МАНКО́ВІЧ (Сцяпан Сцяпанавіч) (13.5. 1905, в. Беразіно Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.4.1978),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1929 на сав. і гасп. рабоце, з 1939 сакратар Бягомльскага райкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага, з сак. 1942 у партызанах, камісар атрада, у вер. 1942—снеж. 1943 — партыз. брыгады «Жалязняк», адначасова сакратар Бягомльскага падп. райкома КП(б)Б. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце. На радзіме перад школай пастаўлены бюст.

С.С.Манковіч.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ЦЮ́ДАР (Mary Tudor),

Марыя I (18.2.1516, Лондан — 17.11.1558), англійская каралева [1553—58], Дачка Генрыха VIII (гл. Генрых, англ. каралі) і Кацярыны Арагонскай. На прастоле пасля смерці Эдуарда VI. Аднавіла каталіцызм (1554), жорстка праследавала прыхільнікаў Рэфармацыі, шмат якія з іх былі пакараны смерцю (адсюль яе мянушка Марыя Крывавая). Зблізілася з папствам і каталіцкай Іспаніяй. З 1554 жонка наследніка ісп. прастола Філіпа (з 1556 кароль Філіп II). У саюзе з Іспаніяй вяла вайну супраць Францыі (1557—59), якая скончылася стратай Англіяй апошняга порта на кантыненце — Кале.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКАЯ (Ганна Іванаўна) (6.1. 1920, в. Курсевічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 11.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 у Чырв. Арміі. Трапіўшы ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі, сакратар Пастаўскай падп. камсам. арг-цыі. З 1942 у партызанах, з мая 1943 нам. камісара па камсам. рабоце партыз. атрада імя А.​Пархоменкі, потым чл. Пастаўскага падп. райкома ЛКСМБ, удзельнічала ў дыверсійных аперацыях. Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.

Г.І.Маслоўская.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Фёдаравіч) (2.10.1848, г. Омск, Расія — 15.11.1894),

расійскі ваен. гісторык. Праф. (1889). Ген.-маёр (1891). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1866), Акадэмію Генштаба (1873). З 1873 у войсках на штабных пасадах. З 1885 выкладчык, з 1890 нач. кафедры гісторыі рас. ваен. майстэрства Акадэміі Генштаба. Заснавальнік т.зв. рас. ваен.-гіст. школы, падкрэсліваў самабытнасць рас. ваен. майстэрства. Аўтар прац «Руская армія ў Сямігадовую вайну» (вып. 1—3, 1886—91), «Запіскі па гісторыі ваеннага майстэрства ў Расіі (1683—1794)» (вып. 1—2, 1891—94) і інш.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРУ́НЧЫК (Іосіф Васілевіч) (2.2.1903, в. Кайкава Мінскага р-на — 9.5.1945),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую школу лётчыкаў (1932), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу (1934). У Чырв. Арміі з 1925. Камандзір эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў капітан М. вызначыўся ў сав.-фінл. вайне 1939—40, зрабіў больш за 60 вылетаў на бамбардзіроўку ўмацаванняў, апорных пунктаў, скопішчаў войск праціўніка. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Волхаўскім, Ленінградскім, 2-м Укр., 1-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах. Загінуў у авіякатастрофе.

І.​В.​Матрунчык.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.​Я.​Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛЬСКІ (Сямён Пятровіч) (15.9.1896, в. Ківачына Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.5.1964),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929, 1934) і Генштаба (1948). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20 і сав.-фінл. 1930—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім, Волхаўскім, Карэльскім, 3-м Прыбалт. і 2-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба, нам. камандуючага арміяй і войскамі Волхаўскай аператыўнай групы, камандзір корпуса, камендант г. Гданьск. У 1946—55 на выкладчыцкай рабоце.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДЫ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 208 км ад Брэста, 11 км ад чыг. ст. Лясная. 864 ж., 365 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Памятны знак у гонар 125-годдзя Мілавідскай бітвы 1863. Помнікі архітэктуры — Мілавідская мемарыяльная капліца і паштовая станцыя (1843).

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «УДА́РНІК».

Засн ў 1927 у Мінску як ф-ка «Адраджэнне» па выпуску металавырабаў, дзіцячых цацак і інш. З 1930 вагавы з-д «Ударнік». У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1948—67 адноўлены на новай пляцоўцы. З 1975 у складзе Мінскага НВА «Дармаш», з 1991 — адкрытага акц. т-ва «Амкадор», з 1996 — прадпрыемства «Завод «Ударнік» ААТ «Амкадор». Асн. прадукцыя (1999): пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя, пагрузчыкі-экскаватары, пагрузчыкі бесперапыннага дзеяння (для снегу і сыпучых матэрыялаў), шнэкаротарныя снегаачышчальнікі, навясное абсталяванне рознага прызначэння і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—43 на тэр. Мотальскага с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Аб’ядноўвала больш за 60 чал. (кіраўнік І.​М.​Калілец). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі зброю і боепрыпасы, учынялі дыверсіі, у т. л. ў канцы жн. 1941 разграмілі Мотальскую гміну, у маі 1942 сарвалі вываз моладзі на работы ў Германію. Летам 1942 частка падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, удзельнічала ў стварэнні партыз. атрада. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 12 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)