныя і нар., 1939); песні «Бывайце здаровы», «Не глядзі на другіх», «Толькі з табою», «Не шукай» (на словы А.Русака), «Песня дукорскіх партызан» і «Дарагая Беларусь» (словы Броўкі), «Наш тост» (словы М.Касэнкі) і інш.; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Несцерка» ў Бел. т-ры імя Я.Коласа (1941) і кінафільмаў, у т. л. «Новы дом» (з І.Дунаеўскім), «Беларускі канцэрт», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТАШЫ́НСКІ (Барыс Мікалаевіч) (3.1.1895, г. Жытомір, Украіна — 15.4.1968),
украінскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч. Нар.арт. Украіны (1968). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1919, клас Р.Гліэра). Выкладаў у Кіеўскай (з 1919, з 1935 праф.) і Маскоўскай (1935—44, з перапынкам) кансерваторыях. У 1939—41 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Найб. творчыя дасягненні — 3-я, 4-я, 5-я сімфоніі, адметныя філас. глыбінёй і сілай маст. абагульнення. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў. Рэдагаваў і аркестраваў творы інш. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Залаты абруч» паводле І.Франко (паст. 1933), «Шчорс» (паст. 1938); 2 кантаты, у т. л. «Запавет» (1939); для аркестра — 5 сімфоній (1918—66), сімф. паэмы «Уз’яднанне» (1949), «Гражына» (1955), «На берагах Віслы» (1958); сюіты (1961, 1966), уверцюры (1926, 1961); «Славянскі канцэрт» для фп. з арк. (1953); камерна-інстр. ансамблі; інстр. творы; хары, у т. л. a cappella, на словы А.Пушкіна і Т.Шаўчэнкі; рамансы, апрацоўкі укр.нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў І.Бэлза. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.
Літ.:
Самохвалов В.Я. Черты симфонизма Б.Лятошинского. 2 изд. Киев, 1977;
Б.Лятошинский: Воспоминания. Письма. Материалы. Кн. 1—2. Киев, 1985—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ВІН (Піліп Андрэевіч) (22.10.1869, с. Казанка Арэнбургскай вобл., Расія — 23.12.1940),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў манастырскай іканапіснай майстэрні на Аян-Орасе ў Грэцыі (1885—91) і Пецярбургскай АМ у І.Рэпіна (1892—99). Чл.Саюзарус. мастакоў (з 1903). З 1922 жыў у Зах. Еўропе. У ранні перыяд пад уплывам Рэпіна ствараў стрыманыя паводле каларыту псіхал. партрэты: «Сялянская дзяўчына з панчохай», «Партрэт сястры з кнігай», «К.А.Сомаў», «І.Э.Грабар» (усе 1895) і інш. У творах канца 1890 — пач. 1900-х г. пад уплывам мадэрну праявіліся павышаны дэкаратывізм, шырокае, дынамічнае пісьмо корпуснымі мазкамі, экспрэсіўнасць. Майстар каларыту, праз які перадаваў шырокую гаму пачуццяў; інтэнсіўныя колеравыя плямы арганізаваны лінейным рытмам у дэкар.-плоскасныя завіхрэнні, якія абрамляюць скульптурна-дакладныя, спакойна мадэліраваныя творы. Сярод карцін: «Смех» (1899), «Дзяўчына» (1903), «Бабы» (1905 і 1914), «Віхор» (1906), «Дзве дзяўчыны» (1910-я г.), «Верка» (1913), «Рускія сялянкі» (1925) і інш. У Нац.маст. музеі Беларусі: «Баба» (1900 і 1916), «Сялянка ў чырвоным» (1910-я г.).
Літ.:
Александрова Н. Ф.А.Малявин. М., 1966;
Живова О.А. Ф.А.Малявин, 1869—19.40: Жизнь и творчество. М., 1967.
кітайскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пекінскім ун-це. У 1949—64 міністр культуры КНР, у 1976—81 старшыня Саюзакіт. пісьменнікаў. Яго творчасці ўласціва спалучэнне традыц. стылю з патрабаваннямі эстэтыкі сац. рэалізму. Праблемы інтэлігенцыі, расчараванай у рэвалюцыі, адлюстраваны ў трылогіі «Зацьменне» (1927—28), зб-ках апавяд. «Шыпшына» (1929) і «Леташняя трава» (1931). Жыццё кіт. горада і вёскі ў аповесці «Крама сям’і Лінь» (1932), рамане «Перад світаннем» (1933). Рэв. настроі ў сял. асяроддзі — гал. тэма «Вясковай трылогіі» (1932—34). У гады вайны супраць Японіі (1937—45) у творах гучаць патрыят. матывы (раман «Распад», 1941; аповесці «Несправядлівасць», «Аповесць пра першы этап», «Пасля разгрому» і інш.). Роздум пра лёс кіт. правінцыі напярэдадні рэв. 1911 адлюстраваны ў рамане «Зарошанае лісце, чырвонае, як кветкі веснавыя» (1942). Аўтар літ.-крытычных твораў, публіцыстыкі (зб-кі «Натхненне», 1959; «Пра гісторыю і гістарычныя драмы», 1962, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.
Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.Скарыне ў Празе (Э.Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.Жбанаў, А.Каструкоў), М.Шагалу ў Віцебску (В.Магучы; абодва 1997), А.Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.Вараб’ёў) і Мінску (Ю.Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял.Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.Дранец, 1999—2000); бюсты М.В.Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.Агуновіч, 1995), У.Л.Бядулі ў г. Камянец (С.Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.Слабодчыкаў, Г.Гаравая і інш., 1992) і інш.
бел. скульптар, педагог. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1958). З 1958 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1961 — Бел.АМ. Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы вызначаюцца пластычнай выразнасцю, псіхалагізмам унутр. зместу. Сярод станковых работ кампазіцыі «Вясна» (1959), «Рамонак» (1962), «Квітней, Беларусь!» (1972), партрэты М.Багдановіча (1957), І.Лучанка (1970), М.Керзіна (1973), В.Быкава (1975), І.Мележа (1977), А.Куляшова (1980), З.Азгура (1981), А.Паслядовіч (1985), Я.Чамадурава (1995), В.Шаранговіча (2000) і інш. Аўтар помнікаў К.Заслонаву ў Оршы (1965), падпольшчыкам Асінторфа непадалёку ад р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. (1966, абодва з В.Занковічам і Л.Левіным), Маршалу Сав.Саюза В.Д.Сакалоўскаму ў Гродне (1973), вызваліцелям Полацка (1981, абодва з В.Аладавым), вызваліцелям Віцебска (1984, з А.Заспіцкім, М.Рыжанковым, А.Тарасянам), Я.Купалу ў філіяле «Акопы» літ. музея Я.Купалы ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. (1991, з Заспіцкім) і інш., мемар. дошак М.Чуркіну, І.Мележу ў Мінску. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж.бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел.бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час.«Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюзабел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́УСКІ (Уладзімір Федасеевіч) (8.4.1795, с. Хварасцянка Чарамісінаўскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.7.1872),
рускі паэт, публіцыст; дзекабрыст. Адукацыю атрымаў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне, у 2-м кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі. Чл. «Саюза дабрабыту», кіраўнік яго кішынёўскай групы. У 1822 арыштаваны, зняволены ў Ціраспальскай крэпасці. З 1827 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Першыя вершы напісаў у гады вайны 1812. Значнае месца ў творах займае грамадз. тэма (пасланні «Голас праўды», 1814?; «Шлях да шчасця», 1819; «Пасланне Г.С.Баценькаву», сатыры «Смяюся і плачу», «Сатыра на норавы», усе 1816—22; «Элегія I», «Элегія II», 2-я пал. 1810-х г.). Пісаў артыкулы-адозвы, у якіх асуджаў прыгоннае права («Пра рабства сялян...», 1820; «Пра салдата», 1822). У зняволенні напісаў вершы «Спявак ў цямніцы» і «Да сяброў у Кішынёў» (абодва 1822, распаўсюджваліся ў спісах), у якіх звяртаўся да А.Пушкіна (пасябраваў з ім у Кішынёве). Пушкін адрасаваў некалькі пасланняў Р. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1967.
Літ.:
Колесников А.Г. В.Ф.Раевский: полит. и лит. деятельность. Ростов н/Д, 1977;
В.Ф.Раевский: Материалы о жизни и рев. деятельности. Т. 1—2. Иркутск, 1980—83.