ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.

Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУ Зах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч, А.​Я.​Красоўскі, Г.​М.​Савельева, В.​А.​Бадзяжына, У.​І.​Кулакоў і інш.

На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).

Літ.:

Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;

Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.​Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.​А.​Калавандзін, В.​А.​Сасіновіч.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЯ АПРАЦО́ЎКА СІГНА́ЛАЎ,

комплекс метадаў і сродкаў апрацоўкі інфармацыі, выяўленай у лічбавай форме. Грунтуецца на тэорыі дынамічных сістэм, таксама на логікавых і геам. уяўленнях і інш. Вызначаецца неабмежаваным павелічэннем дакладнасці вылічэнняў, пашырэннем набору арыфм. аперацый, спрашчэннем работы са сродкамі памяці і інш.

Асн. задачы Л.а.с.: выяўленне, фільтрацыя, рэканструкцыя, сцісканне, аналіз, ідэнтыфікацыя і распазнаванне лічбавых сігналаў, у т. л. відарысаў. Для іх рашэння карыстаюцца метадамі дыскрэтнай матэматыкі, тэорыі лікаў, груп, матрычнай і паліномнай алгебры. Любы сігнал з’яўляецца матэрыяльным носьбітам інфармацыі і характарызуе аб’ект, які вывучаецца, у фіз. (у выглядзе мех., эл., цеплавой ці інш. энергіі) або абстрактнай (матэм.) форме ў выглядзе ліку, графіка, функцыі, сімвала, кода і інш. Аналагавыя (неперарыўныя ў часе) сігналы незалежна ад іх прыроды папярэдне пераўтвараюцца ў дыскрэтныя сігналы (канечную паслядоўнасць лікаў з абмежаванай колькасцю разрадаў) і таму раздзяленне сігналаў на фіз. і матэм. становіцца ўмоўным. Для Л.а.с. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы перадачы, прыёму, захоўвання інфармацыі і сігналаў рознай фіз. прыроды. Развіццю тэорыі і метадаў Л.а.с. спрыяла шырокае ўкараненне лічбавых ЭВМ у практыку навук. і інжынерных даследаванняў.

На Беларусі даследаванні па пытаннях Л.а.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш.

Літ.:

Рабинер Л.Р., Голд Б. Теория и применение цифровой обработки сигналов: Пер. с англ. М., 1978;

Оппенгейм А.В., Шафер Р.В. Цифровая обработка сигналов: Пер. с англ. М., 1979;

Крот А.М., Минервина Е.Б. Быстрые алгоритмы и программы цифровой спектральной обработки сигналов и изображений. Мн., 1995.

А.​М.​Крот.

т. 9, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́РАВА ПРАСПЕ́КТ у Мінску.

Знаходзіцца ў цэнтр. частцы горада. Былая Паркавая магістраль, з 1980 сучасная назва. З 12 ст. на гэтым месцы было стараж. гарадзішча з Мінскім замкам, з 16 ст. побач размяшчалася Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова М.п. пачалася ў 1960-я г. Фарміруецца як састаўная ч. 2-га гар. дыяметра. Працягласць каля 9 км ад пуцеправода цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. З паўн.-ўсх. боку праспекта цячэ р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку М.п. будынак Дома мадэлей (1967, арх. С.​Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных 2-павярховым стылабатам, гасцініцы «Юбілейная» (1968, арх. Г.​Бенядзіктаў), «Планета», кінатэатр «Масква» (абодва 1980). У ансамблі забудовы гэтага ўчастка — скульпт. групы «Вясна», «Лета», «Восень» і «Зіма» (1982, скульпт. А.​Шатэрнік, Л.​Давідзенка, Ю.​Палякоў, В.​Занковіч). Вылучаюцца пабудовы: Мінскі завод халадзільнікаў (1968—75), Дом праектных арганізацый, Мінскі палац тэніса (абодва 1978), Дом прафесіянальных саюзаў (1982), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1988). На правым баку праспекта ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваны фундамент храма 12 ст., спарт. комплекс «Дынама» (1934), Мінскі палац спорту (1966), парк Перамогі (закладзены ў 1945), добраўпарадкоўваецца набярэжная (арх. С.​Баткоўскі, Ю.​Градаў, Л.​Левін). У 1983 на М.п. створаны жылы раён з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (арх. Н.​Шпігельман, В.​Крусь), у 1985 — арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», у 1987 у раёне вадасховішча Дразды пабудаваны гал. і спарт. карпусы Акадэміі фіз. выхавання і спорту (арх. У.​Афанасьеў, у сааўт.).

А.​А.​Воінаў.

Панарама Машэрава праспекта.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТЭРЛІНК ((Maeterlinck) Марыс) (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),

бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл. Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.​Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.​С.​Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.​Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.​Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.​Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1996, Пьесы. М., 1962;

Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.

