МЕ́ЛЕЖ (Іван Паўлавіч) (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦККП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел.к-та абароны Міру, чл.Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.
Тв.:
Збор тв.Т. 1—6. Мн., 1969—71;
Збор тв.Т. 1—10. Мн. 1979—85.
Літ.:
Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;
Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Яго ж. Літаратура, мы і час.Мн., 1979;
Яго ж. Собр. соч.Т. 4. Мю. 1983;
Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;
Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн. тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст. тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст. Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж.музейнар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),
1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.
2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч.аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.
У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст.рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец.сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст.н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).
На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус.археал.т-ва У.В.Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.П.Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял.Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец.навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.Ф.Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.
Літ.:
Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел.музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст.музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац.музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎ,
горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс.ж. (1998).
Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст.М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял.кн.ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял.кн.ВКЛСвідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн.Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс.ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв.арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач.Вял.Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс.чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.
Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл.Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл.Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл.Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл.Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл.Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл.Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач.Вял.Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.
Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал.нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл.Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн.Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед.ін-т; гл.Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн.пед. тэхнікум (гл.Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв.вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял.Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл.Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн.Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл.Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч.г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам.ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац.маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.
Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст.н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст.тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр.ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн.ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл.драм.т-ра сфарміравалася Тэатральная пл.Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.
У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.Трахтэнберг, М.Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.Брэгман і А.Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.Вараксін) і інш. Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах.ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.Глінка, М.Трыгубовіч, М.Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд.ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр.ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.Борахаў, Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.Кучарэнка, Ю.Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.Аляксеевы), у інш.ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.Астаповіч, Г.Бенядзіктаў, А.Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.Смальгоўскі, В.Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.Аляксеева), машынабуд. (В.Шаўчэнка, Кучарэнка, А.Юрын) і тэхналагічнага (Ю.Павалій, У.Начараў, С.Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.Бранцаў, С.Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.Свінарэнка), друку (арх. А.Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.Горб, М.Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.
У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.Гумілеўскі, арх. К.Аляксееў, А.Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.С.Пушкіну, М.Горкаму, Герою Сав. Саюза І.С.Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.В.Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.І.Гусакоўскага, мастакоў В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленікава і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл.Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ.«Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час.«Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед.час.«Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв.к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).
У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ.газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач.Вял.Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп.газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп.арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).
Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў.
Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».
Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.Дзяржавін. У М. спыняўся А.Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.Гогаль (1828) і Т.Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш.бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.І.Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.Кісель). У 1900 выйшаў зб.бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.Багушэвіча, В.І.Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.Багдановіча «Летапісец», нарысу М.Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.Колас, у лютым 1930 — Я.Калас, З.Бядуля, П.Броўка, М.Нікановіч, І.Цвікевіч. У студз. 1933 Я.Купала, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Лужанін, А.Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.Купала, Я.Колас, М.Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.Бурносаў, Э.Валасевіч, П.Пруднікаў (рабочымі), І.Баранкевіч, Ю.Лявонны, Г.Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.Гаўрук, Дз.Палітыка, Ю.Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.Агіевіч, М.Барсток, А.Бялевіч, Я.Васілёнак, М.Гарулёў, А.Дзеружынскі, Я.Курто, М.Ларчанка, Ю.Лявонны, В.Матэвушаў, І.Новікаў, Палітыка, П.Прыходзька, С.Фамін, Я.Шарахоўскі, П.Шасцерыкоў, М.Шумаў, У.Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач.Вял.Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.Суркоў і К.Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.Чыгрынаў, В.Зуёнак, П.Макаль, А.Пісьмянкоў, А.Мельнікаў, М.Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.Вазнясенскі, Р.Казакова, Р.Раждзественскі, Я.Хелемскі, І.Шклярэўскі, В.Быкаў, Р.Барадулін, А.Жук, Л.Прокша, І.Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.Пысін, Аношкін, А.Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.Аляксееў, Ю.Кузняцоў, Г.Пашкоў, П.Праскурын, В.Сарокін, К.Скварцоў. У М. нарадзіліся П.Кабзарэўскі, Р.Бярозкін, Валасевіч, І.Клаз, М.Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.Бугаёў, Г.Бубнаў, Луфераў, В.Ракаў, М.Янчанка, Шклярэўскі, М.Казакоў, Аношкін, С.Марчанка, В.Хаўратовіч, А.Палітыка, А.Салтук, Р.Яўсееў, Кандрусевіч, У.Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.Гаўрусёў, Л.Левановіч, С.Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.Макаёнак, І.Сіўцоў, М.Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.Дуктаў, Я.Клімуць, М.Лук’янаў, І.Пехцераў, В.Рагаўцоў і інш.
Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл.Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел.нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.Пархоменка, І.Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж.гіст.музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.Цеханоўскі, Р.Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш.Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.Гараўскага, бел.сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.Туроўскай, Г.Конавай, У.Кузьміча (усе 1984), В.Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.К.Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.В.Неўрава (1998), П.В.Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв.т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.Ш.Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа, М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав.т-р (1919), рус.драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.
Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.Р.Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст.муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ.Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.А.Моцарта і Л.Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.Ягеман (Ягноў), І.Крушэўскі, піяністка Л.Чачкова. Працавалі муз.-драм.т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.Туа), у пач. 20 ст. — Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вержбіловіч, І.Гофман, К.Грыгаровіч, Н.Фігнер, М.Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Фауст» Ш.Гуно, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Травіята» Дж.Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.Пеўзнер), лекцыі (Ю.Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..
Літ.:
Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;
Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл.Мн., 1986;
Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;
Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;
Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,
АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах.ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс.км². Нас. 27,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац.нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».
Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае 1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В.Зах. Эрг, В.Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-растудз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял.р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёмы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш.Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.
Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.
Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс.г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст.н.э.тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс.чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв.к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн.чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац.нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац.арг-цыя муджахідаў і інш.
Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд.дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн.т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд.м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сцьмінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн.кВт∙гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс.т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс.км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс.км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс.км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.
Узброеныя сілы Алжыра: нац.нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац.нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.
Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч.г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс.чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш.ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч.г. ў ВНУ каля 150 тыс.чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац.б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац.музей Алжыра, Нац.музей прыгожых мастацтваў, Нац.музей антычнасці, этнаграфічны, Музейнац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн.экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж.інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.
Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст.л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт.сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн.Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.А.Эмеры, Б.Зерфюс, Л.Мікель, П.Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.Бенанбур, М.Будзід, І.Самсом, М.Адан, М.Хада, Ш.Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.
Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв.зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз.навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац.ін-т музыкі.
Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж.маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац.т-р (з 1963 у г. Алжыр).
Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.А.Тульбі, М.Алуаш, М.Буамары, М.С.Рыяд, А.Рашдзі.
Літ.:
Алжир: (справ.). М., 1977;
Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;
Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.
Герб і сцяг Алжыра.Алжыр. У гарах Кабіліі.Да арт.Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.Горад Алжыр.Да арт.Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.Да арт.Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.Да арт.Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.