ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),

назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Пячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.​Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.​Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.

Да арт. Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВЫ,

племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і Пн Курляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),

Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л. Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп. «Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.

Літ.:

Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Лізавета I. Маст. Н.​Хіліярд. 1585.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),

палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦЫНСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навуч. ўстанова бел. нац. меншасці ў Латвіі. Існавала ў 1922—25 у г. Люцын (цяпер г. Лудза). Засн. 1.9.1922 як прыватная гімназія бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Мела 4 класы (80—85 вучняў). Са жн. 1923 на ўтрыманні Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі. Дырэктарамі гімназіі ў розны час былі Г.​С.​Плыгаўка, К.​Б.​Езавітаў, У.​В.​Пігулеўскі і інш. У гімназію набіралі вучняў з 30 навакольных пач. бел. школ. Навучэнцы выдавалі літ. час. «Ластаўка», удзельнічалі ў драм. гуртку, збіралі і запісвалі бел. фальклор. Закрыта 12.8.1925 уладамі Латвіі. Частка вучняў вярнулася дадому, некаторыя паступілі ў рас. школы, 34 вучні працягвалі вучобу ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі.

С.​С.​Панізнік.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Юльянавіч) (1830?, б. маёнтак, цяпер в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.10.1900),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў ін-т інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.​Каліноўскага. З чэрв. 1863 уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лют.—сак., чэрв.—жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Са жн. 1863 за мяжой, з 1866 у Англіі. У 1875 сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я г. некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Рас. імператарскага тэхн. т-ва.

Г.​В.​Кісялёў, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ МУЗЕ́Й.

Дзейнічаў у 1912—15 у Мінску. Створаны Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Размяшчаўся ў доме Е.​С.​Федаровіч (цяпер на яго месцы будынак Галоўпаштамта). Меў аддзелы: гіст., археал., этнагр., прыродазнаўчы, маст.-прамысловы. Экспанаваліся ўзоры глебы, мінералаў, чучалы звяроў і птушак, шкілеты дагіст. жывёл, стараж. прылады працы і манеты, узоры нар. ткацтва і інш. У спец. сховішчы зберагаліся старадрукі, карты, рукапісы, гравюры і інш. каштоўнасці. Музей наладжваў тэматычныя выстаўкі, складаў школьныя калекцыі, розныя дапаможнікі і інш. У сувязі з 1-й сусв. вайной спыніў публічную дзейнасць. У 1920 частка экспанатаў перададзена Мінскаму абл. музею.

Літ.:

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994. С. 275.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца чэрв. 1941 да вер. 1942 у Мірскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. Складалася з груп (97 чал.) у вёсках Беражное (кіраўнікі Р.​М.​Рускіх, Я.​І.​Крамко), Лядкі (А.​Ф.​Бянецкі), Пагарэлка (І.​М.​Мацко), Сіняўская Слабада (К.​У.​Балабановіч). Да сярэдзіны ліп. 1941 падпольшчыкі дапамагалі часцям Чырв. Арміі выходзіць з акружэння, у в. Антанёва і Быковічы арганізавалі шпіталі для цяжкапараненых. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, збіралі і вывучалі зброю. Вясной 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю. Да вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў лес і стварылі партыз. атрад «Камсамольскі», які пазней з інш. атрадамі стаў базай фарміравання аднайм. партыз. брыгады. За гады вайны загінула 29 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Мікалай Мікалаевіч) (8.8.1895, С.-Пецярбург — 26.3.1963),

рускі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1921). З 1921 уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Першая аповесць — «Ірвотны форт» (1922). Зборнікі нарысаў, апавяданняў, аповесцей «Камяні» (1922), «Бунт» (1923), «З алоўкам у руцэ» (1926), «Лірычная зямля» (1927) адметныя «арнаментальнасцю» стылю, пошукамі арыгінальнай формы. Уражанні ад паездкі па Еўропе ў зб. «Цяпер на Захадзе. Берлін — Рур — Лондан» (1924). Раман «Паўночная Аўрора» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) пра барацьбу з інтэрвентамі на Поўначы ў 1918—19. Аўтар раманаў «Злачынства Кірыка Рудэнкі» (1927), «Гэта пачалося ў Какандзе» (1939), аповесці «Пагаворым пра зоркі» (1934), п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў-успамінаў пра М.​Горкага, А.​Талстога і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1968;

Северная Аврора. М., 1986.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІС ((Osis) Яніс Аўгуставіч) (5.7.1895, Рыга — 3.11.1973),

латышскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Вучыўся ў Петраградскім ун-це. З 1916 удзельнічаў у спектаклях лат. петраградскага Новага т-ра, драм. калектыву латыш. стралковага палка. У 1919—71 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі ў Рызе (цяпер Латв. т-р драмы імя А.​Упіта). Творчасці ўласцівы глыбокае раскрыццё псіхалогіі персанажаў, сац. тыпізацыя: Левій, Мінтаўт («Іосіф і яго браты», «Індуліс і Арыя» Я.​Райніса), Гароза («Сын рыбака» В.​Лаціса), Ванаг («Зямля зялёная» А.​Упіта), Цэпліс («Цэпліс» П.​Розіціса), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага). Здымаўся ў кіно: «Вяртанне з перамогай» (1948), «Райніс» (1949), «Да новага берага» (1955), «Сын рыбака» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)