Літ.:

Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.

Е.​А.​Лявонава.

М.​Метэрлінк.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Іван Пятровіч) (26.9.1849, г. Разань, Расія — 27.2.1936),

расійскі фізіёлаг, стваральнік вучэння пра вышэйшую нервовую дзейнасць. Акад. Пецярбургскай АН (1907, чл.-кар. 1901), акад. АН СССР (1925). Ганаровы чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875) і Медыка-хірург. акадэмію (1879). Працаваў у ёй і фізіял. лабараторыі пры клініцы С.​П.​Боткіна. З 1890 праф., заг. кафедры Ваенна-мед. акадэміі, адначасова з 1891 узначальваў аддзел Ін-та эксперым. медыцыны. З 1925 дырэктар Фізіял. ін-та АН СССР. Навук. працы па фізіялогіі кровазвароту і стрававання. Распрацаваў новыя метады эксперым. даследаванняў: хранічны дослед на жывёлах, дослед з уяўным кармленнем, аперацыю малога страўніка з захаваннем яго інервацыі і інш. Даследаваў нерв. механізмы рэгуляцыі крывянога ціску, даказаў наяўнасць асобнай нерв. рэгуляцыі дзейнасці сэрца, якая залежыць ад змены абмену рэчываў у сардэчнай мышцы. Стварыў вучэнне аб трафічнай функцыі нерв. сістэмы. У працах па фізіялогіі стрававання высветліў, што дзейнасць стрававальнага тракту рэгулюецца карой вял. паўшар’яў галаўнога мозга; у працах па вышэйшай нерв. дзейнасці метадам умоўных рэфлексаў даказаў, што ў аснове псіхічнай дзейнасці ляжаць фізіял. працэсы ў кары галаўнога мозга. Распрацаваў вучэнне пра другую сігнальную сістэму, адкрыў з’яву тармажэння ў кары галаўнога мозга, стварыў вучэнне пра сон, тыпы нерв. дзейнасці, ахоўнае тармажэнне і інш. Даследаванні П. па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці зрабілі вял. ўплыў на развіццё фізіялогіі, медыцыны, псіхалогіі, педагогікі. Нобелеўская прэмія 1904.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973.

Літ.:

Бабский Е.Б. И.​П.​Павлов. 2 изд. М., 1959.

І.П.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДАВО́ДСТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІП) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у пас. Самахвалавічы Мінскага р-на на базе галіновых аддзелаў і лабараторый БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва.

БелНДІП правапераемнік Бел. аддзялення Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (створана 10.10.1925 на базе саўгаса «Лошыца 1-я» Мінскага р-на пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава). У 1931 на базе Бел. аддзялення ў в. Лошыца 1-я засн. Бел. занальная плодаагароднінная доследная станцыя, рэарганізаваная ў 1956 разам з Русінавіцкай агароднінабульбаводчай селекцыйнай станцыяй у БелНДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1964 у пас. Самахвалавічы; у 1972—90 БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва).

Асн. кірункі навук. дзейнасці: селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, малапашыраных культур, вінаграду і іх прышчэпаў; збор і захаванне генет. рэсурсаў пладовых і ягадных культур; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытв-сці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад, тэхналогій вытв-сці пасадачнага матэрыялу на аздароўленай аснове; селекцыйнае паляпшэнне плем. і прадукц. якасцей пчол, удасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка навук. і эканам. прагнозаў і комплексных праграм развіцця садоўніцтва і пчалярства на Беларусі; праектаванне і закладка шматгадовых пасадак і інш. У выніку селекцыі ін-там выведзена больш за 150 сартоў пладовых і ягадных культур (44 з іх раянавана на Беларусі), распрацаваны новыя тэхналогіі і методыкі размнажэння, вырошчвання і агратэхнікі; створаны новыя віды кансерваў з лячэбна-прафілакт. ўласцівасцямі. Аспірантура і савет па абароне канд. дысертацый з 1991. Выдае навук. зб. «Пладаводства». У ін-це працавалі і працуюць: Г.А.Баўтута, А.Р.Валузнёў, А.С.Дзевятаў, д-ры с.-г. н. Р.Э.Лойка і В.А.Мацвееў, Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў.

