СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,

паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.​Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НДАЧКА,

у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НЕ,

ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст. Найб. стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.

Літ.:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.

т. 14, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́НЦАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўнай прамысловасці па здабычы і перапрацоўцы гаручых сланцаў. Уключае атрыманне газу і паліва на быт. і энергет. мэты. Прадукцыя С.п. ідзе таксама на выраб бітуму, ядахімікатаў, талуолу, фарбавальнікаў, сінт. мед. прэпаратаў; попел і шлак выкарыстоўваюць пры вырабе цэменту, сілікатнай і сланцавай цэглы, тэрмаблокаў, пенабетону, аглапарыту, дрэнажных труб і інш.

Узнікла ў 1-й пал. 19 ст. (упершыню ў 1835 у мяст. Аўтун, Францыя; першы сланцахім камбінат пабудаваны ў 1865 у Аўстраліі). У Расіі выкарыстанне сланцаў пачалося ў 1916 для забеспячэння палівам Петраграда. Сярод краін свету С.п. найб. развіта ў Эстоніі (у 1997 здабыта 14,4 млн. т сланцаў). У многіх краінах не развіваецца ў сувязі з выкарыстаннем больш эфектыўных відаў паліва. Патэнцыяльныя запасы гаручых сланцаў у свеце — 450,4 трлн. т, з іх у ЗША — 431, Бразіліі — 16, Расіі — 2 трлн. т; Канадзе — 410, Італіі — 96, Эстоніі — 18,4, Швецыі — 16 млрд. т. Значныя іх запасы ў Германіі. Францыі, Вялікабрытаніі, Украіне, Кітаі.

На Беларусі гаручыя сланцы ўтвараюць буйны сланцаносны раён у межах Прыпяцкага прагіну пл. 20 тыс. км². Прагнозныя запасы — 11 млрд. т. Найб. разведаныя Любанскае радовішча гаручых сланцаў і Тураўскае радовішча гаручых сланцаў.

П.​І.​Рогач.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ РАЁН,

на ПдЗ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1950). Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 41,5 тыс. чал. (1996), гарадскога 31,1%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал/км². Цэнтр — г. Брэст; г.п. Дамачава, 148 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Гершонскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.

Большая частка тэр. раёна ў межах Брэсцкага Палесся, невял. паўн. частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 186,1 м (каля в. Заполле). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. пяскі, мел. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетац. перыяд 208 сут. Найб. рака — Зах. Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Серадовая Рэчка, Капаёўка. Мухавец уваходзіць у сістэму Дняпроўка-Бугскага воднага шляху. Значныя азёры: Селяхоўскае, Рагазнянскае, Белае, Мяднянскае, Сажалка Таварная. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 36,5% тэр. раёна, у асн. лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя (буйныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш.); пад балотамі 3,1% пл. раёна. Біялагічны заказнік Селяхі. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,5 тыс. га, з іх асушана 23,9 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 12 калгасаў, 8 саўгасаў, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі на Беласток (Польшча), Ковель (Украіна), а таксама на Баранавічы, Лунінец і Тамашоўку, аўтамаб. дарогі на Баранавічы, Пінск, Камянец, Маларыту. На 1995 у раёне 15 сярэдніх, 14 базавых і 3 пач. школы, школа-інтэрнат, 18 дашкольных устаноў, 3 школы-сады, 30 клубаў, 42 б-кі, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: царква Ушэсця (1899) у в. Велямовічы, Крыжаўзвіжанская царква 19 ст. ў в. Вістычы, крапасны форт № 5 (1878—88) у в. Гершоны, Ільінская царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Дубок, царква Параскевы Пятніцы і званіца (1610) у в. Збірагі, сядзіба (1875) у в. Малыя Зводы, Пакроўская царква (1742) у в. Шчытнікі Малыя, Пакроўская царква (1739) у в. Покры, сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. 18 ст. ў в. Скокі, сядзібны дом канца 19 — пач. 20 ст. і царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Сычы, Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Церабунь, Міхайлаўская царква і званіца (1701) у в. Чэрск, Праабражэнская царква (1609) у в. Шумакі, Прачысценская царква (1793) у в. Шэбрын. Музей касманаўтыкі (з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П.​І.​Клімука) у в. Тамашоўка. Выдаецца газ. «Заря над Бугом».

т. 3, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),

бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац. гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.​Багушэвіча, Я.​Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж. бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.​Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.​Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.​Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.​Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.​Грыневіча, Я.​Пачопкі, М.​Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.​Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).

Тв.:

Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.

Літ.:

Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;

Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.​В.​Габрусь. Мн., 1993;

Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.

М.​Л.​Цыбульскі.

Я.Н.Драздовіч.
Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.
Я.Драздовіч. Космас. 1940.
Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.

т. 6, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ГРАБ (Zagreb),

горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар. гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.

Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл. Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.

Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.​Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.​Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.

Літ.:

Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;

Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Заграб.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫН,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс. ж. (1998).

Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял. кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.​В.​Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-т КПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. З вер. 1939 у Брэсцкай вобл. БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.​В.​Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).

Літ.:

Плиско Н.М., Козлов Л.Р. Кобрин: Ист.-экон. очерк. Мн., 1987.

Л.​Р.​Казлоў.

Горад Кобрын. Забудова вуліцы Савецкай.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),

рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Дж.​Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв. рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш. дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Літ.:

Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

1980;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)