ПАХО́Д,

1) сукупнасць дзеянняў арміі (флоту), якія ўключаюць перамяшчэнне войск (караблёў) на вял. адлегласці, уварванне на тэр. праціўніка, вядзенне баёў і бітваў. У мінулым П. складаў пэўны этап вайны (кампаніі) або вайну ў цэлым. У гісторыі войнаў П. вядомы са старажытнасці. іх учынялі Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, кіеўскія князі, Алег, Ігар, Святаслаў Ігаравіч, князі ВКЛ Альгерд і Вітаўт (гл. Паходы Альгерда на Маскву 1368—72, Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404), рас. палкаводзец А.​В.​Сувораў (гл. Швейцарскі паход Суворава 1799). З шэрагу П. складаліся Напалеонаўскія войны і інш., а таксама паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь. Вядомы марскія П., у т. л. славян у Візантыю, нарманаў у 8—11 ст. і інш. У наш час тэрмін «П.» захаваўся толькі ў ВМФ, дзе яны бываюць вучэбныя (штурманскія, збор-паходы і інш.) і баявыя.

2) У старой рас. арміі II. — асобы барабанны бой (марш), як ушанаванне выдатных ваен. дзеянняў. У кожным гв. палку, які вызначыўся ў баях, быў свой «гвардзейскі П.».

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНАСЦЬ у фізіялогіі,

здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрцасукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЗЕ́ННЕ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.

Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл. Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст. найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл. Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́ТЫ СПАЖЫВА́ННЯ,

сукупнасць матэрыяльных даброт і паслуг, якія выкарыстоўваюцца ў сферы невытворчага, звычайна асабістага, спажывання. Групуюцца па відах: прадукты харчавання, адзенне і абутак, мэбля і гасп. рэчы, прадметы культуры і спорту, друкаваныя выданні і інш. Адрозніваюць прадметы працяглага карыстання (тэлевізары, дамашнія халадзільнікі, аўтамашыны, кнігі і інш.) і прадметы кароткатэрміновага карыстання (прадукты харчавання, некаторыя віды адзення, абутку і інш.). Састаўная частка П.с. — паслугі (камунальныя, бытавыя і інш.), якія прадастаўляюцца членам грамадства і задавальняюць іх патрэбы. Па меры развіцця грамадскай вытв-сці і змены спажывецкага попыту змяняецца склад П.с., а таксама іх якасць. Аб’ём П.с. ацэньваецца ў натуральным і вартасным выражэнні, што мае важнае значэнне пры аналізе змены агульнага аб’ёму спажывання матэрыяльных даброт насельніцтвам, яго грамадскімі групамі, сем’ямі ў залежнасці ад іх памеру, узроўню даходаў і інш. Матэрыяльныя даброты і паслугі, якія спажываюцца насельніцтвам, утвараюць фонд асабістага спажывання, аб’ём і структура якога вызначаюцца існуючым аб’ёмам П.с. і наяўнасцю ў насельніцтва сродкаў для ІХ набыцця.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),

відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.

Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз. прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.

А.​А.​Гусак.

Цэнтральная праекцыя.
Паралельная праекцыя.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.

т. 13, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кампа́нія 1, ‑і, ж.

1. Група асоб, звычайна блізка знаёмых, якія разам праводзяць вольны час. Усёй кампаніяй хлопцы і дзяўчаты рушылі на Румавую вуліцу і выйшлі на бераг Нёмана. С. Александровіч. Да зімы кампанія наша спакваля разбрылася па свеце: хто пайшоў на фронт, хто на вучобу, каго перавялі ў іншы раён. Брыль.

2. Капіталістычнае прамысловае або гандлёвае таварыства, якое аб’ядноўвае прадпрыемцаў. Акцыянерная кампанія. Параходная кампанія. Чыгуначная кампанія. // У назве такога таварыства — абазначэнне яго членаў (на пісьме скарочана К°), якое далучаецца да прозвішча афіцыйнага кіраўніка.

•••

За кампанію — разам з другімі, толькі таму, што тое самае робяць іншыя.

Не кампанія каму хто — не падыходзіць каму‑н. як сябра, прыяцель.

Цёплая кампанія — цесна звязаная група людзей, што сумесна праводзяць час за якім‑н. непахвальным заняткам.

кампа́нія 2, ‑і, ж.

1. Сукупнасць ваенных аперацый, аб’яднаных агульнай стратэгічнай мэтай; ваенны паход. Крымская кампанія. Японская кампанія.

2. Перыяд знаходжання карабля ў плаванні. Летняя марская кампанія.

3. Сукупнасць мерапрыемстваў для ажыццяўлення якой‑н. важнай грамадска-палітычнай або гаспадарчай задачы. Выбарчая кампанія. Страхавая кампанія. Пасяўная кампанія. Разгарнуць кампанію.

[Фр. campagne.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Усё існае на зямлі, не створанае дзейнасцю чалавека; увесь свет у разнастайнасці яго форм. Законы прыроды. Пераўтварэнне прыроды. З’явы прыроды. □ Нейкі няўлоўны подых блізкай восені ўжо адчуваўся ў прыродзе. С. Александровіч. Бацька працаваў прарабам па лесасплаву і лесанарыхтоўках і навучыў мяне любіць прыроду. Агняцвет. // Сукупнасць асаблівасцей якой‑н. мясцовасці (рэльеф, раслінны і жывёльны свет, кліматычныя ўмовы і пад.). Сібірская прырода. Паўднёвая прырода. □ [Алена] зразумела яго захапленне дзівоснай прыродай Урала. Шамякін. // Разм. Мясцовасць па-за горадам. Выехаць на прыроду.

2. Сукупнасць, асноўныя якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. Прырода атама. Чалавечая прырода. Прырода сацыялістычнага ладу. □ Ужо такая і ёсць прырода ў савецкай машыны, што любіць гэта машына прастор. Брыль. // Паходжанне. Прырода маланкі. Вірусная прырода захворвання.

•••

Ад прыроды, з прыроды — ад нараджэння, з пачатку існавання. Ад прыроды слабахарактарны, ..[Юрка] толькі пазіраў на Ніну і паціскаў у недаўменні плячамі. Ермаловіч. З прыроды Не дадзена яму [жуку] адчуць у мёдзе смак, Таму ён і не хваліць мёду. Корбан.

Гульня прыроды гл. гульня.

Мёртвая прырода — неарганічны свет (не жывёльны і не раслінны).

На лоне прыроды гл. лона.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аргумента́цыя

(лац. argumentatio)

1) прывядзенне доказаў, аргументаў (напр. палажэнне патрабуе аргументацыі);

2) сукупнасць аргументаў на карысць чаго-н. (напр. лагічная а.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ко́мплекс

(лац. complexus = сувязь, ахоп)

сукупнасць паняццяў, з’яў,.прадметаў, дзеянняў, якая ўспрымаецца як адно цэлае (напр. архітэктурны к., к. гімнастычных практыкаванняў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)