А.​М.​Крыварот.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО ((Poe) Эдгар Алан) (19.1.1809, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 7.10.1949),

амерыканскі пісьменнік, крытык. Вучыўся ў Англіі (1815—20), Віргінскім ун-це (1826), ваен. акадэміі Уэст-Пойнт (1830—31). У 1835—46 рэдактар часопісаў і газет. У творчасці пераважаюць матывы прыгажосці, кахання, смерці, хуткаплыннасці ўсяго існага. Паэт. зб-кам «Тамерлан і іншыя вершы» (1827, выд. ананімна), «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (1829), «Вершы» (1831), «Крумкач і іншыя вершы» (1845) уласцівы сімволіка, сугестыўнасць, музыкальнасць, спалучэнне рамант. зместу і лагічнай формы. Стваральнік псіхалагічнай, ці «жахлівай» («Падзенне дома Ашэраў», «Чорны кот», «Вільям Вільсан»), дэтэктыўнай, ці «лагічнай» («Забойства на вуліцы Морг», «Таямніца Мары Ражэ», «Украдзенае пісьмо», «Залаты жук»), навукова-фантаст. («Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы», «Незвычайныя прыгоды нейкага Ганса Пфааля», «Гісторыя з паветраным шарам») навелы. Аўтар «Аповесці аб прыгодах Артура Гордана Піма» (1838), зб-каў прозы «Гратэскі і арабескі» (т. 1—2, 1840), «Апавяданні» (1845), філас. паэмы ў прозе «Эўрыка» (1848), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў і інш. Распрацаваў эстэт. праграму паэзіі («Філасофія творчасці», 1846; «Паэтычны прынцып», 1850), у якой падкрэсліваў значэнне эмацыянальна-псіхал. ўздзеяння твораў («татальны эфект»). Да творчасці П. звярталіся кампазітары К.​Дэбюсі, М.​Равель, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Ю.​Бушлякоў, С.​Шупа, У.​Шчасны (проза), А.​Мінкін, В.​Савіч, А.​Хадановіч (лірыка).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1993;

Избранное: Стихотворения. Проза. Эссе. М., 1984;

Рассказы. Мн., 1997;

Лирика. Мн., 1999.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Эдгар Аллан По: Новеллист и поэт. Л., 1984;

Аллен Г. Эдгар По: Пер. с англ. 2 изд. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

Э.По.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.7.1916, г. Атэртан, Аўстралія),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1960). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1972) і АН інш. краін. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1986). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). У 1939-41 і 1944—82 у Фіз. ін-це АН СССР (з 1968 нам. дырэктара). Адначасова з 1954 праф. Маскоўскага ун-та, з 1973 заг. кафедры Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та, у 1973—92 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі Рас. АН, у 1982—98 дырэктар Ін-та агульнай фізікі Рас. АН (з 1998 ганаровы дырэктар). З 1969 старшыня Навукова-рэд. савета выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя»; у 1969—78 гал. рэдактар 3-га выд. Вял. Сав. Энцыклапедыі. Навук. працы па тэорыі нелінейных ваганняў, фізіцы сінхратроннага выпрамянення, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела і магн. з’яў, радыёфізіцы, нелінейнай і валаконнай оптыцы, лазернай фізіцы і тэхніцы, дастасаваннях лазераў у прам-сці, медыцыне, сувязі і інш. Разам з М.Г.Басавым стварыў першы квантавы генератар — мазер (1954), прапанаваў метад стварэння асяроддзяў з адмоўным паглынаннем (1955), які выкарыстаны ў першым лазеры. Прапанаваў адкрыты рэзанатар для субміліметровых хваль (1958). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Ч.Таўнсам). Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1980. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1988).

Тв.:

Методы изготовления астрономической оптики. М., 1980 (разам з Э.​А.​Вітрычэнкам, Я.​В.​Трушыным);

Научные основы прогрессивной технологии. М., 1982 (у сааўт.);

Квантовая электроника. М., 1996.

Літ.:

А.​М.​Прохоров. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

Аляксандр Міхайлавіч Прохараў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),

рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл. рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.

Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л. рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш. ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—11. М.; Л., 1950—83;

Сб. ст. и материалов. Т. 1—9. М.; Л., 1940—91;

Избр. произв. Л., 1990;

О воспитании и образовании. М., 1991.

Літ.:

Меншуткин Б.Н. Жизнеописание М.В. Ломоносова. 3 изд. М.; Л., 1947;

Кузнецов Б.Г. Творческий путь Ломоносова. 2 изд. М., 1961;

Павлова Г.Е., Федоров А.С. М.В. Ломоносов, 1711—1765. М., 1988;

Куликовский П.Г. М.В. Ломоносов — астроном и астрофизик. 3 изд. М., 1986;

М.В. Ломоносов и науки о Земле. М., 1986;

Безбородов М.Л. М.В. Ломоносов — основоположник научного стеклоделия. М., 1956;

Западов АВ. Отец русской поэзии: О творчестве Ломоносова. М., 1961;

Ломоносов и русская литература. М., 1987;Некрасова Е.А. Ломоносов — художник. М., 1988.

С.​Ф.​Кузьміна, А.​П.​Чарнякова.

М.В.Ламаносаў.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)